КУР’Е́Р (франц. courrier ад лац. curro бягу),
1) службовая асоба, якая развозіць спешныя даручэнні. Дыпламатычны К. — супрацоўнік Міністэрства замежных спраў, які перавозіць дыпламатычную пошту.
2) Пасыльны ва ўстанове, які разносіць службовыя паперы. Напр., К. рэдакцыі.
т. 9, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАШЭ́ (франц. attache літар. прымацаваны),
1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.
2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.
т. 2, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭ́НТ (франц. résident ад лац. residens які сядзіць, застаецца на месцы),
1) дыпламатычны прадстаўнік, ранг якога ніжэйшы за пасланніка; поўная назва — міністр-рэзідэнт.
2) Прадстаўнік разведкі ў інш. краіне, які накіроўвае работу агентурнай сеткі.
3) Юрыд. або фіз. асоба, якая зарэгістравана ў дадзенай краіне і на якую ў поўнай меры пашыраецца нац. заканадаўства.
т. 13, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРА́НДУМ (лац. memorandum літар. тое, пра што трэба помніць),
1) дыпламатычны дакумент, у якім падрабязна выкладаецца фактычны бок міжнар. пытання, даецца аналіз тых або інш. палажэнняў, прыводзіцца абгрунтаванне пазіцыі дзяржавы.
2) У гандлі — пісьмо з напамінкам пра што-н.
3) Дакладная запіска, службовая даведка па якім-н. пытанні.
4) Пералічэнне ў полісах небяспек, страхаванне ад якіх не праводзіцца.
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НТ [ад лац. agens (agentis) які дзейнічае],
1) асоба, якая дзейнічае па даручэнні каго-н.; прадстаўнік установы, арг-цыі, упаўнаважаны.
2) А. дыпламатычны — афіц. асоба, якая ажыццяўляе знешнепаліт. прадстаўніцтва. У прыватнасці, агентамі з’яўляюцца дыпламат. прадстаўнікі і персанал пасольстваў, місій. А. консульскі — у практыцы некаторых дзяржаў службовая асоба консульскай установы.
3) А. разведкі — асоба, якая нелегальна выконвае заданні разведвальных органаў якой-н. краіны.
4) У навук. тэрміналогіі — дзейная прычына, якая выклікае пэўныя з’явы (у прыродзе, арганізме чалавека і інш.).
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РПУС (ад лац. corpus цела, адзінае цэлае),
1) тулава чалавека, жывёліны.
2) Каркас судна.
3) Асн. частка машыны, механізма, прылады, апарата, у якую манціруюцца інш. дэталі.
4) Адно з некалькіх збудаванняў, размешчаных на агульнай дзялянцы; ізаляваная частка вял. збудавання.
5) Паліграф. шрыфт, кегль (памер) якога роўны 10 пунктам (каля 3,76 мм).
6) К. дыпламат. — гл. Дыпламатычны корпус.
7) У дарэв. Расіі некаторыя ваен. сярэднія навуч. ўстановы закрытага тыпу, напр., кадэцкі К., марскі К. 8) К. жандараў — гл. Жандармерыя.
т. 8, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННІК,
дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТ (лац. actus),
1) учынак, дзеянне.
2) Дакумент, які ўстанаўлівае пэўныя прававыя адносіны паміж юрыд. бакамі або паміж аўтарам і адрасатам акта (акт дыпламатычны, акт юрыдычны, акт на права валодання (карыстання) зямлёй, акты органаў дзяржаўнага кіравання, акты органаў дзяржаўнай улады, акты цывільнага стану і інш.).
3) Закончаная частка драм. твора, спектакля; тое, што і дзея. Акты ў спектаклі раздзяляюцца перапынкамі (антрактамі). Можа падзяляцца на з’явы, эпізоды, сцэны, карціны. Падзел на акты існуе з часоў рымскага тэатра (п’еса мела абавязкова 5 актаў).
4) У выяўл. мастацтве — выява аголенага чалавечага цела; гл. Ню.
т. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМКО́ВІЧ (Semkowicz) Уладзіслаў Аляксандр (8.5.1878, г. Львоў, Украіна — 19.2.1949),
польскі гісторык. Правадз. чл. Польск. АН у Кракаве (1923), д-р габілітаваны (1909), праф. звычайны (1919). Скончыў Львоўскі ун-т (1903) і выкладаў у ім. У 1916—39 праф. Кракаўскага ун-та. У 1939—40 зняволены фашыстамі ў канцлагеры Заксенгаўзен. У 1945—47 дырэктар аддзела Польск. АН. Вывучаў генеалогію, геральдыку, сфрагістыку, палеаграфію, гіст. геаграфію і картаграфію феад. Польшчы і ВКЛ. Выдаў «Акты уніі Польшчы з Літвою 1385—1791» (з С.Кутшэбам), «Дыпламатычны кодэкс кафедральнага сабора і Віленскай дыяцэзіі» (з Я.Фіялкам).
т. 15, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЫ́ЙНА-ДЗЕЛАВЫ́ СТЫЛЬ,
адзін з функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу афіц.-дзелавых пісьмовых зносін. Вылучаюцца 3 падстылі: канцылярска-дзелавы, дыпламатычны і юрыдычны, на аснове якіх ствараюцца заканад. акты, дакументы міжнар. права і дыпламатыі, пастановы, загады, інструкцыі, статуты, вядзецца службовая перапіска і інш.
Асн. рысы стылю: жанравая, кампазіцыйная і моўная стандартызаванасць; лагічнасць, акрэсленасць і дакладнасць; разгорнутасць зместу і багацце сродкаў перадачы інфармацыі; ускладненасць сінтаксісу, пашыранасць залежных канструкцый, рубрыкацый і пераліку; высокая частотнасць аддзеяслоўных назоўнікаў, вытворных прыназоўнікаў і злучнікаў; насычанасць спец. і абстрактнай лексікай і фразеалогіяй; адсутнасць суб’ектыўнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і вобразнага (пераноснага) ужывання слоў.
Літ.:
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.
Н.Б.Мячкоўская.
т. 2, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)