ЗЕ́МСКІ ЎЧАСТКО́ВЫ НАЧА́ЛЬНІК,

адм.-судовая службовая асоба ў рас. вёсцы ў 1889—1917. Паводле закону ад 12.7.1889, які пашыраўся на рус. і часткова на ўкр. губерні, З.ў.н. вылучаўся з патомных дваран, што мелі нерухомую ўласнасць. Паводле закону ад 12.6.1900 пасада ўведзена таксама ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай, з 1904 — у Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях. У руках З.ў.н. была сканцэнтравана адм. ўлада над органамі сял. грамадскага кіравання, пазней да яго перайшлі і функцыі міравых суддзяў; саслоўныя ж правы сялян былі яшчэ больш абмежаваны, адм.-паліцэйскае самавольства і прыгнёт над імі ўзмацніліся.

В.​П.​Панюціч.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́ЦЫІ (ад лац. institutio настаўленне),

назва элементарных падручнікаў права ў Стараж. Рыме, якія сістэматычна выкладалі асн. пачаткі юрыспрудэнцыі. Як і дыгесты, мелі сілу закону. І. — адна з частак кадыфікацыі Юстыніяна.

т. 7, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЛЕ́ДНІКІ, спадчыннікі, спадкаемцы,

асобы, якія атрымалі спадчыну або маюць права на яе атрыманне. Адрозніваюць Н. па законе і па завяшчанні. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Н. паводле закону (Н. 1-й чаргі) з’яўляюцца: у роўных долях дзеці (у т. л. ўсыноўленыя), муж (жонка) і бацькі (усынавіцелі) памерлага, унукі і праўнукі (калі на час адкрыцця спадчыны няма ў жывых таго з іх бацькоў, які быў бы Н.), родныя браты і сёстры, дзяды і бабкі (Н. 2-й чаргі); родныя дзядзькі і цёткі, пляменнікі і пляменніцы, стрыечныя браты і сёстры (Н. 3-й чаргі); прадзеды і прабабкі, усе інш. сваякі да пятай ступені роднасці ўключна (Н. 4-й чаргі). Кожны грамадзянін можа пакінуць па завяшчанні сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць або не ўваходзяць у кола Н. паводле закону, а таксама дзяржаве ці асобным арг-цыям. Завяшчальнік можа ў завяшчанні пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх Н. паводле закону, за выключэннем непаўналетніх або непрацаздольных дзяцей, бацькоў і ўтрыманцаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАЛАГІ́ЧНЫХ РАДО́Ў ЗАКО́Н зменлівасці,

паралелізм у спадчыннай зменлівасці роднасных груп арганізмаў. Сфармуляваны М.І.Вавілавым (1920) на падставе вывучэння зменлівасці прыкмет у відаў і родаў злакаў і інш. сямействаў культ. раслін сусв. генафонду. Паводле гомалагічных радоў закону, чым бліжэй па паходжанні віды паміж сабой, тым большае падабенства (гамалогія) у зменлівасці іх прыкмет. Гэтыя заканамернасці даюць магчымасць прадказаць існаванне ў прыродзе адпаведных формаў ці прадбачыць магчымасць атрымліваць іх штучна. Выкарыстоўваючы гомалагічных радоў закон, Вавілаў выявіў цэнтры паходжання культ. раслін, дзе сканцэнтравана найб. разнастайнасць спадчынных формаў. Прыкладам практычнага выкарыстання гомалагічных радоў закону ў селекцыі з’яўляецца стварэнне аднанасенных сартоў цукр. буракоў. Гомалагічных радоў закон пацверджаны ў мікраарганізмах і жывёлах, у якіх вызначаны паралелізм зменлівасці марфал. і біяхім. прыкмет.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ПАЛІТЫ́ЧНЫ,

аб’яднанне, якое ствараецца для дасягнення агульных паліт. мэтаў. Можа быць пагадненнем аб сумесных дзеяннях паміж паліт. партыямі, грамадскімі арг-цыямі (напр., у час выбараў), дзяржавамі. У парламентах парт. фракцыі складаюць блокі для падтрымкі ці адхілення якога-н. закону.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

фізічная велічыня, якая характарызуе супраціўленне ланцуга (яго ўчастка) пастаяннаму току; былая назва гранічнага значэння актыўнага супраціўлення (гл. Электрычнае супраціўленне). Абумоўлена неабарачальным пераўтварэннем эл. энергіі ў інш. формы (пераважна ў цеплавую); пацвярджае выкананне Ома закону для дадзенага ўчастка ланцуга.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКЛЮ́ЧНЫ ЗАКО́Н СУ́ПРАЦЬ САЦЫЯЛІ́СТАЎ, «Закон супраць шкодных і небяспечных памкненняў сацыял-дэмакратыі»,

антыдэмакратычны заканад. акт, накіраваны супраць сацыяліст. і рабочага руху ў Германіі ў 1878—90. Ініцыіраваны рэйхсканцлерам О.Бісмаркам. Прыняты рэйхстагам і набыў сілу ў кастр. 1878 (тэрмін дзеяння 2,5 года; прадоўжаны ў 1881, 1884, 1886 і 1888). Паводле закону забараняліся с.-д. і распускаліся многія рабочыя арг-цыі, закрываліся рабочыя газеты і часопісы, канфіскоўвалася сацыяліст. л-ра і інш. За гады яго дзеяння распушчана 350 рабочых арг-цый, арыштавана 1500 і выслана 900 чал. Жорсткая рабочая палітыка Бісмарка выклікала новыя хвалі выступленняў працоўных і рост сярод іх папулярнасці с.-д. партыі. Пасля адстаўкі Бісмарка (1890) тэрмін дзеяння закону не быў прадоўжаны і ён страціў сілу.

т. 4, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ РУХАВІ́К (лац. perpetuum mobile літар. бесперапынны рух),

1) вечны рухавік 1-га роду — уяўная машына, якая, аднойчы прыведзеная ў рух, выконвала б работу неабмежавана доўгі час, не атрымліваючы энергіі з навакольнага асяроддзя. Спробы стварыць вечны рухавік рабіліся з 13 ст. Адмоўныя вынікі гэтых намаганняў стымулявалі адкрыццё і ўсталяванне закону захавання і ператварэння энергіі, адна з фармулёвак якога сцвярджае немагчымасць стварэння вечнага рухавіка 1-га роду (гл. Першы закон тэрмадынамікі).

2) вечны рухавік 2-га роду — уяўная машына, якая б цалкам ператварала ў работу ўсю цеплыню, атрыманую з навакольнага асяроддзя, г. зн. мела б каэфіцыент карыснага дзеяння, роўны 100%. Існаванне такога вечнага рухавіка фармальна не супярэчыць закону захавання і ператварэння энергіі, аднак стварэнне яго забаронена другім законам тэрмадынамікі, з якога вынікае немагчымасць самаадвольнай перадачы цеплыні ад халоднага цела да нагрэтага.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЕГАВА́НАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

выдадзеныя кіраўніком дзяржавы, урадам, іншымі дзярж. органамі па ўпаўнаважанні парламента нарматыўныя акты, якія маюць сілу закону ў парадку ўступкі (дэлегавання) парламентам заканад. паўнамоцтваў. Гэта звязана з ускладненнем кіраўніцкіх задач і неабходнасцю іх вырашэння на прафес. узроўні. Д.з. выкарыстоўваецца ў некат. развітых краінах свету, напр., Італія, Францыя, ФРГ і інш. У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца Прэзідэнтам краіны ў форме дэкрэтаў. Дэлегаванне заканад. паўнамоцтваў ажыццяўляецца на аснове Закону або палажэнняў Канстытуцыі, якія вызначаюць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў. Існуе абмежаванне дэлегаваных паўнамоцтваў па пытаннях, якія адносяцца выключна да кампетэнцыі парламента. Формай Д.з. з’яўляецца таксама выданне парламентам т.зв. «рамачных законаў», у межах якіх выканаўчая ўлада можа ажыццяўляць праватворчасць. У шырокім сэнсе пад Д.з. разумеецца таксама перадача мясц. Саветамі дэпутатаў паводле дагавору некат. сваіх паўнамоцтваў органам тэр. грамадскага самакіравання.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 6, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЕНО́ПУЛ ((Armenopulos) Канстанцін) (1310 — 80 ці 1383),

візантыйскі юрыст, складальнік практычнага дапаможніка па рымскім праве «Настаўленне да законаў, або Шасцікніжжа» (5 кніг пра розныя пытанні цывільнага права і адна пра злачынствы і пакаранні). Некаторыя палажэнні «Шасцікніжжа» мелі сілу закону (у Грэцыі) або былі крыніцай мясцовага права (у Бесарабіі).

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)