ЛО́ГІКА ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,

навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.

Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.​Гегель, К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.

Літ.:

Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;

Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛІ́ЗМ,

агульная назва філас. сістэм (поглядаў), у якіх сутнасці прадметаў надаецца асабліва ідэальны і субстанцыянальны сэнс. Зыходзіць з першаснасці духоўнага, мысліцельнага, псіхічнага і другаснасці матэрыяльнага, прыроднага, фізічнага. Узнік каля 2,5 тыс. г. назад. У філас. сэнсе І. азначае пэўную пазіцыю ў рашэнні асн. пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця. Калі ідэальнае набывае характар аб’ектыўнага духоўнага першапачатку свету, размова ідзе пра аб’ектыўны І., калі сутнасць пазбаўляецца аб’ектыўнай асновы — пра суб’ектыўны І. У 1-м выпадку сутнасць (ідэя) паўстае ў 2 іпастасях: з аднаго боку, яна павінна быць вечнай, абсалютнай і нязменнай, для чаго неабходна пастуліраваць асобны свет яе знаходжання, якімі выступаюць платонаўскі свет ідэй, арыстоцелеўская форма форм, лейбніцкія манады, гегелеўская абсалютная ідэя або розум Бога ў схаластычнай філасофіі; з другога боку, сутнасць як адбітак (цень) сваёй асн. ідэі-матрыцы прадстаўлена ў канкрэтных прадметах рэальнага свету. Таму рэчы маюць канец, існуюць у часе і прасторы, а іх сутнасць (ідэя) абсалютная і вечная, г.зн. існуе па-за часам і прасторай. У рамках аб’ектыўнага І. сцвярджаецца ідэя гіпераб’ектыўнага крытэрыю ісціны; апошняя набывае неабходны аб’ектыўны сэнс, які раскрываецца не кожнаму розуму, а толькі таму, што філасофствуе. У сістэме суб’ектыўнага І. формы пачуццёвага пазнання (прастора і час у філасофіі Дж.​Берклі, Д.​Юма і І.​Канта) і сутнасці абстрактных паняццяў (напр., прычына, неабходнасць, усеагульнасць, заканамернасць і г.д.) выводзяцца з прыроды самой свядомасці чалавека. Такім чынам сутнасць аддзяляецца ад прадмета, набывае асаблівы намінальны сэнс або характар прыроджаных ідэй (Р.​Дэкарт). Крытэрый ісціны з аб’ектыўна-анталагічных асноў пераходзіць у бок логіка-псіхал. форм пазнання. Суб’ектыўны І. рэалізуецца ў такіх сваіх разнавіднасцях, як суб’ектывізм, скептыцызм, сафістыка, агнастыцызм, ірацыяналізм, інтуітывізм, прагматызм, валюнтарызм, пазітывізм і інш. І. супрацьстаіць матэрыялізму ў вырашэнні асн. пытання філасофіі (аб адносінах матэрыі і свядомасці матэрыяльнага і духоўнага). І. ўяўляе сабой моцны пласт духоўнай культуры чалавецтва і ў спалучэнні з матэрыялізмам дазваляе скласці цэласнае ўяўленне пра свет, у рамках якога чалавек выступае моцным фактарам сацыяпрыроднага прагрэсу. У быт. сэнсе паняцце «І.» абазначае схільнасць людзей да абстрактнага тэарэтызавання, бескарыслівага захаплення нерэальнымі ідэямі, нездзяйсняльнымі планамі і праектамі.

Літ.:

Идеалистическая диалектика в XX ст. М., 1987.

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЧЫ́МАСЦЬ І РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

узаемазвязаныя катэгорыі дыялектыкі, якія характарызуюць працэс станаўлення і развіцця ўсіх прадметаў і з’яў з пункту гледжання неабходнай паслядоўнасці яго пэўных момантаў (стадый, узроўняў). Магчымасць — такі ідэальны стан прадмета ці з’явы, калі ўласцівыя ім унутр. тэндэнцыі ў сваім руху яшчэ не дасягнулі дастаткова яснай акрэсленасці і форм яе знешняга выражэння, каб самастойна існаваць у якасці новых прадметаў і з’яў, г.зн. не пераўтварыліся ў элементы існуючай рэчаіснасці. Пераход з ідэальнага стану ў рэчаіснасць адбываецца згодна з логікай развіцця кожнага прадмета ці з’явы і залежыць ад наступлення пэўных умоў. Рэчаіснасць — тое, што ўжо існуе Усё існуючае ў кожны дадзены момант у вобразе пэўнай рэчаіснасці ў свой час прадстаўляла сабою магчымасць. Таму магчымасць з’яўляецца перадумовай рэчаіснасці, а працэс развіцця прадметаў і з’яў набывае выгляд бясконцых пераходаў магчымасці ў рэчаіснасць і адначасова ўзнікнення ў рэчаіснасці новых магчымасцей, якія пракладваюць шлях да фарміравання новай рэчаіснасці. Філас. класіфікацыя магчымасці ўключае абстрактныя (фармальныя) і рэальныя (канкрэтныя) магчымасці. Абстрактная магчымасць не супярэчыць сутнасці прадмета або з’явы і не адмаўляе аб’ектыўнай логікі іх развіцця, але ў дадзены час не можа пераўтварыцца ў рэальнасць, таму што адсутнічаюць неабходныя і дастатковыя ўмовы для такога пераходу. Рэальная магчымасць ужо ў дадзены момант абапіраецца на неабходную колькасць умоў, каб стаць элементам існуючай рэчаіснасці. Але фактычны пераход гэтай магчымасці ў рэчаіснасць часта залежыць ад наяўнасці некаторых дадатковых фактараў (напр., у грамадскім жыцці — ведаў, волі і г.д.). Абстрактная і рэальная магчымасць звязаны паміж сабой узаемапераходамі, г.зн., што абстрактная магчымасць дзякуючы змене ўмоў становіцца рэальнай магчымасцю, а апошняя можа перайсці ў разрад абстрактнай магчымасці (напр., у гісторыі, палітыцы).

Сістэматычнае навук. асэнсаванне М. і р. пачалося ў Стараж. Грэцыі прадстаўнікамі элейскай і мегарскай школ. Дыялектыку М. і р. распрацоўваў Арыстоцель, погляды якога панавалі ў філасофіі сярэдневякоўя. Развіццё філас. ідэй аб М. і р. звязана з імёнамі Т.​Гобса, Ж.Б Ламарка, І.​Канта, Г.​Гегеля, К.​Маркса, Ф.​Энгельса, У.​І.​Леніна, Б.​Расела, С.​А.​Крыпке, Я.​Хінцікі.

Літ.:

Маковка Н.М. Проблема выбора в диалектике возможности и действительности. Ростов н/Д, 1978;

Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;

Методологические функции философских категорий. Саратов, 1985.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ВО́БРАЗ,

спосаб і форма адлюстравання і стварэння свету ў мастацтве; катэгорыя маст. дзейнасці. Існуе ў канкрэтна-пачуццёвай форме, г. зн. у працэсе станаўлення М.в. адбываецца абагульненне канкрэтнага, адзінкавая з’ява паўстае адначасова як асаблівая і як усеагульная. Гэта абагульненне адметнае цэласнасцю, у якой рацыянальны пачатак цесна зліваецца з эмацыянальным. М.в. мае шматгранную прыроду. Т.зв. мікравобраз — малая часцінка маст. тканіны твора (у паэзіі — метафары, метаніміі, у музыцы — такты ў мелодыі, у выяўл. мастацтве — фрагмент і г.д.). У больш буйным плане М.в. — вобраз героя, дзеючай асобы маст. твора (вобразы Яўгена Анегіна А.​Пушкіна, Сымона-музыкі Я.​Коласа, Караля Стаха У.​Караткевіча, вобразы зняволеных у канцлагеры ў цыкле карцін М.​Савіцкага «Лічбы на сэрцы»), Максімальны маштаб вобраза — цэласнае ўтварэнне мастацкасці ўвогуле (спектакль, скульптура, раман, будынак ці сістэма будынкаў). Як дыялектычна супярэчлівае, рухомае адзінства зместу і формы М.в. суадносіцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожае, трагічнае, агіднае, камічнае, узнёслае). У залежнасці ад характару гэтага адзінства — гарманічнай тоеснасці ці антаганістычнай проціпастаўленасці — атрымлівае адпаведную эстэт. ацэнку, што прадвызначае ролю М.в. ў працэсе маст. выхавання. Стылявыя разнавіднасці, выкарыстанне розных метадаў мастацкіх, рэалізацыя ідэалаў эстэтычных (грамадскага, выпрацаванага эпохай і часам, і асабістага, індывідуальнага ідэалаў мастака) у маст. творчасці спараджаюць шматлікія сістэмы маст. вобразнасці. Рэалізацыя ў мастацтве сац. і эстэт. ідэалаў садзейнічае стварэнню мадыфікаваных сістэм маст. вобразнасці ў межах нават аднаго кірунку: маст.-вобразная сістэма ў творчасці першых прадстаўнікоў бел. рамантызму (В.​Дунін-Марцінкевіч, В.​Каратынскі, Я.​Чачот) значна адрозніваецца ад сістэмы маст. вобразаў у творах больш позніх прадстаўнікоў рамантызму (раннія вершы і паэмы Я.​Купалы і Я.​Коласа, большасць твораў М.​Багдановіча). Першапачаткова М.в. узнікае ў свядомасці мастака. Пры яго стварэнні важнае значэнне набывае светасузіральная пазіцыя творцы, якая разам з маст. вымыслам, інтуіцыяй, густам эстэтычным выступае ў якасці кампанента маст. творчасці. М.в. знаходзіць пэўнае рэчыўнае афармленне ў розных відах мастацтва, дзе яго інтэрпрэтацыя абумоўлівае выкарыстанне спецыфічнай мовы пэўнага віду мастацтва (слова ў маст. л-ры, фарбы ў жывапісе, лініі ў графіцы, гук у музыцы і г.д.), раскрываецца ў мастацкай ідэі, якая дыктуе вырашэнне тэмы і сюжэта, кампазіцыю твора. Сваё пэўнае завяршэнне М.в. набывае ў працэсе яго ўспрымання, перажывання і ацэнкі рэцыпіентам мастацтва.

Літ.:

Выготский Л.С. Психология искусства. 2 изд. М., 1968;

Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь: Пер. с болг. М., 1970;

Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания: Очерки по истории образа. М., 1972;

Храпченко М.Б. Горизонты художественного образа // Контекст, 1980. М., 1981;

Малахов В.А. Искусство и человеческое мироотношение. Киев, 1988;

Малинина Н.Л. Диалектика художественного образа. Владивосток, 1989;

Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;

Яго ж. Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;

Яковлев Е.Г. Художник: личность и творчество. М., 1991;

Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;

Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. СПб., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВІЦЦЁ,

незваротнае, накіраванае, заканамернае змяненне матэрыяльных і ідэальных аб’ектаў. Адбываецца т.ч., што кожны наступны стан аб’екта — гэта «разгортванне» папярэдняга стану, ён абумоўлены, дэтэрмінаваны, выкліканы папярэднім («вынікае» з папярэдняга).

Ідэя Р. — адна з вядучых у гісторыі філасофіі, прырода- і грамадазнаўства. У еўрап. культуры паняцце Р. набыло катэгарыяльны і светапоглядны статус пры пераходзе ад антычнасці да сярэдневякоўя ў сувязі са станаўленнем паняцця гісторыі і яго хрысц. інтэрпрэтацый. З узнікненнем навукі Новага часу фарміруюцца ўяўленні аб накіраваных і незваротных змяненнях у прыродзе і грамадстве. Пераломную ролю адыграла стварэнне навук. касмалогіі, тэорыі эвалюцыі ў біялогіі і геалогіі. Замацаванне ідэі Р. ў навуцы пацягнула за сабой яе філас. асэнсаванне, здзейсненае ў рамках розных тэарэт. мадэляў: эвалюцыянізму (Г.​Спенсер), «творчай эвалюцыі» і «эмерджэнтызму» (Л.​Морган, А.​Бергсон), раўнаважна-інтэграцыйнай (А.​Багданаў), антрапалагічнай (экзістэнцыялізм, персаналізм) і інш. Вяршыняй у асэнсаванні працэсу Р. і стварэння яго агульнай тэорыі з’яўляецца дыялектычная мадэль (Г.​Гегель).

У адрозненне ад змяненняў Р. ўяўляе сабой самарух аб’екта, крыніца якога ў самім аб’екце. Яго вынікам выступае змена складу або структуры аб’екта (узнікненне, трансфармацыя або знікненне яго элементаў і сувязей). У гэтым сэнсе Р. — глабальнае цэласнае змяненне аб’екта або сукупнасці аб’ектаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Адначасова Р. — накіраваны працэс, які выражае пэўную паслядоўнасць і незваротнасць праходжання аб’ектам (які развіваецца) спецыфічных для яго ступеняў. Гэта інтэгральны працэс, для ажыццяўлення якога неабходны пэўны інтэрвал, пэўная серыя паслядоўных змяненняў, парадак і праходжанне асобных стадый якога не могуць быць адвольна зменены. З прычыны таго, што ўнутрана абумоўленая змена станаў аб’екта — існаванне 2 узаемапроцілеглых працэсаў (узнікненне і знікненне), суадносіны паміж імі могуць мець 3 формы: змяненні ад менш арганізаванага да больш арганізаванага (прагрэс); пераход ад больш арганізаванага да менш арганізаванага (рэгрэс); пераход, які не змяняе ўзроўню арганізацыі (функцыянаванне і кругаварот). Прагрэс найб. адэкватны працэсу Р. з яго спецыфічнымі рысамі; пры дамінаванні змен, якія вядуць да павышэння ўзроўню арганізацыі дадзенага аб’екта, заўсёды прысутнічае пэўнае спалучэнне 2 інш. форм змяненняў, што характарызуе супярэчлівую нелінейную прыроду. Пра гэта сведчаць і даныя сучасных навук (касмалогія, астраномія, біялогія, антрапалогія і інш.), якія раскрываюць працэсы Р. ў даступнай частцы Сусвету. Змены, выкліканыя самім аб’ектам, і змены, выкліканыя ўмовамі яго быцця, не з’яўляюцца 2 самаст. відамі руху, што былі б раздзелены ў прасторавых і часавых адносінах, таму што аб’ект «разгортвае» сябе праз умовы, а ўмовы рэалізуюць сябе праз «самаразгортванне» аб’екта. Адсюль вынікае суадносная прырода Р. і «неразвіцця» (проста рух). Гэта азначае, што тая ці інш. змена, якая ў адной сістэме адносін з’яўляецца проста рухам, у другой такой жа аб’ектыўнай сістэме суадносін выступае як фрагмент Р. Напр., рух планет вакол Сонца не можа быць прадстаўлены як Р., але як момант больш глабальных незваротных працэсаў касм. эвалюцыі кваліфікуецца як Р. Працэс Р. характарызуецца вял. разнастайнасцю канкрэтных відаў і форм. Вылучаюць 2 агульныя паказчыкі Р.: павышэнне ўзроўню арганізацыі і захоўванне эвалюцыйнай перспектыўнасці. У свеце неарган. прыроды крытэрыямі Р. выступаюць мера самаарганізацыі, узнікненне больш складаных структур і функцыянальных магчымасцей (нейтрына—плазма—поле—рэчыва і г.д.). Для арган. прыроды крытэрыямі Р. з’яўляюцца: ступень адаптацыі да ўмоў існавання, ступень эвалюц. пластычнасці арганізацыі, павелічэнне адноснай незалежнасці арганізмаў праз ускладненне ўзаемасувязей са знешнім асяроддзем. У адносінах да сац. свету (гл. Развіццё сацыяльнае) розныя філас. кірункі прапаноўваюць часам процілеглыя крытэрыі (ступень Р. прадукцыйных сіл, ступень Р. свабоды, павышэнне інтэграцыі і дыферэнцыяцыі, узровень Р. духоўнасці грамадства і асобы і г.д.). Наяўнасць розных вызначэнняў паказчыкаў сац. Р., іх неакрэсленасць і несувымернасць пабуджае да пошуку аб’ектыўных комплексных колькасных крытэрыяў. Напр., ААН уведзены агульны крытэрый — індэкс чалавечага Р., які ўключае 3 асн. паказчыкі росту; гадавога нац. валавога прадукту, што прыпадае на 1 чалавека; адукаванасці насельніцтва; сярэдняй працягласці жыцця ў краіне.

Літ.:

Северцов А.Н. Морфологические закономерности эволюции. М.; Л., 1939;

Проблемы развития в природе и обществе: (Сб. ст.). М.; Л., 1958;

Материалистическая диалектика как общая теория развития. Кн. 1—4. М., 1982—7;Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987.

А.​Б.​Савеня.

т. 13, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)