МАРЫ́НЯК ((Maryniakowa) Ірэна) (н. 31.5.1931, Цехановец, Падляскае ваяв., Польшча),

польскі мовазнавец. Д-р гуманіт. н. (1974), д-р гуманіт. н. у галіне слав. мовазнаўства (1991), праф. (1998). Скончыла Варшаўскі ун-т (1956). З 1953 працавала ў Польска-сав. ін-це ў Варшаве. З 1957 у Ін-це славістыкі Польск. АН (з 1992 заг. аддзела бел. мовы). Даследуе лексікаграфію, грамат. сістэму мовы, дыялекталогію польскаўсходнеслав. пагранічча. Сааўтар «Вялікага руска-польскага слоўніка» (т. 1—2, 1970; 3-е выд. 1986—87), лексічнага «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 5—7, 1995—99), працы «Тэксты польскіх гаворак з рэгіёна даўніх паўночна-ўсходніх крэсаў» (1996) і інш. Вывучала мову і побыт старавераў, якія жывуць на тэр. Польшчы («Слоўнік гаворкі старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1980, з І.​Грэк-Пабіс; «Сінтаксічныя функцыі інфінітыва ў пскоўскай гаворцы і ў гаворцы расіян-старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1982, і інш.).

А.​С.​Аксамітаў.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАВАБРУ́ХІ, кардулегастры (Cordulegasteridae),

сямейства насякомых атр. стракоз. 2 роды, 19 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. Жывуць булавабрухі ў зацененых месцах, каля берагоў рэк і ручаёў. На Беларусі зрэдку трапляецца булавабрух кольчаты, або вял. кольчатая страказа (Cordulegaster annulatus), занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. брушка булавабруха кольчатага 54—64 мм, задніх крылаў 41—47 мм. Буйныя чорныя стракозы з ярка-жоўтымі палосамі на грудзях і кольцамі на брушку. Крылы празрыстыя, трохвугольнікі на іх выцягнуты ўздоўж. Яйцы адкладваюць у вільготную глебу. Лічынкі жывуць у праточных водах.

Самец булавабруха кольчатага.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАКРЫ́ЛЫЯ (Megaloptera),

атрад насякомых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Жывуць каля вады, на прыбярэжнай расліннасці, лічынкі ў вадзе. На Беларусі найб. вядомая віслакрылка звычайная (Sialis lutaria).

Маларухомыя насякомыя цёмнага колеру. Маюць 2 пары аднатыпных перапончатых шырокіх крылаў (размах 2—4 см), якія ў спакоі стрэхападобна прыкрываюць брушка. Вусікі шчацінкападобныя, шматчленікавыя, вочы фасетачныя, буйныя. Вылет дарослых насякомых вясной або ў пач. лета. Яйцы адкладваюць на лісце водных раслін. Лічынкі жывуць у вадзе 2 гады, кормяцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, акукліваюцца ў глебе; пажыва для рыб.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́БЫ,

група індзейскіх плямён Паўд. Амерыкі (макушы, арэкуна, ваі-ваі і інш.), якія гавораць на мовах карыбскай моўнай сям’і і маюць агульнае паходжанне. Жывуць пераважна ў зоне трапічных лясоў і саваннаў на Пн ад р. Амазонкі (у Венесуэле, Калумбіі, Бразіліі, Гандурасе і інш. краінах). Цэнтрам рассялення К. лічыцца басейн рэк Шынгу і Тапажос, адкуль яны рухаліся на Пн. Займаюцца земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жывуць суседскімі абшчынамі, захаваліся моцныя перажыткі мацярынска-родавых адносін. Рэлігія — племянныя культы. У выніку еўрап. каланізацыі значная частка К. вымерла.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААБЕ́НТАС (ад заа... + бентас),

сукупнасць донных жывёл, што жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Адрозніваюць жывёл, якія жывуць у тоўшчы грунту (інфауна), перамяшчаюцца на паверхні грунту (анфауна) — многашчацінкавыя чэрві і малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя; прымацоўваюцца да субстрату (эпіфауна), плаваюць паблізу дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас) — крэветкі, мізіды, некат. галатурыі, прыдонныя рыбы і інш. Асн. маса З. жыве на мелкаводдзі, дасягае многіх дзесяткаў кілаграмаў на 1 м² (пераважна малюскі), на большай глыбіні — паліхеты, ракападобныя, ігласкурыя. Гл. таксама Бентас.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфы дрэў, якія жывуць у лясах і гаях, дочкі Зеўса і дрэў. Жылі і паміралі разам з дрэвамі, апекавалі ўсіх, хто саджаў і даглядаў дрэвы.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПА́ЛЬЦЫ (саманазва непалі),

народ, асн. насельніцтва Непала (11,3 млн. чал.; 1992). Жывуць таксама ў Індыі (2,1 млн. чал.). Гавораць на непальскай мове. часткова пашырана таксама англ. мова. Вернікі — індуісты.

т. 11, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),

сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.

Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.

Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.

Балацянік звычайны.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́КШЫ (Hylidae),

сям. бясхвостых земнаводных. 35 родаў, каля 580 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках Амерыкі і Аўстраліі. Жывуць у асн. на дрэвах. Актыўныя ўначы. Большасць відаў мае на канцах пальцаў расшыраныя дыскі-прысоскі, якія садзейнічаюць перамяшчэнню па верт. паверхнях. Найб. вял. род — сапраўдныя К. (род Hyla), 450 відаў. На Беларусі 1 від — К. звычайная (H. arborea).

Даўж. цела 2—13,5 см (К. звычайнай — да 5 см). Афарбоўка можа мяняцца ў залежнасці ад навакольнага фону. Кормяцца ў асн. дробнымі насякомымі і іх лічынкамі. Здабычу захопліваюць доўгім языком. Самкі адкладваюць да 1000 ікрынак. Жывуць у няволі.

Квакша звычайная.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙМА́НЫ,

агульная назва 3 родаў кракадзілаў сям. алігатараў. 5 відаў Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Жывуць пераважна ў ціхай вадзе, невял. рэчках і балотах.

Адкладваюць да 10 яец. Ад уласна алігатараў адрозніваюцца наяўнасцю касцявога брушнога панцыра і адсутнасцю касцявой перагародкі ў нюхальнай поласці. Самы вял. К. чорны (Melanosuchus niger), даўж. да 5 м, жыве ў бас. р. Амазонка. Адкладвае да 50 яец. Гладкалобыя К. (Paleosuchus) дробныя, даўж да 1,5 м. Жывуць у вадаёмах з быстрай плынню. 3 віды і ўсе падвіды акулярных К. (Caiman) і К. чорны занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)