ЗУ́БАЎ (Аляксандр Васілевіч) (н. 13.12.1936, г. Махачкала, Дагестан),

бел. мовазнавец. Акад. Міжнар. акадэміі інфарматызацыі (1996). Д-р філал. н., праф. (1986). Скончыў Маскоўскі ун-т (1964). З 1965 працуе ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (з 1995 прарэктар). Вывучае праблемы лінгвістыкі тэксту, камп’ютэрнай лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, камп’ютэрнага навучання. Аўтар прац «Апрацоўка на АС ЭВМ тэкстаў натуральных моў» (1977), «Праблемы нараджэння тэксту» (ч. 1—2, 1987—89); сааўтар кніг «ЭВМ аналізуе тэкст: Кніга для настаўніка» (1989), «Асновы лінгвістычнай інфарматыкі» (ч. 1—3, 1991—93), «Лінгвістычная інфарматыка» (1995) і інш.

Т.​Я.​Жэбіт.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЕВА (Фазу Гамзатаўна) (н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),

аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЛА́ЕЎ (Мурад Магамедавіч) (н. 15.1.1931, Баку),

дагестанскі і расійскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978), нар. арт. СССР (1981). Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1955). З 1989 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Акад. вял. канцэртнага аркестра Дзяржтэлерадыё Масквы. З 1993 выкладае ў кансерваторыі ў Растове-на-Доне (праф. з 1995). Аўтар першага дагестанскага балета «Гаранка» паводле Р.​Гамзатава (паст. 1968). Сярод інш. твораў: кантаты; для сімф. арк. — паэма «Памяці 28 герояў-панфілаўцаў» (1953), сімф. карціны «Дагестан» (1955; 2-я рэд. 1960), сімф. танцы-карціны (1974), сімф. фрэскі (1979), сімф. ілюстрацыі «Імам Шаміль» (1992); канцэрт для джаз-аркестра («Афрыканскі», 1964, 2-я прэмія Міжнар. фестывалю джазавай музыкі, Прага, 1966); камерна-інстр. п’есы; хары, рамансы, песні, музыка для кіно, драм. т-ра, цырка. 1-я прэмія міжнар. конкурсу кампазітараў (Вена, 1959). Дзярж. прэмія Дагестана 1967. Дзярж. прэмія Расіі імя Глінкі 1970.

т. 7, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ Пётр Аляксандравіч Пётр Аляксеевіч

(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.​Я.​Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл. Іл. гл. таксама ў арт. Багданчук С.Я.

Г.​А.​Фатыхава.

П.Данелія. Пачуццё сустрэчы. 1982.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАЦІЁН (Пётр Іванавіч) (1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),

расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.​Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.​В.​Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр. Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр. Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.

П.І.Баграціён.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),

выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.

На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Гравіраванне. Фрагмент алтарнага крыжа. Канец 16 — пач. 17 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Якуцкае гравіраванне па косці. Е.​Янку. Хітры крумкач. 1969. Фрагмент.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)