ВА́КУУМНАЯ ПЛА́ЎКА,

плаўка металаў і сплаваў у вакууме (звычайна пры 100—0,1 Па). Дае магчымасць ачысціць метал ад газаў, лятучых прымесяў, неметал. уключэнняў, таму гэты метад выкарыстоўваюць у вытв-сці металаў для асабліва адказных вырабаў. Ажыццяўляецца ў дугавых, індукцыйных, электронна-прамянёвых вакуумных пячах.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОШ ПРА́ЖСКІ,

чэшская сярэбраная манета. Вырабляўся з пач. 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пры Вацлаве II, Яне I, Карле I, Вацлаве IV, хутка пашырыўся ў Еўропе. У ВКЛ 14—15 ст. складаў аснову грашовай гаспадаркі; гэты час вядомы як «перыяд пражскага гроша».

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́Я,

закончаная частка п’есы і спектакля (драм., опернага, балетнага, музычнага). Падзел п’есы на Дз. ці акты звязаны з яе кампазіцыяй, са стылем і жанрам твора. У т-ры гэты падзел залежыць яшчэ і ад існуючых у пэўны перыяд нарматываў у дачыненні да спектакля.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ХНА,

у грэчаскай міфалогіі лідыйская дзяўчына-рукадзельніца, мастацтвам якой захапляліся німфы р. Пактола. На спаборніцтва ў ткацтве яна выклікала Афіну, але тая ператварыла Арахну ў павука, які няспынна тчэ сваю павуціну. Гэты сюжэт выкарыстаны ў карцінах П.​Рубенса, Я.​Тынтарэта, П.​Веранезе і інш.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯФІ́ТЫ [ад гелія... + ...фіт(ы)],

расліны, якія прыстасаваліся да жыцця пры вял. колькасці сонечнага святла (святлолюбівыя расліны). У цяні выяўляюць прыкметы прыгнечанасці. У геліяфітаў высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу: гэты працэс пачынае пераважаць над працэсам дыхання пры высокім асвятленні (хвоя звычайная, бяроза бародаўчатая, дуб звычайны, лістоўніца, пшаніца, падбел і інш.).

т. 5, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕ́РЦЫІ ЗАКО́Н,

закон механікі, паводле якога цела пры ўзаемным ураўнаважанні ўсіх сіл, што на яго дзейнічаюць, захоўвае стан спакою або раўнамернага прамалінейнага руху, пакуль прыкладзеныя сілы не вымусяць яго змяніць гэты стан. Адкрыты Г.​Галілеем у 1632, сфармуляваны І.​Ньютанам як першы з Ньютана законаў механікі.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1905—07,

барацьба парабкаў і сялян супраць памешчыкаў, за ліквідацыю панскага землеўладання ў час рэвалюцыі 1905—07. Масавай з’явай на вёсцы ў гэты час сталі мітынгі і дэманстрацыі, а найважн. сродкам барацьбы — стачка. На Беларусі ў перыяд рэвалюцыі адбылося 1118 (21,3%) с.-г. забастовак.

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОШ-ХАША́НА,

іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НДЫ (лац. Calendae ад calare клікаць),

у старажытнарымскім календары першы дзень кожнага месяца. У адпаведнасці з традыцыяй гэты дзень абвяшчалі жрацы, якія склікалі (адсюль назва) народ. Лік дзён па К. вялі толькі рымляне, таму выраз «адкласці да грэч. К.» азначае адкласці назаўсёды. Ад слова «К.» ўзнік тэрмін Каляндар.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАВІ́ЦКІЯ І́ДЫ,

паводле старажытнарымскага календара 15 сакавіка. У гэты дзень у 44 да н.э. быў забіты Юлій Цэзар. Змоўшчыкі (арганізатарамі былі Лонгін Гай Касій, Марк Юній Брут, Дэцым Юній Альбін Брут і інш.), баючыся ўзмацнення манархічных памкненняў Цэзара, забілі яго ў будынку курыі Пампея (Рым) у дзень пасяджэння сената.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)