ДЗЕРУЖЫ́НСКІ (Францішак) (3.1.1779, г. Орша, Віцебскай вобл. — 22.9.1850),
бел.рэліг. дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сістэмы каталіцкай царквы ў ЗША. Скончыў езуіцкі калегіум у Оршы, у 1794 уступіў у ордэн езуітаў. У 1809 пасвячоны ў ксяндзы. Выкладаў тэалогію ў школах Аршаншчыны і Магілёўшчыны, у Полацкай езуіцкай акадэміі. З 1821 у ЗША, адзін з кіраўнікоў сістэмы адукацыі каталіцкай царквы ў краіне, з 1823 узначаліў ордэн езуітаў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),
1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.
2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.
На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДЭ́ЦІ ((Pedetti) Маўрыцыо) (1719, Караска, каля г. Мілан, Італія — 14.3.1799),
італьянскі архітэктар. У 1748—52 працаваў у Нясвіжы ў кн. Радзівілаў. Пабудаваў капліцу ў двары Нясвіжскага касцёла езуітаў, удзельнічаў у буд-ве невял. палаца «Кансаляцыя» ў Альбінскім палацава-паркавым ансамблі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ваНясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш.грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл.«Бернардоні альбом»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНДЫ́СТЫ,
навуковае таварыства бельгійскіх езуітаў, што рэдагуе і выдае жыціі святых каталіцкай царквы. Засн. ў Антверпене Ж.Боландам, які ў 1643 пачаў выдаваць «Жыціі святых» (Acta Sanctorum; да 1942 выйшла 67 т.). Выдаюць таксама штоквартальнік Analekta bollandiana (з 1882) і бюлетэнь бягучых агіяграфічных выданняў (з 1886). Цэнтр т-ва ў Бруселі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ XIII (Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),
рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,
установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з ўніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЁЛА ((Loyola) Ігнацій) (сапр. Іньіга Лопес дэ Ракальдэ; Lopez de Racalde; 23.10.1491 ?, замак Лаёла, каля г. Аспейтыя, Іспанія — 31.7.1556),
іспанскі тэолаг, заснавальнік ордэна езуітаў. Першапачаткова афіцэр на службе віцэ-караля Навары. Стаўшы інвалідам у выніку ранення (1521) у час вайны з Францыяй, адмовіўся ад ваен. кар’еры. У 1522—23 як пустэльнік жыў у гроце Манрэса ля падножжа гор Мантсерат, у гэты час стварыў «Духоўныя практыкаванні» (у 1548 ухвалены папам Паўлам III). Пасля паломніцтва ў Іерусалім (1523—24) вывучаў тэалогію ў Барселоне, Алькале, Саламанцы, з 1528 — ў Сарбонскім ун-це ў Парыжы. 15.8.1534 разам з аднадумцамі заснаваў ордэн езуітаў, зацверджаны папам Паўлам III у 1540; стаў яго першым генералам (з 1541). Распрацаваў «Правілы сціпласці», якія рэгламентавалі паводзіны членаў ордэна. У 1622 кананізаваны каталіцкай царквой.
Літ.:
Быков А. И.Лойола: Его жизнь и общественная деятельность: Биогр. очерк. 2 изд. СПб., 1894.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1586—1773 у Нясвіжы як сярэдняя навучальная ўстанова. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам, які падараваў калегіуму маёнтак Ліпск з 6 вёскамі. У 1584—93 пабудаваны корпус Н.е.к. і пры ім Нясвіжскі касцёл езуітаў. Нясвіжскія езуіты стварылі свае місіі ў Капылі, Крывошыне, Ліпску, Мікалаеве і інш. У 1586 у Н.е.к. адкрыты класы граматыкі, потым — паэтыкі, рыторыкі і інш. Пры калегіуме дзейнічалі: з 1610 муз. бурса, з 1620 канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, з 1627 аптэка, з 1750 Нясвіжская друкарня Радзівілаў. У пач. 17 ст. ў калегіуме было каля 300 вучняў. Яго б-ка ў 1773 налічвала каля 15 тыс. тамоў. Са скасаваннем ордэна езуітаў (1773) калегіум пераўтвораны ў свецкую школу, касцёл — у парафіяльны. Інш. будынкі не захаваліся.
Літ.:
Paszenda J. Kościół Bożego Ciała (pojezuicki) w Nieświeżu // Kwartalnik architektury i urbanistyki. 1976. T. 21, z. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКІ ГРЫГАРЫЯ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых рым.-каталіцкіх навучальных устаноў. Знаходзіцца ў Ватыкане. Засн. ў 1551 І.Лаёлам і Ф.Борджа як Collegium Romanum (Рымскі каледж), папам Юліем III пераўтвораны ва ун-т. Атрымаў падтрымку ад папы Грыгорыя XIII, які ў 1682 выдзеліў яму значную суму з папскай казны і перадаў шэраг будынкаў. У 1926 у склад ун-та ўключаны Вышэйшы ін-трэліг. культуры, у 1928 — Папскі ін-тусх. даследаванняў (засн. ў 1917), у 1955 — Папскі біблейскі ін-т (засн. ў 1909). Кіруе П.Г.у. ордэн езуітаў. За дзейнасць ун-та адказваюць перад рым. курыяй генерал ордэна езуітаў і прызначаны папам кардынал-пратэктар. Рыхтуе кадры для цэнтр. і перыферыйных царк. устаноў. У П.Г.у. ў розны час вучыліся бел. святары К.Маскалік, А.Надсон, А.Неманцэвіч, Т.Падзява, Я.Рэшаць, Ч.Сіповіч, У.Тарасевіч, Ф.Чарняўскі інш.