АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. audire чуць + ...метрыя), акуметрыя,
вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100 да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫ ЦЭНТР,
медыцынская ўстанова, якая ажыццяўляе абследаванне насельніцтва на аснове канцэнтрацыі і выкарыстання найноўшых сродкаў і метадаў дыягностыкі. Забяспечвае неабходны аб’ём і ўзровень дыягностыкі, комплексную кансультацыю спецыялістаў любога профілю. Структура Д.ц.: кансультацыйнае аддзяленне і 6 дыягнастычных — лабараторна-дыягнастычнае (праводзяцца біяхім., імуналагічныя, мікрабіял. і інш. даследаванні), эндаскапічнае (вызначаецца стан унутр. полых органаў — страўніка, жоўцевага пузыра, бронхаў і інш.), функцыян. дыягностыкі (даследаванні сэрца і сасудаў), ультра-гукавых даследаванняў унутр. органаў, прамянёвай дыягностыкі з камп’ютэрнай тамаграфіяй, клінічнай патамарфалогіі. На Беларусі першы Д.ц. адкрыты ў 1989 у Мінску.
А.В.Таўкачоў.
Дыягнастычны цэнтр у Мінску. 1. Ультрагукавое даследаванне сэрца. 2. Камп’ютэрнае даследаванне галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСТА́ТЫКА,
раздзел аэрамеханікі, які вывучае раўнавагу газападобных асяроддзяў. Асн. задача аэрастатыкі — даследаванне залежнасці ціску атмасферы ад вышыні, а таксама сілы, якая дзейнічае на целы, што плаваюць у паветры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНДЗІ́РАВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,
даследаванне вертыкальнага (найб. пашырана) або гарызантальнага (эпізадычна) размеркавання т-ры, вільготнасці, ціску паветра, сонечнай радыяцыі і інш. параметраў атмасферы. Праводзіцца з дапамогай самалётаў, аэрастатаў, радыёзондаў, метэаралагічных ракет і метэаралагічных спадарожнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),
прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕРТЫ́ЗА (франц. expertise ад лац. expertus вопытны),
даследаваннеэкспертам якіх-н. пытанняў, вырашэнне якіх патрабуе спец. ведаў у галіне навукі, тэхнікі, мастацтва і інш. Найчасцей праводзяцца Э. эканам., бухгалтарскія, урачэбна-прац., судовыя. Заключэнне суд. Э. з’яўляецца адным з доказаў па справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае размяшчэнне і тэр. арганізацыю насельніцтва, яго месца ў працэсе грамадскай вытв-сці і ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем. Цесна звязана з дэмаграфіяй, этнаграфіяй, сацыялогіяй.
Вылучаюць 2 асн. кірункі: даследаванне насельніцтва асобных краін і іх частак (правінцый, штатаў, абласцей, эканам. раёнаў) і даследаваннетэр. сістэм населеных месцаў з аналізам рэгіянальных адрозненняў у тыпах і формах рассялення. Вывучае рэгіянальныя адрозненні ва ўзнаўленні (натуральны рух) насельніцтва у яго дэмаграфічнай структуры, сацыяльны, этнічны склад, працоўныя рэсурсы і іх выкарыстанне, інтэнсіўнасць, склад і напрамак міграцый, шчыльнасць насельніцтва і тыпы засялення тэрыторыі, рэгіянальныя адрозненні ў спосабе жыцця, сувязь рассялення насельніцтва з размяшчэннем вытв. сіл. У адпаведнасці з гэтым фарміруюцца раздзелы геаграфіі насельніцтва: геаграфія паселішчаў, геаграфія працоўных рэсурсаў, геаграфія міграцый. Выкарыстоўвае метады статыстычнага, картаграфічнага, матэм. аналізу. Даследаванні па геаграфіі насельніцтва выкарыстоўваюць для тэр. планавання, паляпшэння тэр. арганізацыі насельніцтва і горадабудаўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА (ад антрапа... + генетыка),
раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац. развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял. эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;
Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1989—90.