СУЗІРА́ННЕ,
непасрэднае зрокавае ўспрыняцце прадметаў; пачуццёвы спосаб пазнання. У псіхалогіі вызначаецца як цэласна-інтуітыўнае паглыбленне ў прадмет, у эстэтыцы — як спецыфічны від духоўна-эстэт. дзейнасці, творчы працэс, пры якім суб’ект атрымлівае асалоду ад прадмета С. і ад самога працэсу С. У філасофіі вылучаюцца 2 асн. тлумачэнні С.: як звышпачуццёвае пазнанне ідэй, якое адкрывае перад чалавекам ісціну (Платон, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, А.Шапенгаўэр), і як уяўленне пра адзінкавы прадмет, супрацьлеглае мысленню і адчуванню, якое патрабуе дадатковай катэгарыяльнай дапрацоўкі (І.Кант). Ням. фенаменолаг Э.Гусерль адрозніваў 2 тыпы С.: эмпірычнае (уяўленне пра адзінкавы прадмет) і эйдатычнае (спасціжэнне сутнасці з’яў).
т. 15, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)