ГУРО́Н (Huron),

возера ў Паўн. Амерыцы, у ЗША і Канадзе, другое па велічыні ў сістэме Вялікіх азёр. Пл. 59,6 тыс. км². Даўж. 330 км, шыр. каля 293 км, глыб. да 208 м. Злучаецца р. Сент-Мэрыс і каналам Су-Сент-Мары з Верхнім воз., пралівам Макіна — з воз. Мічыган; сцёк па р. Сент-Клэр у воз. Эры. Рыбалоўства. Суднаходства. Гал. парты — Сарнія і Мідленд (Канада), Алпіна (ЗША).

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕСІ́ДА, Немезіда,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня адплаты, якая назірае за справядлівым размеркаваннем матэрыяльных даброт паміж людзьмі, вызначае лёс людзей і карае іх за парушэнне юрыд. і маральных норм. Культ Н. быў пашыраны і ў Стараж. Рыме. Ант. скульптары і мастакі звычайна паказвалі Н. ў выглядзе жанчыны з атрыбутамі кантролю (шалі, аброць), пакарання (меч, бізун або жэзл жазло*) і хуткасці (крылы, калясніца, запрэжаная грыфонамі). Другое імя Н. — Адрастэя. У пераносным сэнсе Н. — лёс, непазбежная адплата.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),

гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.​Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФУ́РАЎ (Абуталіб Гафуравіч) (21.11.1882, аул Шуні, Дагестан — 1975),

лакскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1939). Першыя вершы апублікаваны ў альманаху «Крокі рэвалюцыі» (1932). Асн. тэмы яго творчасці — жыццё вёскі, штодзённыя клопаты людзей, што працуюць на зямлі (зб-кі «Новы свет», 1934; «Голас Дагестана», 1943; «Світанак жыцця», 1963; «Горныя крыніцы», 1966; «Другое жыццё», 1970, і інш.). Пісаў апавяданні, мініяцюры, творы для дзяцей. Стварыў новы жанр у дагестанскай л-ры — прозу ў спалучэнні з вершамі. Увёў у лакскае вершаскладанне рыфму, васьміскладовы сілабічны памер.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ДЗІ ЦУСІ́Н,

інфарм. агенцтва Японіі, другое (пасля Кіода Цусін) па велічыні і значэнні. Засн. ў 1945 у Токіо на акцыянерных пачатках. Распаўсюджвае ўнутр. (эканам., паліт., спарт.) і міжнар. інфармацыю ўласных карэспандэнтаў і замежных агенцтваў. Абменьваецца інфармацыяй з Рэйтэр, ЮПІ, АФП, ІТАР—ТАСС, Сіньхуа і інш. агенцтвамі. Абслугоўвае 124 японскія і 28 замежных газетных выдавецтваў, радыё- і тэлестанцый (1992). Выдае 2 штотыднёвікі, інфарм. бюлетэні на спец. тэмы. Мае 80 аддзяленняў у краіне і 25 за яе межамі (1992).

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1612 пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, Другое апалчэнне. Створана ў 1611 для барацьбы з іншаземнай інтэрвенцыяй. Дасягала 20—30 тыс. чал. Частка яго (10 тыс. чал.) 22—24.8.1612 разам з рэшткамі 1-га апалчэння (гл. Першае апалчэнне 1621) нанесла паражэнне польска-літ. войску Я.​К.​Хадкевіча (10—12 тыс. чал.) і пасля працяглай аблогі (22—26 кастр.) прымусіла да капітуляцыі гарнізон інтэрвентаў у Крамлі. Н.а. паспрыяла аднаўленню дзярж. улады ў Расіі, прадвызначыла пэўныя змены ва ўзаемаадносінах Расіі і Рэчы Паспалітай.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПАЎ (Абрам Яфімавіч) (другое прозвішча Спірыкаў; 27.8.1862, в. Ягорава Разанскай вобл. — 25.9.1930),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1916). Нар. мастак Рэспублікі (1927). У 1884—86 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. Перасоўнік (з 1891), чл. Саюза рус. мастакоў (з 1904), Асацыяцыі мастакоў Расіі (з 1924). З 1894 выкладаў у навуч. установах Масквы. Аўтар карцін: «Па этапах» (1893), «Прачка» (1890-я г.), партрэтаў (пераважна сялян; «Маладая сялянка ў чырвоным», 1925), пейзажаў «Па рацэ Ацэ» (1890), «Лёд прайшоў» (1895) і інш.

А.Архіпаў. Маладая сялянка ў чырвоным. 1925. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,

прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.

т. 9, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ХА́ТА»,

бел. кнігавыдавецкае таварыства. Існавала з 28.12.1908 да 1911 у Вільні. Арганізатары В.​Бонч-Асмалоўскі, Б.​Даніловіч, І.​Луцкевіч, Я.​Манькоўскі, А.​Уласаў, К.​Цэтэрман. Мела на мэце выданне кніг пра Беларусь на бел. і інш. мовах. У 1909—11 выпусціла творы маст. л-ры: ананімную бел. паэму «Тарас на Парнасе», «Дзед Завала» Ядвігіна Ш., «Дзядзька голад» С.​Віткевіча, «Дым» М.​Канапніцкай, «Архіп і Лявонка» М.​Горкага, падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа, а таксама навук.-папулярныя кнігі. Спыніла дзейнасць у сувязі з эканам. цяжкасцямі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,

комплекс узаемна звязаных машын, механізмаў, абсталявання, размешчаных у адпаведнасці з паслядоўнасцю (патокам) аперацый тэхнал. працэсу і прызначаных для вырабу пэўнай прадукцыі з зададзеным рытмам (тэмпам). Служаць тэхн. асновай паточнай вытв-сці (напр., паточнага будаўніцтва).

На кожным рабочым месцы выконваюцца пэўныя аперацыі апрацоўкі адной або некалькіх падобных загатовак, якія перадаюцца з аднаго рабочага месца на другое ў асн. канвеерамі. У П.л. ўключаюць пазіцыянеры, маніпулятары, трансп. і тэхнал. прамысловыя робаты. П.л. забяспечваюць неперарыўнасць тэхнал. працэсу, магчымасць яго механізацыі і аўтаматызацыі. Пашыраны на прадпрыемствах з масавай і серыйнай вытв-сцю.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)