1) змазачныя матэрыялы, якія памяншаюць трэнне і аблягчаюць працэсы мех. апрацоўкі металаў.
2) Змазачнае дзеянне змазачнага матэрыялу на паверхні трэння, у выніку якога памяншаюцца сіла трэння і зношванне паверхняў.
3) Падача змазачнага матэрыялу да паверхні слізгання ці качэння дэталей. Спосабы З. вызначаюцца функцыямі і ўмовамі работы вузла трэння, уласцівасцямі змазачнага матэрыялу.
4) Кансервацыйныя матэрыялы і матэрыялы для герметызацыі (ушчыльняльнікі). Выкарыстоўваюць для прадухілення карозіі метал. вырабаў пры захаванні і эксплуатацыі і ўшчыльнення злучэнняў дэталей машын (гл.Пластычныя змазкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛЁПАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,
нераздымнае злучэнне дэталей з дапамогай заклёпак (метал. стрыжняў з закладнымі галоўкамі). Робіцца ўнахлёстку, устык з адной або двума накладкамі. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях, якія працуюць ва ўмовах ударных і вібрацыйных нагрузак, для змацавання дэталей, якія не зварваюцца або не дапускаюць награвання, і інш. З.з. выцясняюцца больш эканамічнымі зварнымі і клеявымі злучэннямі.
Заклёпачнае злучэнне: а — схема злучэння (1, 2 — замыкальная і закладная галоўкі; 3 — стрыжань заклёпкі, 4 — дэталі, якія злучаюцца); б — пашыраныя тыпы заклёпак (1—3 — з патайной, паўпатайной, плоскай галоўкамі; 4 — канічная з падгалоўкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЯЗНЕ́ННЕ,
1) нанясенне слоя жалеза на паверхню метал. вырабаў; разнавіднасць металізацыі. Робіцца электралітычным асаджэннем, газаполымным і плазменным напыленнем, выпарэннем і кандэнсацыяй жалеза ў вакууме. Выкарыстоўваецца для ўзнаўлення памераў зношаных дэталей, павышэння зносаўстойлівасці дэталей, якія труцца, ліквідацыі дэфектаў у адліўках; у паліграфіі — для вырабу клішэ спосабам гальванапластыкі, нанясення жал. пакрыццяў на медныя пласцінкі спосабам гальванастэгіі (для аховы іх ад акіслення друкарскай фарбай) і павышэння тыражаўстойлівасці стэрэатыпаў (гл.Стэрэатыпія).
2) Уціранне цэменту ў бетонныя паверхні зацірачнай машынай або стальной цёркай да паяўлення метал. бляску. Робіцца для павышэння трываласці на сціранне і шчыльнасці бетонных пакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГВАННЕў металаапрацоўцы,
апрацоўка рэзаннем унутраных і вонкавых паверхняў дэталей рознай формы на працяжных станках. Робіцца з дапамогай шматлязовага рэзальнага інструмента — працяжкі. Найб.прадукц. працэс з усіх відаў апрацоўкі металаў рэзаннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПУСКІ,
рознасць (дапушчальныя адхіленні) паміж найбольшымі і найменшымі гранічнымі значэннямі (памерамі) якога-небудзь параметра (геам., мех., фізіка-хім. і інш.).
У машынабудаванні прыпята сістэма Д. і пасадак, якая забяспечвае ўзаемазамяняльнасць дэталей і вузлоў, дазваляе ажыццяўляць злучэнні з рухомымі. нерухомымі і пераходнымі пасадкамі. Д. ўстанаўліваюцца на намінальныя памеры вала і адтуліны, а таксама дэталей іншых формаў (напр., абмежаваных 2 паралельнымі плоскасцямі). У сістэме адтуліны ніжняе гранічнае адхіленне памеру адтуліны роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. вала; у сістэме вала верхняе гранічнае адхіленне памеру вала роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. адтуліны. Д. рэгламентуюцца класамі дакладнасці. У будаўніцтве сістэма Д. вызначаецца будаўнічымі нормамі і правіламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРО́МЕТР (ад мікра... + ...метр),
інструмент з дакладным (мікраметрычным) вінтом для вымярэння лінейных памераў кантактным спосабам. Бывае некалькіх тыпапамераў для вымярэння даўжынь ад 0 да 25 мм, ад 25 да 50 ммі г.д. Цана дзялення ад 0,001 да 0,01 мм, мяжа вымярэння да 2000 мм.
Адрозніваюць М.: гладкія — для вымярэння вонкавых памераў дэталей; ліставыя з цыферблатам — для вымярэння таўшчыні лістоў і стужак; трубныя — для вымярэння таўшчыні сценак і труб; зубамерныя — для вымярэння даўжыні агульнай нармалі зубчастых колаў. Ёсць М. з плоскімі, разьбовымі і шаравымі ўстаўкамі для вымярэння дэталей з мяккіх матэрыялаў, стандартных рэзьбаў, сферычных паверхняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,
раздымнае нерухомае злучэнне дэталей з дапамогай вінтоў. У адрозненне ад балтавога злучэння вінтавое злучэнне не патрабуе гаек, бо разьба робіцца ў самой дэталі.
Вінтавое злучэнне: 1—2 —дэталі, якія злучаюцца; 3 — вінты (са шліцам і шасціграннай галоўкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКА́ТАР,
прылада для вымярэння лінейных памераў калібраў і дэталей машын адносным кантактным спосабам — параўнаннем з мерай. Асн. механізм — скручаная стужачная спружына, якая пераўтварае лінейныя перамяшчэнні вымяральнага стрыжня (у ніжняй ч. прылады) у вуглавыя адхіленні стрэлкі. Межы вымярэнняў ±(4—300) мкм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАСТРУМЕ́ННАЯ АПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка паверхняў адлівак, метал. загатовак, дэталей і інш. вырабаў перад афарбоўкай, а таксама ачыстка фасадаў будынкаў, збудаванняў струменем сціснутага паветра з завіслымі ў ім часцінкамі пяску. Робіцца спец. пескаструменнымі апаратамі. У ліцейнай вытв-сці заменена шротамётнай або шротаструменнай ачысткай.