чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.І.Мурчысанам і А.Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.
Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).
Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.
На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б.ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс.м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;