Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГА ЗАКО́НЫ,
кодэкс феад. права Грузіі, складзены ў 1705—08 пад кіраўніцтвам цара Картлі Вахтанга VI. Складаюцца з вытрымак з Бібліі, візант., арм. і груз. законаў і ўласна Улажэння Вахтанга VI. Вахтанга законы юрыдычна аформілі прыгоннае права; фактычна дзейнічалі па ўсёй Грузіі, а некаторыя законы — і пасля далучэння Грузіі да Расіі (пач. 19 ст).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,
тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш.Гл. таксама Нябесная механіка.