А́ДЛЕР (Adler) Фрыдрых

(9.7.1879, Вена — 2.1.1960),

адзін з лідэраў аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў і тэарэтыкаў аўстрамарксізму. Па адукацыі фізік. У 1911—16 сакратар аўстр. с.-д. партыі. 21.10.1916 застрэліў аўстр. прэм’ера К.Шцюргка; прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення). У час рэвалюцыі ў Аўстрыі амнісціраваны (1918), кіраваў рабочымі саветамі (да 1919). Дэпутат аўстр. парламента (1919—23). Ген. сакратар 2 ½ Інтэрнацыянала (1921—23) і Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). У 1940 эмігрыраваў у ЗША, з 1946 жыў у Цюрыху.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТУ́ (Barthou) Жан Луі

(25.8.1862, г. Аларон-Сент-Мары, Францыя — 9.10.1934),

французскі дзярж. дзеяч. Адвакат. У 1889—1922 дэпутат парламента. З 1894 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1913 прэм’ер-міністр. Узначальваў франц. дэлегацыю на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1922—26 старшыня Рэпарацыйнай камісіі, патрабаваў ад Германіі выканання пастаноў Версальскага мірнага дагавора 1919. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры ў Германіі (1933) актыўны прыхільнік франка-сав. супрацоўніцтва. Ініцыятар стварэння «Усходняга пакта». Загінуў у Марселі разам з югасл. каралём Аляксандрам І у выніку тэрарыст. акта.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЯ АКРУ́ГА,

асноўнае звяно тэр. арг-цыі насельніцтва краіны для правядзення выбараў прадстаўнічых органаў улады, кіраўніка дзяржавы. Ад кожнай акругі выбіраецца ўстаноўленая законам колькасць дэпутатаў (норма прадстаўніцтва). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ад кожнай выбарчай акругі выбіраецца адзін дэпутат. Акругі ствараюцца Цэнтральнай і тэр. выбарчымі камісіямі па прадстаўленні адпаведных Саветаў з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і з улікам адм.-тэр. падзелу. Тэр. выбарчай акругі захоўваецца нязменная на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Выбарчыя акругі на Беларусі падзяляюцца на выбарчыя ўчасткі.

С.У.Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РСКІ (Warski) Адольф Ежы

(сапр. Варшаўскі; 20.4.1868, Варшава — 21.8.1937),

дзеяч польск. рэв. руху. Удзельнічаў у арганізацыі Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага (1893), потым Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), чл. яе Гал. праўлення. У 1892—1904 у эміграцыі ў Францыі, Германіі. Удзельнік рэв. падзей у Польшчы 1905—07. Уваходзіў у склад ЦК РСДРП (з 1906). Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Камуністычнай партыі Польшчы. З 1928 дэпутат сейма ад кампартыі. Удзельнік І з’езда КПЗБ (ліп. 1928). У 1929 эмігрыраваў у СССР. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЖУА́ (Bourgeois) Леон Віктор Агюст

(25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),

дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭО́ЦІ (Andreotti) Джуліо

(н. 14.1.1919, Рым),

італьянскі дзярж., паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і публіцыст. Доктар права. Уключыўся ў паліт. дзейнасць з 1942. У 1943—44 у антыфаш. апазіцыі. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар цэнтр. органа хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП) газ. «Il Popolo» («Народ»). З 1944 чл. Нац. савета ХДП, адзін з яе кіраўнікоў. З 1948 дэпутат парламента, кіраўнік парламенцкай фракцыі ХДП (1968—72), займаў міністэрскія пасады. У 1972—73, 1976—79, 1989—92 старшыня Савета Міністраў. Абвінавачаны ў карупцыі ў 1993, адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар паліт. памфлетаў, прац па навейшай гісторыі Італіі і інш.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМЕ́ЙДА-ГА́РЭТ (Almeida Garrett Жуан Баптышта да Сілва Лейтан ды

(da Silva Leitão; 4.2.1799, г. Порту, Партугалія — 9.12.1854),

партугальскі пісьменнік. Прыхільнік дэмакр. канстытуцыі, у 1823 вымушаны эмігрыраваць. Пазней — дыпламат і дэпутат парламента. Заснавальнік прагрэс.-рамант. кірунку ў партуг. л-ры (паэмы «Камоэнс», 1825, «Дона Бранка», 1826; зб-кі лірычных вершаў «Кветкі без пладоў», 1845; «Апалае лісце», 1853). У цэнтры рамана «Арка святой Ганны» (ч. 1—2, 1845—51) і драм «Аўту Жыла Вісентэ» (1838), «Збройнік з Сантарэма» (1841), «Брат Луіж ды Сауза» (1844) — эпізоды нац. гісторыі.

Тв.:

Рус. пер. — Арка святой Анны. М., 1985.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НГУЭР (Berlinguer) Энрыка

(25.1.1922, г. Сасары, Італія — 11.6.1984),

дзеяч італьян. і міжнар. камуністычнага руху. Юрыст. З 1937 удзельнік антыфаш. руху. Чл. Італьян. камуніст. партыі (ІКП) з 1943, чл. ЦК ІКП з 1948. У 1950—56 сакратар Італьян. федэрацыі камуніст. моладзі. У 1950—53 прэзідэнт Сусв. федэрацыі дэмакр. моладзі. З 1968 дэпутат парламента. У 1972—84 ген. сакратар ІКП. Аўтар канцэпцыі «гістарычнага кампрамісу», адзін з заснавальнікаў еўракамунізму, які адмаўляў вядучую ролю КПСС у сусв. камуніст. руху. Ініцыятар прыняцця ІКП рэзалюцый з асуджэннем уварвання СССР у Венгрыю (1956), Чэхаславакію (1968), Афганістан (1979), увядзення ваен. становішча ў Польшчы (1981).

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́СІМАЎ Пётр Андрэевіч

(н. 16.5.1912, Віцебск),

сав. парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Віцебскі палітэхнікум (1933), БДУ (1951). З 1929 на прафс. і адм.-гасп. рабоце. З 1942 у ЦК КП(б)Б і СНК БССР. З 1946 пастаянны прадстаўнік СМ БССР пры СМ СССР. З 1948 нам. старшыні СМ БССР, з 1950 сакратар ЦК КП(б)Б, з 1952 1-ы нам. старшыні СМ БССР. З 1956 пасол СССР у ПНР, Францыі і Малагасійскай рэспубліцы, ГДР, Японіі. У 1961—62 на парт. рабоце ў КПСС. Дэпутат ВС СССР у 1950—58, 1962—66, 1974—79, ВС БССР у 1951 — 59.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́ (Dubois) Станіслаў

(7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)