гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́ЗМ (ад лац. germanus германскі),
слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай. Трапляюцца ў бел. граматах 13—14 ст., якія адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напр., «кунторъ» — чын у тэўтонскім ордэне). Вял. колькасць слоў ням. паходжання пранікла ў бел. мову праз польск. і яўр. мовы, у меншай меры на працягу 15—17 ст. непасрэдна з нямецкай («дах», «ліхтар», «труна», «цыбуля», «вандраваць», «віншаваць», «дзякаваць», «маляваць», «ратаваць» і інш.). Такія германізмы асіміляваны бел. мовай у фанет., семантычных і граматычных адносінах, увайшлі ў яе слоўнікавы склад і не адрозніваюцца ад спрадвечна бел. слоў, іх іншамоўнае паходжанне ўстанаўліваецца спец. этымалагічнымі даследаваннямі. У апошнія часы атрымліваюць пашырэнне германізмы англа-амер. паходжання тыпу «бітнік», «дансінг», «хіпі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́МЦЕЎ (Цімафей Пятровіч) (15.10.1906, пас. Новахапёрскі Варонежскай вобл., Расія — 19 4.1972),
бел. і рускі мовазнавец. Д-рфілал.н. (1944), праф. (1934). Скончыў Варонежскі ун-т (1929). Працаваў у Ін-це мовы АН Беларусі (1933—39), БДУ (з 1939), Маскоўскім ун-це (з 1946). У 1958—72 гал. рэдактар час. «Филологические науки». Асн.навук. працы ў галіне агульнага, слав., рус. і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Беларуская граматыка. Ч. I. Фанетыка і правапіс» (1935), «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940), «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу. Састаўны выказнік і яго змяненні ў гісторыі беларускай мовы» (1941), «Беларуская мова» (1951), «Граматыка беларускай мовы» (1956) і інш.
Тв.:
Сравнительно-историческая грамматика восточнославянских языков: (Морфология). М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭРМІ́НАЛАГІЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-даследчая ўстанова пры Наркамасветы Беларусі ў 1921—22. Створана паводле пастановы ЦВКБССР у лют. 1921 (зацверджана СНКБССР 10.2.1921) у складзе гуманітарнай (літ.-маст.), прыродазнаўчай і матэм. секцый. Старшыня С.М.Некрашэвіч; заг. гуманітарнай секцыі Я.Купала (люты—жн. 1921).
Займалася апрацоўкай і складаннем бел. тэрміналогіі. Адбылося каля 70 пасяджэнняў, распрацавана амаль 3 тыс. тэрмінаў па граматыцы, логіцы, алгебры, арыфметыцы, геаметрыі, заалогіі і інш. Тэрміны ў выглядзе спец. падборак друкаваліся ў час. «Вестник Народного комиссариата просвещения». Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой бел. мовы і ўтварала неалагізмы паводле правіл бел. мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рус., польск. і лац. моў. Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай бел. мове. Камісія падрыхтавала і выдала некалькі падручнікаў для пач. і сярэдніх школ. На яе базе 30.1.1922 засн.Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФЕ́КТ (ад лац. perfectus закончаны),
складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. роду адз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РНЫ ЛІКу мовазнаўстве,
у старабеларускай мове адна з трох катэгарыяльных форм ліку, якая проціпастаўлялася адзіночнаму і множнаму ліку. Унаследаваны старажытнарускай мовай ад праславянскай мовы. Ужываўся пры абазначэнні парных прадметаў («двѣ руцѣ», «двѣ ноз»), а таксама двух аднолькавых у якіх-небудзь адносінах прадметаў ці істот («двѣ сестре», «двѣ жонце»).
Адрозніваліся 3 формы: назоўна-вінавальнага, родна-меснага і давальна-творнага склонаў. У назоўна-вінавальным склоне ў залежнасці ад тыпу скланення назоўнікі мелі канчаткі «-а», «-я», «-ѣ», «-и», «-ы»; у родна-месным і давальна-творным склонах назоўнікі ўсіх скланенняў мелі аднолькавыя канчаткі «-у/-ю» і «-ма». П.л. мелі ўсе зменныя часціны мовы. Разбурэнне Пл. з 13 ст. на ўсходнеславянскіх мовах звязана з развіццём абстрактнага лічэння.
П.л. ужываецца ў сучаснай славенскай мове, часткова ў інш.слав. мовах. Рэшткі П.л. захаваліся ў некат. бел. гаворках («дзве вядрэ», «дзве назе», «дзве сцяне»), а таксама ў літ. мове («вачыма», «грашыма», «плячыма», «дзвярыма»).
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІНГВІ́СТЫКА, сацыяльная лінгвістыка,
навуковая дысцыпліна, у якой мова разглядаецца найперш як грамадская з’ява (у процілегласць падыходам прыродазнаўчым, гіст., псіхал.), як сацыяльна разгалінаваны сродак зносін людзей, што ў вял. ступені залежыць ад сац. стратыфікацыі саміх носьбітаў мовы (палажэнне ў грамадстве, характар заняткаў, адукаванасць, узрост, пол і інш.). Развіваецца на сумежжы мовазнаўства, сацыялогіі, псіхалогіі сацыяльнай і этнаграфіі. Распрацоўвае шырокі комплекс праблем сац. прыроды мовы, што раскрываецца ў грамадскіх функцыях розных моўных утварэнняў (этнамоў, кайнэ, літаратурных моў, сацыяльных дыялектаў і інш.), механізму ўздзеяння сац. фактараў на мову, дынамікі двухмоўя і шматмоўя, тыпалогіі моўных сітуацый, моўнай палітыкі дзяржавы, сувязей мовы і культуры і інш. На Беларусі вытокі сацыялінгвістычных даследаванняў у працах Я.Ф.Карскага і П.А.Бузука. Пытанні С. распрацоўвалі і распрацоўваюць А.І.Жураўскі, А.А.Лукашанец, В.У.Мартынаў, А.Я.Міхневіч, Н.Б.Мячкоўская, Б.Ю.Норман, А.Я.Супрун, П.П.Шуба, В.К.Шчэрбін і інш.
Літ.:
Новое в лингвистике. Вып. 7. Социолингвистика. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЕТУВО́С ІСТОРЫЁС МЯ́ТРАШЦІС»
(«Lietuvos istorijos metraštis», «Штогоднік гісторыі Літвы»),
штогадовае серыйнае ілюстраванае выданне Ін-та гісторыі Літвы. Выдаецца з 1971 у Вільнюсе на літ. мове. Змяшчае працы вучоных Літвы і замежжа, хроніку навук. жыцця. Многія апублікаваныя працы маюць дачыненне да гісторыі, этнаграфіі і мастацтва ВКЛ і Беларусі: Ю.Юргініс «Прычыны падзення Вялікага княства Літоўскага» (1971), «Кулікоўская бітва і Вялікае княства Літоўскае» (1982), Э.Гарадзецкас «Цяжбы зямельныя паміж велікакняжацкімі сялянамі і шляхтай у час правядзення валочнай рэформы» (1976), Э.Банёніс «Пасланцы Вялікага княства Літоўскага ў Крымскім ханстве ў першай палове ХУІ ст.» (1979), А.Жураўскі «Пра канцылярскую мову Вялікага княства Літоўскага» (1984), А.Нікжэнтайціс «Дыпламатычная барацьба з Тэўтонскім ордэнам у 1337—1342 гг.» (1987), Л.Трускі «Літоўская шляхта ў канцы XVIII ст. (колькасць і становішча)» (1994) і інш. Публікуюцца рэцэнзіі на фундаментальныя навук. працы, у т. л. на «Поўны збор рускіх летапісаў. Т. 32» (1977), «Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1» (1995), на артыкулы М.Грынблата, А.Грыцкевіча, Я.Звяругі, У.Ісаенкі, Л.Малчанавай, С.Падокшына, У.Панюціча, Л.Побаля, М Улашчыка і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ., ням. і рус. мовах. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшла 27 тамоў (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т (БКС),
навуковая арганізацыя пры Нац.АН Беларусі, прызначаная развіваць і каардынаваць даследаванні ў галіне славяназнаўства на Беларусі, садзейнічаць навук. сувязям бел. славістаў са славістамі інш. краін.
Засн. ў 1957 як арганізац.к-т для падрыхтоўкі да IV Міжнар. з’езда славістаў у Маскве. У 1959 ператвораны ў пастаянна дзейны Бел.к-т славістаў, які функцыянуе ў адпаведнасці са статутам Міжнар.к-та славістаў (гл. Славістаў міжнародны камітэт). С.б.к. удзельнічае ў выпрацоўцы праблематыкі чарговых з’ездаў, уносіць прапановы па іх правядзенні, прапануе тэмы дакладаў ад Беларусі, садзейнічае іх своечасовай падрыхтоўцы і публікацыі, клапоціцца пра належнае прадстаўніцтва бел. славістыкі на з’ездзе і ў міжнар. камісіях. Прымае ўдзел у арганізацыі на Беларусі канферэнцый, сімпозіумаў і інш. мерапрыемстваў, прысвечаных вывучэнню мовы, л-ры, духоўнай і матэрыяльнай культуры слав. народаў, у першую чаргу беларусаў у іх сувязях з інш. славянамі, падтрымлівае кантакты з замежнымі славістамі, якія займаюцца бел. праблематыкай, арганізоўвае абмен л-рай, удзельнічае ў падрыхтоўцы кніжных выставак у час міжнар. з’ездаў славістаў, каб паказаць дасягненні бел. вучоных у галіне славяназнаўства і беларусістыкі. Старшыні С.б.к.: П.Ф.Глебка (з 1957), М.Р.Суднік (з 1959), А.І.Жураўскі (з 1985), І.Я.Навуменка (з 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,
адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;
Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;
Каўрус А.А.Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992.