БАК карабельны,

на суднах грамадзянскага флоту насавая надбудова, прызначаная для засцярогі верхняй палубы ад залівання сустрэчнай хваляй, павышэння непатапляльнасці (закрыты бак) і размяшчэння службовых памяшканняў. На палубе бака размяшчаюцца таксама якарныя і швартовыя прыстасаванні. Утоплены ў корпус судна бак (звычайна на палову вышыні) наз. паўбакам. На ваен. караблях бак — насавая частка верхняй (асн.) палубы ад фарштэўня да пярэдняй мачты (фок-мачты) або насавой надбудовы (хадавога мосціка), на якой размяшчаюцца насавая артылерыя, ракетныя ўстаноўкі, а таксама якарныя, буксірныя, швартовыя прыстасаванні.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ДЗЕНЬ СТУДЭ́НТАЎ,

дзень міжнар. салідарнасці студэнцтва. Устаноўлены ў 1941 у Лондане на міжнар. сустрэчы студэнтаў краін, якія змагаліся з фашызмам. Адзначаецца штогод 17 лістапада. Дата ўзята ў памяць студэнтаў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення: 17.11.1939 многія кіраўнікі Саюза студэнтаў Чэхаславакіі былі арыштаваны ням.-фаш. акупац. ўладамі і расстраляны, больш за тысячу студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ адпраўлены ў канцлагер, многія ВНУ закрыты. Упершыню адзначаны ў 1941. Правядзенню М.д.с. папярэднічае тыдзень барацьбы за мір і дружбу (10—17 лістапада).

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЛАН (Lolland),

востраў у Балтыйскім м., у паўд. ч. архіпелага Дацкіх а-воў. Тэр. Даніі. Пл. 1,2 тыс. км². Складзены з вапнякоў і глін. Пераважае марэнная раўніна, у цэнтры і на ПнЗ узгоркі (выш. да 25 м), месцамі ўкрытыя лясамі з буку і дубу. Большая ч. пад ворывам. Шырокія мелкаводдзі каля берагоў асушаны, закрыты ад мора дамбамі. Л. злучаны чыгуначным мостам з в-вам Фальстэр, паромныя зносіны з мацерыком (з Германіяй, праз праліў Фемарн-Бельт). Гал. горад і порт — Накскаў.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн. літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДАЎСКІ МАНАСТЫ́Р ДАБРАВЕ́ШЧАННЯ Існаваў у 1730-я г. — 1918 у в. Ляды

(цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). Засн. каля 1730 як уніяцкі манастыр ордэна базыльян мечнікам ВКЛ І.​Завішам. У 1792—94 пабудавана мураваная царква Дабравешчання, у 1811—50 — жылы корпус. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1818—159 вучняў),

шпіталь. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр пераўтвораны ў праваслаўны. У 1918 закрыты, царква і інш. будынкі захаваліся. Помнік архітэктуры рэсп. значэння.

А.​А.​Ярашэвіч.

Лядаўскі манастыр Дабравешчання. Агульны выгляд царквы.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

макрасям’я моў, што аб’ядноўвае цюркскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, а таксама ізаляваныя карэйскую і японскую мовы (гл. адпаведныя арт.). Збліжаюцца агульнасцю рысаў: фанетычных (заканамернасць палатальнага і лабіяльнага сінгарманізму зычных і галосных, асіміляцыі зычных; корань 1-складовы, 3-гукавы, найчасцей утварае закрыты склад), марфалагічных (словаўтварэнне і словазмяненне з дапамогай аглюцінатыўных афіксаў, адсутнасць роду, наяўнасць катэгорыі прыналежнасці) і сінтаксічных (паясняльныя словы ў сказе абавязкова стаяць перад паяснёнымі, слабае развіццё складаназалежных сказаў). Найб. сувязь алтайскай мовы у лексіцы, што тлумачыцца іх генетычнай блізкасцю.

Літ.:

Баскаков Н.А. Алтайская семья языков и её изучение. М., 1981.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя Янкі Купалы.

Існаваў у 1936—55 у Оршы. Імя Я.​Купалы прысвоена ў 1941. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў для 7-гадовых і сярэдніх агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні: фіз.-матэм., гіст. (да 1951), бел. і рус. мовы і л-ры, з 1944 падрыхтоўчае і завочнае. Працавалі кафедры: бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, педагогікі і псіхалогіі, фізікі і матэматыкі, марксізму-ленінізму. У Айч. вайну знішчаны навуч. корпус, інтэрнат, абсталяванне, бібліятэка. Аднавіў работу ў 1944. Закрыты ў сувязі з узбуйненнем пед. ВНУ.

т. 1, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕРАМІ́Н»,

адкрытае акцыянернае т-ва (ААТ) па вытворчасці буд. матэрыялаў. Утворана 3.6.1994 на базе вытв. аб’яднання «Мінскбудматэрыялы», якое дзейнічае з 1975 як шматгаліновае прадпрыемства. У яго ўвайшлі камбінат буд. матэрыялаў (галаўное прадпрыемства) і заводы: керамічны (дзейнічаў з 1902 як арцель па вытв-сці глінянай цэглы), мінералаватных вырабаў, «Будфарфор» (усе ў Мінску), а таксама кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (з 1995 горны цэх, г.п. Радашковічы) і цагельны завод «Студзёнка» (закрыты ў 1981). Асн. прадукцыя (1998): цэгла, плітка для ўнутр. абліцоўкі сцен, для падлогі, чарапіца, мінералаватныя будаўнічыя маты, сан.-тэхн. абсталяванне, наборы кафлі для печаў і камінаў, арх. кераміка і інш.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ЖАНО́ЧЫЯ ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ У Мінску існавалі 3 такія вучылішчы. 1-е і 2-е пераўтвораны ў 1906 з 3-класных, 3-е — у 1909 з 2-класнага прыходскага вучылішча з рукадзельным аддзяленнем. Утрымліваліся за кошт казны і дапамогі земства. Вучэбная праграма была набліжана да курса мужчынскіх настаўніцкіх семінарый. Пры 1-м вучылішчы дзейнічалі нядзельныя жаночыя курсы пад наглядам Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета; пры 3-м вучылішчы ў 1914 працавала жаночая нядзельная школа Мінскага аддз. Рас. т-ва аховы жанчын. 1-е і 2-е вучылішчы закрыты ў 1916. 3-е — у 1918.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ Дзейнічаў у 1667—93 (з перапынкамі) у в. Новая Мыш (цяпер у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. навагрудскім кашталянам, чл. мальтыйскага ордэна М.​У.​Юдзіцкім, які завяшчаў свае маёнткі Баранавічы, Дамашэвічы, Старая Мыш, Сухарэльшчына і Цешаўля калегіуму. Аднак 2 інш. члены мальтыйскага ордэна М.​Сяняўскі і Е.​Любамірскі распачалі судовы працэс з мэтай скасаваць калегіум і вярнуць маёнткі свайму ордэну. У выніку судовай спрэчкі калегіум працаваў толькі ў 1667—78, 1679—83, 1688 і 1692—93, а пасля канчаткова закрыты. Свайго касцёла езуіты не мелі і выкарыстоўвалі мясц. парафіяльны касцёл. Будынкі калегіума не захаваліся.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)