атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЯ́ЧЫЧ (Святлана Сямёнаўна) (н. 2.4.1937, Мінск),
бел. танцоўшчыца. Нар.арт. Беларусі (1977). З 1952 у Дзярж.нар. хоры БССР. У 1960—83 салістка Дзярж. ансамбля танца Беларусі.
Выконвала сола ў многіх пастаноўках калектыву («На Купалле», «Вянок беларускіх танцаў», «Беларуская рапсодыя», «Гусі-лебедзі», «Беларускае вяселле» і інш.). Яе выкананне вылучалася пластычнасцю, эмацыянальнасцю.
Харэаграфічная кампазіцыя «На Купалле». Саліруе С.Вуячыч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕРГІЛЁЗ, аспергіламікоз,
хранічная інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Выклікаецца плесневымі грыбамі з роду аспергіл. Пашыраны па ўсім свеце. На Беларусі трапляецца спарадычна. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі і стрававальна-кішачны тракт. Да аспергілёзу асабліва ўспрыімлівыя птушкі (качкі, гусі, галубы і інш), буйн. раг. жывёла, коні, авечкі, сабакі, каты, пчолы. Бывае і ў людзей, занятых перапрацоўкай с.-г. сыравіны, заражанай спорамі грыба. Праяўляецца ў запаленні скуры, слізістых абалонак, органаў дыхання і стрававання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.9.1942, г. Майкоп, Адыгея — 29.10.1976),
рускі жывапісец. Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1961). У 1960-я г. працаваў у сюррэаліст. ключы («Струна», «Апостал», «Атамны выбух»). Вядомасць прынеслі работы ў рэаліст. манеры («Рускі віцязь», «Ілья Мурамец вызваляе вязняў», «Плач Яраслаўны», «Аўдоцця-разаначка», «Гусі-лебедзі», «Паўночны арол», «Туга па Радзіме», «Развітанне славянкі», «Нашэсце», «Парад 41-га», партрэт Маршала Сав. Саюза Г.К.Жукава, серыя «Вялікія жанчыны Расіі», усе 1970-я г.).
Літ.:
Доронин А. Художник Константин Васильев: Рассказ о творчестве. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭРЭЛЁЗ,
гемарагічная септыцэмія, інфекцыйная хвароба птушак, свойскіх жывёл і чалавека, якую выклікаюць бактэрыі пастэрэлы. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Хварэюць куры, гусі, качкі (халера птушак), буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя жывёлы. Узбуджальнік выдзяляецца з насавымі выцяканнямі, выдыхаемым паветрам і інш. Пераносчыкі — грызуны, кляшчы. Заражэнне адбываецца аэрагенным і аліментарным шляхамі, таксама праз пашкоджаную скуру. Пры вострай форме П. — з’явы септыцэміі з утварэннем на серозных і слізістых абалонках шматлікіх кровазліццяў. У жывёл высокая смяротнасць. Чалавеку П. перадаецца праз свойскіх жывёл, птушак. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЙ,
1) цёплыя краіны, куды адлятаюць на зімоўку пералётныя птушкі, якія кормяцца насеннем, дробнымі воднымі і беспазваночнымі жывёламі, зрэдку драпежныя і расліннаедныя. Гняздоўныя на Беларусі івалга, ластаўка вясковая, салавей, пеначкі, чарацянкі, валасянкавыя, мухалоўкавыя, бусел белы і інш. зімуюць у Афрыцы, белабровік, чарацянка садовая, сачыўка — у Азіі, заранка, аўсянка трысняговая — у Крыме і Закаўказзі, грак, жаваранкавыя, шпак, шыраканоска і інш. — у краінах Зах. Еўропы.
2) Чарада пералётных птушак. Жураўлі ляцяць клінам, гусі адна за адной, качкі фронтам, вераб’інападобныя і большасць інш. птушак скучанай чарадой.
3) Час адлёту (пералёту) птушак. Вызначаецца фізіял. станам, залежным ад навакольнага асяроддзя. Пералётныя птушкі Беларусі адлятаюць на зімоўку ў жн. — 2-й пал. лістапада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТАЗО́АН (Leucocytozoon),
род беспігментных прасцейшых класа спаравікоў, якія паразітуюць у эндатэліяльных клетках сценак крывяносных і лімфатычных сасудаў і форменных элементах крыві (эрытрабластах) птушак. Выяўлены ў 1884—89 В.Я.Данілеўскім. Пераносчыкі Л. — крывасосныя насякомыя, мошкі сям. Simuliidae. Палавыя асобіны (гаметацыты) Л. у страўніку мошкі ўтвараюць зіготы, якія праз шэраг стадый развіцця (аацысты, спаразоіты, меразоіты) трапляюць у кроў птушкі праз укус мошкі. Яны разносяцца ў эндатэліяльныя клеткі, дзе размнажаюцца шляхам шызаганіі, і трапляюць у эрытрабласты. Тут яны фарміруюцца ў гаметацыты. Л. знойдзены ў многіх птушак, у т. л. ў свойскіх (гусі, індыкі, качкі, куры, цацаркі).
Літ.:
Марков А.А. Лейкоцитозоозы // Болезни птиц. 2 изд. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫ́НА,
птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў-ВАНО́ (Іван Пятровіч) (8.2.1900, Масква — 25.3.19 87),
расійскі кінарэжысёр, мастак, сцэнарыст. Нар.арт. Расіі (1969), нар.арт.СССР (1985). Праф. Усесаюзнага ін-та кінематаграфіі (з 1952). Скончыў Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні (1923). Адзін з пачынальнікаў сав. мультыплікацыі. У мультыплікацыйным кіно з 1924. Сярод фільмаў: «Блэк энд Уайт» (1932, з Л.Амальрыкам), «Тры мушкецёры» (1938), «Мыйдадзір» (1939, 1954). Лепшыя фільмы — экранізацыі рус.нар. казак і твораў рус. класікі: «Канёк-Гарбунок» (1948, 1975), «Гусі-лебедзі» (1950), «Казка пра мёртвую царэўну і сем багатыроў» (1951), «Снягурка» (1952), «Дванаццаць месяцаў» (1956), «Ляўша» (1964), «Сеча пры Кержанцы» (1971), стэрэамультфільм «Чароўнае возера» (1979), «Казка пра цара Салтана» (1984, з Л.Мільчыным) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.