КАСЦЕ́НІЧ (Ганна Трафімаўна) (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.​Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.​Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЖУХ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 7.3.1953, г. Драгічын Брэсцкай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1972), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Творчасць адметная кампазіцыйнай завершанасцю, метафарычнасцю мыслення, філасафічнасцю, абагульненасцю вобразаў: серыя «Чарнобыльская хроніка», «Святая зямля», «Сон. Сом», «Снеданне на траве», «Светлыя дні восені», «Купалле», «Флора-пастушка», «Настальгія», «Чорны раяль у экстэр’еры», «Тры грацыі», «Чай з лімонам», «Дама ў чорным на зялёным», «Дзяўчынка і лета» (усе 1990—96).

Г.​А.​Фатыхава.

У.Кожух. Святая зямля. 1990.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РМЕР (Дэлфцкі) (Vermeer van Delft) Ян (31.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 15.12.1675),

галандскі жывапісец, адзін з буйнейшых майстроў галандскага жанравага і пейзажнага жывапісу. Працаваў у Дэлфце. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам К.​Фабрыцыуса. Захавалася каля 30 яго карцін. Ужо ў ранніх творах імкнуўся аб’яднаць узнёсласць вобразаў з іх блізкасцю да натуры («У зводніцы», «Хрыстос у Марфы і Марыі»). З 2-й пал. 1650-х г. піша невялікія карціны з адной ці некалькімі постацямі ў гар. інтэр’еры, залітым сярэбраным святлом («Дзяўчына з пісьмом», «Служанка са збанам малака»), засяроджваючы ўвагу на агульным лірычным настроі сцэны. Стварыў шэдэўры пейзажнага жывапісу «Вулачка» і «Від Дэлфта». Яго творы 1660-х г. больш сузіральныя і вытанчаныя, а іх жывапіс больш халодны («Дзяўчына з жамчужынай»). У пазнейшых творах Вермера алегарызм, акад. прыёмы, сухасць і стракатасць лакальных колераў адлюстроўваюць агульны заняпад галандскага жывапісу; жыццёвы змест і чароўнасць вобразаў захаваліся толькі ў карцінах, дзе ўвасоблены людзі працы, мастацтва і навукі («Каруначніца», «Географ», «У майстэрні», «Урокі музыкі», «Дама за спінетам» і інш.).

Літ.:

Уилок А.К. Ян Вермер: Пер. с англ. М., 1994.

А.​В.​Кашкурэвіч.

Я.Вермер. Дама за спінетам. 1674—75.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РБА (Garbo) Грэта [сапр. Густафсан

(Gustafsson) Грэта Лавіса; 18.9.1905, Стакгольм — 15.4.1990], амерыканская кінаактрыса шведскага паходжання. Вучылася ў Каралеўскай акадэміі тэатр. мастацтваў у Стакгольме. З 1923 здымалася ў кіно, з 1926 у Галівудзе. Буйнейшая трагічная актрыса ў гісторыі кінематографа. Вобразы, створаныя Гарбай, адметныя драматызмам, псіхал. глыбінёй. Шчырасць і сардэчнасць ігры актрысы, прыродная абаяльнасць прынеслі ёй сусв. вядомасць. Сярод фільмаў: «Чароўная жанчына» (1928),

«Каралева Крысціна» (1933), «Ганна Карэніна» (1935), «Дама з камеліямі» (1937). З 1941 не здымалася. У 1954 атрымала спец. прэмію «Оскар».

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЗЕ ((Duse) Элеанора) (3.10.1858, г. Віджэвана, Італія — 21.4.1924),

італьянская актрыса. З акцёрскай сям’і. Выступала ў італьян. вандроўных трупах, у 1887 арганізавала ўласную. Шмат гастраліравала па краінах Еўропы і Амерыкі. Актрыса трагічнага плана. Лепшыя ролі: Тэрэза Ракэн («Тэрэза Ракэн» Э.​Заля), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына), Сантуца («Сельскі гонар» Дж.​Вергі), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Мірандаліна («Карчмарка» К.​Гальдоні), Ганна («Мёртвы горад» Г.​Д’Анунцыо). Дэмакр. і гуманіст. мастацтва Д. вызначалася праўдзівасцю, філігранным майстэрствам.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБІ́РАВА (Лютфія Рашыджанаўна) (н. 7.12.1932, г. Самарканд, Узбекістан),

таджыкская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—83 салістка Тадж. т-ра оперы і балета (г. Душанбе). Сярод партый у нац. операх — Нісо («Бахціёр і Нісо» С.​Баласаняна), Гульру («Пулат і Гульру» Ш.​Сайфіддзінава), у класічных — Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Дэздэмона, Аіда («Атэла», «Аіда» Дж.​Вердзі), Бес («Поргі і Бес» Дж.​Гсршвіна), у аперэтах — Сільва («Сільва» І.​Кальмана), Чана («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна).

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1941, 1944—47 у Бабруйску. Маст. кіраўнікі: К.​Стэцкі, М.​Кавязін (з 1945). У рэпертуары былі: «Надзвычайны закон» бр. Тур і Л.​Шэйніна, «Жыццё вучыць» В.​Галаўчынера, «Лодачніца» М.​Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона, «Лісічкі» Л.​Хелман, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Рускае пытанне» К.​Сіманава і інш. У 1947 пераведзены ў Гродна (гл. Гродзенскі абласны драматычны тэатр).

Літ.:

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество: Исслед. Свидетельства. Воспоминания. Мн., 1990. С. 36—54.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІНГ (Віцінгс) Яўген Эдуардавіч

(2.8.1884, С.-Пецярбург — 20.8.1959),

спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.​Самарадаў.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (13.12.1900, г. Замасць, Польшча — 1.10.1970),

расійскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1944). У 1934—49 саліст Укр. т-ра оперы і балета, у 1950—56 — Вял. т-ра. Дзякуючы моцнаму голасу прыгожага мяккага тэмбру, выразнай дыкцыі, псіхал. адухоўленасці выканання стварыў галерэю яскравых запамінальных вобразаў: князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ялецкі, Мазепа («Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Нагульнаў («Узнятая цаліна» І.​Дзяржынскага), Шчорс («Шчорс» Б.​Ляташынскага).

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КАВА (Ніна Сяргееўна) (н. 8.10.1928, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Расіі (1969), нар. арт. СССР (1981). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1958), з 1978 выкладае ў ёй. У 1958—85 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Варвара («Бязродны зяць» Ц.​Хрэннікава), Клара («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева), Санетка («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча). Выступае ў канцэртах. Лаўрэат Міжнар. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1958). Дзярж. прэмія Расіі 1972.

т. 7, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)