БЕСАРА́БІЯ,
гістарычная вобласць паміж рэкамі Днестр і Прут. У 10—11 ст. у Кіеўскай Русі, потым у Галіцка-Валынскім княстве. З 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. пад уладай Турцыі. З 1812 у складзе Расійскай імперыі, з 1918 — Румыніі. У 1940 паводле «Пакта Рыбентропа—Молатава» 1939 уключана ў СССР. У 1941 захоплена войскамі Германіі і Румыніі, перададзена пад кантроль рум. улад. У 1944 вызвалена Чырв. Арміяй. Асн. частка Бесарабіі — тэр. Малдовы, паўд. частка — у Адэскай вобл. Украіны.
т. 3, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́-УРУБЛЯВЕ́ЦКАЯ,
рэшткі паселішча 4-га тыс. да н.э. каля аднайменнай вёскі ў Камянец-Падольскім р-не Хмяльніцкай вобл. Украіны, на беразе р. Днестр. Адносіцца да ранняга этапу трыпольскай культуры. Складалася з 7 паўзямлянкавых жытлаў, большасць з якіх мела авальную форму дыям. 3—6 м. Адно жытло, памерам 2—3 × 43 м, належала, верагодна, вял. патрыярхальнай сям’і. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, керамічны посуд, упрыгожанні, тэракотавыя статуэткі жанчын і жывёлін.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РШЫН,
бальнеатэрапеўтычны курорт на Украіне, у перадгор’ях Укр. Карпат, за 80 км на Пд ад г. Львоў, на р. Беражніца (бас. р. Днестр). Мінер. крыніцы вядомыя з 16 ст. Курорт заснаваны ў 1876. Асн. лек. фактары — мінер. воды рознай мінералізацыі, горкая жаўцягонная соль «Моршынка», мясц. мінералізаваныя тарфяныя гразі з вял. колькасцю воцатнай, мурашынай і маслянай к-т. Лечаць парушэнні функцый печані, страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, нерв. расстройствы, гінекалагічныя, сустаўныя захворванні. Бальнеатэрапія дапаўняецца клімата-, фізія- і гразелячэннем.
т. 10, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Падольскае плато. На Украіне, па левабярэжжы р. Днестр. Выш. да 471 м (г. Камула). Развіты карст. Для рэльефу характэрна злучэнне вял. плоскіх міжрэччаў і глыбокіх каньёнападобных далін. Паўн. край узвышша ўзгорысты; складзена з вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў, сланцаў. Прыднястроўская яго частка — прыступкападобная раўніна, утвораная вял. тэрасамі Днястра. На З узгоркі і грады Толтры (Медаборы). Месцамі захаваліся дубовыя і букавыя лясы, на Пд — разнатраўныя стэпы. Значная тэр. разарана. П.ў. разам з Валынскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім узвышшам.
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.
т. 13, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫЕ́НКА (Пётр Сцяпанавіч) (16.4.1923, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна — 9.7.1976),
малдаўскі паэт. У 1963—67 міністр культуры Малдавіі. У лірычных зб-ках «Светлыя дарогі» (1951), «Раскажы мне, Днестр!» (1955), «Сляды чалавека» (1964), «Лёс кахання» (1977), «Станцыя адпраўлення» (1977, на рус. мове) і інш. апаэтызаваў гераізм сав. людзей у Вял. Айч. вайну, іх працу ў гады мірнага буд-ва. Аўтар драм. твораў «Калі спее вінаград» (1961), «Перад адпачынкам» (1973), кніг нарысаў, эсэ «Новыя знаёмствы: Пуцявыя нататкі» (1973), «Людзі маёй біяграфіі» (1979) і інш.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́ЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (12.1.1754—18.1.1794),
расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярб. АН (1779). Удзельнічаў у акад. экспедыцыях (1768—74) пад кіраўніцтвам П.С.Паласа. У 1781—82 здзейсніў падарожжа ў раёны рэк Буг і ніжні Днестр, якое апісаў у кн. «Падарожныя запіскі ад Санкт-Пецярбурга да Херсона ў 1781 і 1782 гг.» (1787). Аўтар шэрагу прац па заалогіі, пераважна па сістэматыцы рыб, першага рус. падручніка па прыродазнаўстве «Нарыс прыродазнаўчай гісторыі...» (ч. 1—2, 1786).
Літ.:
Райков Б.Е. Академик Василий Зуев, его жизнь и труды. М.; Л., 1955.
т. 7, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СЦІН (Міхаіл Дзянісавіч) (18.11.1907, в. Мікулічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.2.1968),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Волхаўскім, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся пры вызваленні Украіны і Малдавіі. 10—11.5.1944 у баях на правым беразе р. Днестр каля г. Ціраспаль мал. лейтэнант К. замяніў параненага камандзіра батальёна. Батальён на чале з К. 2 дні адбіваў контратакі ворага, знішчыў больш за 400 гітлераўцаў, 23 танкі і самаходныя гарматы. У ліп. 1944 батальён прарваў абарону праціўніка каля в. Мілянавічы на З ад г. Ковель і захапіў вышыню. Удзельнік вызвалення Варшавы і баёў за Берлін. Да 1946 у Сав. Арміі, пасля на адм.-гасп. рабоце.
т. 8, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯ́ГА ((Neaga) Штэфан) (Сцяпан Цімафеевіч; 7.12.1900, Кішынёў — 30.5.1951),
малдаўскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік малд. сімфанізму. Засл. дз. маст. Малдовы (1943). Скончыў Акадэмію музыкі і драм. мастацтва ў Бухарэсце па класах фп. (1927) і кампазіцыі (1940). З 1947 дырыжор сімф. аркестра Малд. філармоніі. Выкладаў у Кішынёўскай (1940—50, з перапынкам) і Маскоўскай (1942—44) кансерваторыях. Аўтар музыкі (з Э.Лазаравым) дзярж. гімна Малд. ССР (1945). Сярод твораў: араторыя «Песня адраджэння» (1951), кантаты «Штэфан Вялікі» (1946), «Бесарабцы» (1947) і інш.; 2 сімфоніі (1922, 1926), паэмы «Сляпы музыкант» (1940), «Паэма пра Днестр» (1943), сюіта «Малдавія» (1942) для сімф. арк.; канцэрт для скрыпкі (1944), «Дойна» для габоя (1940) з арк.; «Малдаўская фантазія»; камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., хары, рамансы і песні, апрацоўкі малд. нар. песень, музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.
т. 11, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б. СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач. ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач. жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт. Малдова.
М.Г.Нікіцін, У.І.Грынюк.
т. 13, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)