аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).
М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Францішка Уршуля) (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),
пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт.зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.П.Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.Бакачыо, Я.Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.Арэшка і А.Вольскі.
Тв.:
Бел.пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;
Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОТАДРУКАВА́ННЕ,
паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў.
Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).
На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл.Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.
Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.
Літ.:
Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;
Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Л.П.Касцюкавец.
Да арт.Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.Міладоўскага.