механізм, які забяспечвае вярчэнне двух валоў, размешчаных пад пераменным вуглом адносна адзін аднаго. Бывае жорсткі (рухомае злучэнне звёнаў) і пругкі (пругкае злучэнне); сінхронны (вярчэнне валоў з пастаяннай скорасцю) і асінхронны (нераўнамернае вярчэнне выхаднога вала). Паслядоўнае злучэнне К.ш. наз. карданнай перадачай. Выкарыстоўваецца ў прыладах (гл.Гіраскоп), станках, трансп. машынах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛЬЦЫ (halterium),
парныя булавападобныя або колбападобныя мініяцюрныя органы двухкрылых, самцоў вееракрылых і чарвяцоў. Уяўляюць сабой відазмененыя крылы — заднія ў двухкрылых і чарвяцоў або пярэднія ў вееракрылых. Аснова і галоўка Ж. маюць вял. колькасць органаў пачуццяў — сэнсіл (напр., у сляпнёў іх 565). Іх вял. колькасць у насякомых, якія добра лётаюць. У палёце Ж. вагаюцца (б’юць) з той жа частатой, што і крылы, але ў процілеглай фазе, і функцыянуюць як гіраскоп. Выдаленне Ж. (у эксперыменце) у мух парушае стабілізацыю палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАСТАБІЛІЗА́ТАР,
прыстасаванне для стабілізацыі асобных аб’ектаў ці прылад і вызначэння вуглавых адхіленняў. Асн. частка — гіраскоп. Адрозніваюць гідрастабілізатары непасрэдныя, сілавыя, індыкатарныя.
Непасрэдныя гідрастабілізатары дзейнічаюць на аснове стабілізавальных уласцівасцей трохступеннага гіраскопа; выкарыстоўваюцца як гіраскапічныя сістэмы сачэння, для стабілізацыі адчувальных элементаў сістэм кіравання, як стабілізатары суднаў, вагонаў аднарэйкавай чыгункі. Сілавыя гідрастабілізатары — электрамех. прыстасаванні, якія акрамя гіраскопаў маюць спец. рухавікі для пераадольвання ўздзеяння на стабілізуемы аб’ект знешніх узбуральных момантаў; выкарыстоўваюцца на суднах, лятальных апаратах. Індыкатарныя гідрастабілізатары — сістэмы аўтам. рэгулявання: вызначаюць становішча аб’екта і кіруюць сістэмамі сачэння, якія стабілізуюць аб’ект; выкарыстоўваюцца ў інерцыйных навігацыйных сістэмах на суднах і лятальных апаратах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
электрамеханічныя прыстасаванні для вызначэння параметраў руху (ці становішча) і стабілізацыі аб’екта, на якім яны ўстаноўлены. Асн. частка гіраскапічных прылад — гіраскоп.
Да гіраскапічных прылад адносяцца: гіратахометры і гіраінтэгратары (для вымярэння вуглавых скарасцей і вуглоў павароту); гірашыроты (паказваюць геагр. шырату месца), гіравертыкалі і гірагарызанталі (фіксуюць напрамак сапраўднай вертыкалі ці плоскасці гарызонта, што дае магчымасць вызначаць вугал нахілу аб’екта адносна падоўжнай або папярочнай восі); гіракомпасы; гірамагн. і гіраіндукцыйныя компасы і курсавыя сістэмы (паказваюць курс рухомага аб’екта ці вугал яго павароту вакол верт. восі); гіратэадаліты (гл. ў арт.Тэадаліты); гірастабілізатары і інш. Гіраскапічныя прылады выкарыстоўваюць у марскім флоце, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, для спец. работ (маркшэйдэрскіх, геадэзічных, тапаграфічных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭ́СІЯ (ад лац. praecessio рух наперад),
1) рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.
Складаецца з уласнага вярчэння цела з вуглавой скорасцю Ω вакол восі OZ (O — нерухомы пункт) і вярчэння вакол восі OZ1 з вуглавой скорасцю
(ψ — вугал П.; гл.Эйлеравы вуглы). Адначасова могуць адбывацца нутацыйныя ваганні цела, пры якіх мяняецца вугал нутацыі θ (гл.Нутацыя). Калі ў час руху велічыні θ, Ω, ω пастаянныя, то П. наз. рэгулярнай; пры гэтым вось ΟΖ апісвае вакол восі ΟΖ1 прамы кругавы конус.
2) П. ў астраноміі — павольны рух восі вярчэння Зямлі па кругавым конусе, вось якога перпендыкулярная да плоскасці зямной арбіты, з перыядам поўнага абароту ≈ 26 000 г. З’ява П. Зямлі адкрыта Гіпархам і растлумачана І.Ньютанам. Яна абумоўлівае павольнае зрушэнне пунктаў веснавога і асенняга раўнадзенстваў, перамяшчэнне полюсаў свету паміж зоркамі, змену экватарыяльных і экліптычных каардынат нябесных цел. Адначасова з П. адбываюцца нутацыйныя ваганні зямной восі. Гл. таксама Гіраскоп.