ПАДСТАРО́СТА,

намеснік старосты ў ВКЛ у 16—18 ст., прызначаўся асабіста старостам. Часта спалучаў сваю пасаду з пасадай гараднічага ці стольніка. Фактычны кіраўнік замкавага суда. У час паспалітага рушэння павінен быў заставацца ў замку (як і войскі), яму падпарадкоўваліся ўсе жыхары замка. У гэты час П. належала таксама ўся суд. ўлада ў горадзе.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАШЧА́НЕ, валашане,

сяляне, жыхары пэўнай воласці. У сярэднявеччы на Беларусі — сяляне-абшчыннікі пэўнай акругі з цэнтрам у пагосце (пастаялым двары) ці воласці (княжацкі ўдзел або дзярж. землі, што былі ў прыватным уладанні). У 14—16 ст. тэрмін «валашчане» ўжываўся для вызначэння насельніцтва воласці (у процілегласць гарадскому — мяшчанам). У 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. валашчане — сельскае насельніцтва адм.-тэр. адзінак — валасцей.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАНІ́ЗМ (ад грэч. lakōnismos),

гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПО́ДЫ [ад анты... + грэч. pus (podos) нага],

1) жыхары дыяметральна процілеглых пунктаў на паверхні зямнога шара. У пераносным сэнсе — людзі з процілеглымі поглядамі, густамі або рысамі характару.

2) Антыподы ў біялогіі — клеткі, размешчаныя ў процілеглым яйцаваму апарату (яйцаклеткі і сінергіды) краі зародкавага мяшка пакрытанасенных раслін. Колькасць іх ад 1 да 300 (часцей 3). Нярэдка антыподы моцна разрастаюцца і садзейнічаюць перадачы пажыўных рэчываў з тканак семязавязі зародку.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБЕ́РНА (ад лац. hibernus зімовы),

1) у Стараж. Рыме зімовыя кватэры войска.

2) У Рэчы Паспалітай павіннасць зімовага ўтрымання войска і забеспячэння яго харчам, якую неслі жыхары дзярж. і царк. уладанняў (шляхецкія маёнткі былі вольныя ад яе). У 1649—52 заменена на аднайм. штогадовы падатак, скасаваны на сейме ў 1775. Вызначалася сеймамі ў памерах патрэбы, у ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. дасягала 0,5 млн. злотых. З гіберны рабіліся выплаты гетманам, пісарам польным і інш. вайск. службоўцам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМЕРЫ́К (грэч. Kimmerikon),

старажытны горад на паўд. узбярэжжы Керчанскага п-ва на зах. схіле гары Опук. Існаваў з 5 ст. да н.э. Росквіт адносіцца да мяжы нашага часу. У 3 ст. горад разбураны, у 4—5 ст. жыццё аднавілася на частцы гар. тэрыторыі. Раскопкамі 1927, 1947—49, 1950—51 выяўлены абарончыя сцены таўшчынёй 2,5 м, жылыя дамы 1—3 ст., складзеныя з вапняку, збожжавыя ямы, цыстэрны для вады. Знойдзены каменныя ступы, зерняцёркі, амфары са збожжам і інш. Жыхары займаліся земляробствам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, гандлем.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э.г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст. н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЫКА (Attikē),

Старажытная, вобласць у сярэдняй Грэцыі. Першыя жыхары прыйшлі ў Атыку каля 1900 да нашай эры. Займаліся земляробствам, вырошчвалі вінаград і аліўкі, на горных пашах гадавалі авечак і козаў. Значныя запасы жалеза, серабра, мармуру, солі, гліны спрыялі развіццю рамёстваў. Геагр. размяшчэнне на ўзбярэжжы мора, зручныя гавані, патрэба прывозіць збожжа садзейнічалі развіццю марскога гандлю, засяленню берагавой паласы. Да 5 ст. да нашай эры Атыка ператварылася ў самую развітую вобласць Грэцыі (гл. Афіны Старажытныя). У сучаснай Грэцыі Атыка — адм.-тэр. адзінка (ном) з цэнтрам у Афінах.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),

ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў для ваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)