НАЗІРА́ЛЬНЫЯ КАМІ́СІІ Рэспублікі Беларусь, органы грамадскага кантролю за дзейнасцю папраўча-працоўных устаноў. Створаны ў 1965 пры выканкомах раённых, гар. і абл. Саветаў і пры СМ з ліку дэпутатаў Саветаў, таксама прадстаўнікоў грамадскіх арг-цый і прац. калектываў. Склад Н.к. зацвярджаецца мясц. Саветамі. Іх дзейнасць рэгулюецца папраўча-працоўным заканадаўствам і Палажэннем аб Н.к. Асн. задачы: кантроль за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, папраўчых работ з пункту гледжання захавання імі патрабаванняў заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем выхаваўчай работы з асуджанымі, прыцягненне грамадскасці да перавыхавання асуджаных, назіранне за паводзінамі асоб у быце і на вытворчасці пасля адбыцця імі пакарання, аказанне дапамогі ім у прац. і быт. уладкаванні.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́Н у эканоміцы,

узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч. вытв. працэсу, з другога — адна з самаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем.

Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл. Бартэр).

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙЦЯШО́НАК (Марыя Антонаўна) (н. 3.5.1942, г. Змяінагорск Алтайскага краю, Расія),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1972). Займалася пед. дзейнасцю, з 1974 — журналістыкай. Друкуецца з 1959 як празаік і публіцыст. Кнігі нарысаў і апавяданняў «Сярод блізкіх людзей» (1988), «Жанчына каля люстэрка» (1993) вызначаюцца добрым веданнем вясковага жыцця, тонкім псіхалагізмам, выразнасцю характараў.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНКЕ́ВІЧ (Габрыэль) (1722—1798),

архітэктар, педагог. Ураджэнец Беларусі. Вучыўся архітэктуры ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1752—54) у Т.​Жаброўскага і Рыме (1762—65). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У 1768—72 праф. архітэктуры, у 1783 рэктар Полацкага езуіцкага калегіума. У 1768 выканаў праект перабудовы капліцы ў касцёле св. Яна ў Вільні.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФІ́ТЫ [ад апа... + ...фіт(ы)],

абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА.

Існавала ў Віцебску ў 1906—13. Засн. ўрачом У.​В.​Счасновічам як прыватная школа. Для выкладання запрашаліся спрактыкаваныя ўрачы, акушэры-гінеколагі, якія спалучалі мед. практыку з навук. дзейнасцю. Праграма навучання сярэдняга акушэрскага персаналу забяспечвала цесную сувязь тэарэт. ведаў з практыкай. Штогод школа выпускала 30—60 чал.

т. 4, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖАНЕ́ЎСКІ (Іосіф) (31.3.1806, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 1870),

бел. вучоны ў галіне хірургіі і інфекц. хвароб. Д-р медыцыны (1829), праф. (1837). Скончыў мед. ф-т Віленскага ун-та (1827). З 1842 займаўся практычнай дзейнасцю па хірургіі ў Вільні. Навук. працы па пытаннях сыпнога тыфу, лячэнні пераломаў, артапедыі, дэсмургіі.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІ КЛІ́МАТ,

тып умерана цёплага субтрапічнага клімату з гарачым летам і халаднаватай дажджлівай зімою. Уласцівасці яго абумоўлены перавагай летніх субтрапічных антыцыклонаў і інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю ў халоднае паўгоддзе. Т-ра паветра летам 20—25 °C, зімою 5—10 °C, ападкаў 400—600 мм за год, асобныя раёны паўзасушлівыя. М.к. тыповы для ўзбярэжжа Міжземнага мора.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСТ-І́НДЫЯ (англ. East Indies літаральна Усходняя Індыя),

тэрмін, які ўжываўся ў мінулым у адносінах да тэр. Індыі і некаторых інш. краін Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Узнік у процівагу тэрміну Вест-Індыя. Назва О.-І. доўгі час захоўвалася ў сувязі з калан. дзейнасцю Ост-Індскай кампаніі англійскай, Ост-Індскай кампаніі нідэрландскай і інш.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАРА́ННЕ ў праве,

прадугледжаная законам мера крымінальна-прававога ўздзеяння, якая назначаецца паводле прыгавору суда. Ужываецца да асобы, прызнанай вінаватай ва ўчыненні злачынства, з прадугледжаным заканадаўствам пазбаўленнем або абмежаваннем правоў і свабод гэтай асобы. Мае на мэце аднаўленне сац. справядлівасці і папярэджанне ўчынення новых злачынстваў. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь існуюць асн. і дадатковыя П. Да асн. адносяцца грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы, абмежаванне па ваен. службе, арышт, абмежаванне свабоды, накіраванне ў дысцыплінарную часць (для ваеннаслужачых), пазбаўленне волі, пажыццёвае зняволенне і як выключная мера — смяротная кара. Апрача асн. П., да асоб, якія ўчынілі злачынствы, могуць ужывацца і дадатковыя П., як пазбаўленне воінскага або спец. звання, канфіскацыя маёмасці. Грамадскія работы, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю могуць ужывацца не толькі ў якасці асноўнага, але і дадатковага П.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)