РУБА́НАЎ (Сяргей Фёдаравіч) (7.10.1914, в. Жабыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 13.1.1987),
бел. вучоны-педагог. Канд.пед.н. (1969). Герой Саи. Працы (1968). Засл. настаўнік Беларусі (1957). Бацька А.С.Рубанава, У.С.Рубанава. Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1948). З 1934 настаўнічаў. У 1948—87 дырэктар сярэдняй школы № 10 г. Слуцк Мінскай вобл. (цяпер імя Р.). Навук. працы па праблемах методыкі выкладання матэматыкі, духоўна-патрыят. выхавання навучэнцаў.
Тв.:
Руководство учебно-воспитательной работой в школе. Мн., 1966;
Школа и жизнь. Мн., 1967.
Літ.:
Пастрон Г. Мужество повседневного труда // Труд, талант, доблесть. Мн., 1981. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАСЭ́РНАСЦЬ,
схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім-небудзь. У паняцці «М.» спалучаюцца духоўна-эмацыянальны аспект (перажыванне чужога болю як свайго) і канкрэтна-практычны (імкненне да дапамогі). Вытокі М. як рэальнага прынцыпу ляжаць у архаічнай радавой салідарнасці, якая абавязвала цаной любых ахвяр дапамагаць родзічам. М. прапаведуюць сусв. рэлігіі, перш за ўсё будызм і хрысціянства. Будызм разумее жыццё ўвогуле як пакуты, а таму М. трактуецца як універсальны прынцып адносін да ўсяго жывога. Хрысціянства ўносіць спецыфічную матывацыю М. — асабістую любоў да Хрыста. У выпадку маёмаснай і інш. няроўнасці застаецца адзінота, старасць і інш. пакуты, якія патрабуюць грамадскіх клопатаў і індывід. М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Вячаслаў Кандратавіч) (18.9.1917, с. Ахлябініна, Башкортастан — 19.4.1992),
бел. літаратуразнавец-славіст, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). У 1964—75 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац.АН Беларусі. За публічныя эсхаталагічныя выступленні ў 1978 быў зняволены; у 1983 вярнуўся ў Мінск. Касмалагічныя заняткі (ідэі прышэльцаў з космасу), у якіх расчараваўся, прывялі З. да духоўна-хрысц. пошукаў. На Беларусі друкаваўся з 1966; пісаў на рус. мове. Ў 1969 пераклаў паэму І.Гундуліча «Асман» і выдаў манаграфію «Паміж Львом і Драконам» — даследаванне-каментарый да гэтай паэмы ў кантэксце Дуброўніцкага культ. працэсу. Даследаваў перадумовы гуманізму ў бел. л-ры, творчасць Ф.Скарыны.
Тв.:
Богомильское движение и общественная жизнь Северной Италии эпохи Дученто. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭТЫ́ЧНАЕ (ад грэч. pathētikos страсны, усхваляваны, поўны пачуцця),
эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае барацьбу, сутыкненне ўзнёслага і нізкага. Служыць своеасаблівай мерай пафасу, выражэннем здольнасці асобы да барацьбы, пераадолення духоўна негатыўных сіл у яго ўнутраным свеце і нізкіх памкненняў звонку. Адпаведна вылучаюць П. ўнутранага і знешняга роду. У сістэме эстэт. катэгорый П. звязана з гераічным, у якім праяўляецца станоўчая накіраванасць барацьбы. Адухоўлены характар прыроды мастацтва прадвызначае магчымасць шырокага звяртання да П. ва ўсіх яго відах. Выразна П. праяўляецца ў музыцы, тэатры, балеце. У жыцці П. часта служыць фонам, на якім могуць разгортвацца маральна-эстэт. прагрэс або дэградацыя асобы ў залежнасці ад таго, якія духоўныя пачаткі (узнёслае або нізкае) здольны ўзяць верх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ЎКАЎ (сапр.Стафанаў) Іардан
(9 11.1880, в. Жэраўна Слівенскай акр., Балгарыя — 15.10.1937),
балгарскі празаік. Вучыўся на юрыста. Друкаваўся з 1905 (вершы ў духу сімвалістаў). Вядомасць прынеслі «Апавяданні» (т. 1—2, 1917—18). У творах спалучэнне рэалізму з рамант. ўяўленнямі. Героі І. — працавітыя сяляне, з цвярозым розумам і духоўна багатыя (аповесць «Жнец», 1920; зб-кіапавяд. «Апошняя радасць», 1926; «Старапланінскія легенды», 1927; «Вечары ў Анцімаўскім заезным доме», 1928; «Калі б яны маглі гаварыць», 1936). Аўтар раманаў «Хутар каля граніцы» (1934), «Прыгоды Гараломава» (незавершаны), драм «Албена» (1930), «Барана» (1932), «Звычайны чалавек» (1936), камедыі «Мільянер» (1930) і інш. На бел. мову асобныя творы І. пераклаў Н.Гілевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́СТР (ад лац. magister начальнік, настаўнік),
1) у Стараж. Рыме тытул некаторых службовых асоб (М. конніцы).
2) У Візантыі — высокі прыдворны тытул.
3) У сярэдневяковай Зах. Еўропе — кіраўнік духоўна-рыцарскага каталіцкага ордэна (часцей Вялікі М.); выкладчык т. зв. сямі свабодных мастацтваў (гуманіт. навук).
4) У Расіі 19 — пач. 20 ст. ніжэйшая вучоная ступень.
5) У некаторых краінах вучоная ступень сярэдняя паміж бакалаўрам і доктарам навук. Прысуджаецца асобам, якія скончылі ун-т або прыраўнаваную да яго навуч. ўстанову, маюць ступень бакалаўра, прайшлі дадатковы курс навучання (1—2 гады), здалі спец. экзамены і абаранілі магістэрскую дысертацыю. На Беларусі ўведзена ў 1995 з тэрмінам навучання 1,5—2 гады на базе вышэйшай адукацыі; папярэднічае званню кандыдата навук. Рыхтуюць М. магістратуры пры Нац. ін-це адукацыі, ун-тах і інш.ВНУ універсітэцкага тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),
працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МРЫЙ А. (сапр.Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1893, в. Палуж Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.10.1943),
бел. пісьменнік. Брат В.Шашалевіча. Скончыў духоўную семінарыю. З 1918 служыў у Чырв. Арміі, з 1921 настаўнічаў у Краснаполлі, з 1926 інспектар Цэнтр. бюро краязнаўства, стыльрэдактар у газ. «Звязда». У 1934 рэпрэсіраваны. У 1937 і 1940 зноў арыштаваны. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абл. Рэабілітаваны ў 1961. Друкаваўся з 1924. Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). Мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства развенчвае ў сатыр. рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (1929, поўнасцю апубл. 1988, тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990). Для твораў М. характэрны натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў. Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены.
Тв.:
Творы. Мн., 1993.
Літ.:
Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатыр. прозы // Чыгрын І. Крокі: проза «Узвышша». Мн., 1989;
Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ХІ», «Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас.рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.В.Гершэнзон, А.С.Ізгоеў, Б.А.Кісцякоўскі, П.Б.Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, што ўнутр.духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас. грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).
Публ.:
Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЕ́І-ЧЭ́ЦЦІ»
(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),
«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.
Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.
На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).