дывініл-нітрыльныя каўчукі, сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і акрыланітрылу, [—CH—CH=CH—CH2—]n—[CH2——CH(CN)—]m.
Аморфныя прадукты ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру, шчыльн. 940—1020 кг/м³. Раствараюцца ў арган. злучэннях: кетонах, араматычных вуглевадародах, хлорвытворных вуглевадародаў. Устойлівыя да ўздзеяння тэхн. маслаў, бензіну, аліфатычных вуглевадародаў. Атрымліваюць суполімерызацыяй у воднай эмульсіі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці масла- і бензінаўстойлівых гумавых вырабаў (ушчыльняльнікаў, сальнікаў, амартызатараў і інш.), у якасці пластыфікатараў для пластмасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРТЫЗА́ТАР,
прыстасаванне для аховы канструкцый машын і збудаванняў ад удараў і дынамічных нагрузак. Змяшчаецца паміж целам, якое ўспрымае і перадае ўдарную нагрузку, і целам, што засцерагаецца ад яе ўздзеяння (напр., паміж заднім мостам і кузавам аўтамабіля). У амартызатары выкарыстоўваюцца пругкія ўласцівасці цвёрдых целаў (гумавых элементаў, рысораў, тарсіёнаў), гідраўлічных спружын і газаў. Устанаўліваюцца ў сукупнасці з дэмпферам (часта ў адным блоку). Асн. тыпы амартызатараў: спружынны, гумавы, фрыкцыйны, пнеўматычны, гідраўлічны, гідрапнеўматычны (спалучае асаблівасці гідраўл. і пнеўматычнага амартызатара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МА (ад лац. gummi камедзь),
рызіна, вулканізат, эластычны матэрыял, які атрымліваюць вулканізацыяй каўчуку. Найважнейшая ўласцівасць гумы — высокаэластычнасць: здольнасць без значных астаткавых дэфармацый вытрымліваць шматразовыя расцяжэнні на 500—1000% у шырокім інтэрвале тэмператур.
Атрымліваюць гуму пераважна вулканізацыяй кампазітаў (гумавых сумесей), аснову якіх (звычайна 20—60% па масе) складаюць каўчукі (гл.Каўчук натуральны, Каўчукі сінтэтычныя). У састаў сумесей уваходзяць таксама вулканізуючыя агенты, напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. інгрэдыенты мэтавага прызначэння, агульная колькасць якіх можа дасягаць 15—20. Выбар каўчуку і склад гумавай сумесі абумоўлены прызначэннем, умовамі эксплуатацыі і тэхн. патрабаваннямі да вырабаў, тэхналогіяй вытв-сці. Паводле прызначэння і ўмоў эксплуатацыі адрозніваюць наступныя асн. групы: агульнага прызначэння (выкарыстоўваюць пры т-рах ад -50 да 150 °C); цеплаўстойлівую (для працяглай эксплуатацыі пры 150 — 200 °C); марозаўстойлівую (выкарыстоўваюць пры т-рах ніжэй за -50 °C); маслабензаўстойлівую; устойлівую да ўздзеяння агрэсіўных хім. рэчываў (кіслот, шчолачаў, азону); дыэлектрычную; электраправодную; магнітную; вогнеўстойлівую; радыяцыйнаўстойлівую; вакуумную; фрыкцыйную, харч. і мед. прызначэння і інш. Атрымліваюць таксама сітаватую гуму, гуму каляровую і празрыстую. Выкарыстоўваюць у тэхніцы, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне, побыце. Асартымент гумавых вырабаў налічвае больш за 70 тыс. найменняў. Больш за палавіну аб’ёму вырабленай гумы выкарыстоўваюць у вытв-сці шын.
Літ.:
Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЦЫЯНА́ТЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць адну або некалькі ізацыянатных груп (-N=C=O), звязаных з арган. радыкалам. Бясколерныя вадкасці, некат. — цвёрдыя рэчывы з нізкімі т-рамі плаўлення. Высокатаксічныя, у большасці — лакрыматары. ГДК 0,05—1 мг/м³.
Найб. характэрны рэакцыі далучэння нуклеафільных рэагентаў з рухомым атамам вадароду (спірты, вада, аміны і інш.). Уступаюць у рэакцыі цыкладалучэння, ды- і трымерызацыі, полімерызацыі. Атрымліваюць фасгенаваннем амінаў і замешчаных карбамідаў або раскладаннем карбамідаў. Выкарыстоўваюць для атрымання поліурэтанаў, пестыцыдаў, для апрацоўкі тканін і скуры (для надання ім воданепрымальных уласцівасцей), як вулканізавальныя агенты гумавых сумесей, кампаненты поліурэтанавых лакаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВЫЯ КЛЯІ́,
растворы каўчукоў у арган. растваральніках (бензіне, аліфатычных, араматычных, хларыраваных вуглевадародах і інш.).
Падзяляюць на 2 асн. групы: гумавыя кляі, якія не вулканізуюцца (растворы каўчуку натуральнага, каўчукоў сінтэтычных, гутаперчы), утвараюць клеявыя злучэнні ў выніку выпарэння растваральніку; гумавыя кляі, што вулканізуюцца (у іх састаў уваходзяць вулканізуючыя рэчывы), утвараюць больш трывалыя клеявыя злучэнні, чым гумавыя кляі першай групы. У залежнасці ад т-ры ўтварэння клеявога злучэння адрозніваюць гумавыя кляі гарачай (пры 140—150 °C) ці халоднай (пры 25—30 °C) вулканізацыі. Выкарыстоўваюць пры зборцы і рамонце гумавых вырабаў, у вытв-сці прагумаваных тканін, для мацавання гумы да металу, дрэва, шкла і інш.
горны лён, мінералы класа водных сілікатаў магнію, жалеза і інш. з групы серпенціну (хрызатыл-азбест) і групы амфіболаў (амфібол-азбест). Паралельна-валакністай будовы, расшчапляюцца на тонкія, трывалыя валокны. Колер залаціста-жоўты, зялёны, да чорнага, распушаны — белы. Бляск шаўкавісты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,5 г/см³. Вогнеўстойлівы (t пл. каля 1500 °C). У прам-сці выкарыстоўваецца пераважна хрызатыл-азбест. Радовішчы азбесту звязаны з ультраасн. пародамі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці азбестацэмент. трубаў і шыферу, азбестатэхн. прам-сці (тканіны, шнуры, стужкі), вытв-сці пластмасавых і гумавых вырабаў з азбеставым напаўненнем (тармазныя калодкі, фрыкцыйныя кольцы, электраізаляцыйныя матэрыялы і інш.), таксама ў вытв-сці паперы, кардону, фільтраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІЗА́ЦЫЯ,
тэхналагічны працэс пераўтварэння каўчуку ў гуму, які ажыццяўляецца з удзелам т.зв. вулканізавальных агентаў ці фіз. фактараў. У выніку вулканізацыі павышаецца трываласць, цвёрдасць, эластычнасць, цепла- і марозаўстойлівасць каўчуку, зніжаецца яго растваральнасць у арган. растваральніках, што абумоўлена злучэннем («сшываннем») гнуткіх макрамалекул каўчуку ў трохмерную прасторавую сетку рэдкімі папярочнымі сувязямі.
Папярочныя сувязі ў каўчуку пры вулканізацыі ўтвараюцца пад уздзеяннем агентаў вулканізацыі і энергет. фактараў (напр., высокая т-ра, іанізавальная радыяцыя). У якасці агентаў вулканізацыі выкарыстоўваюць арган. злучэнні розных класаў (напр., серазмяшчальныя, пераксіды, сінт. смолы), якія выбіраюць залежна ад хім. будовы каўчуку і мяркуемых умоў эксплуатацыі вырабаў. Большасць гумавых сумесей вулканізуюць пры т-ры 130—200 °C у формах ці ў «свабодным» стане ў катлах, аўтаклавах і інш.
Літ.:
Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВАГА АБУ́ТКУ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна гумаазбеставай прамысловасці для вырабу абутку з натуральнага або сінт. каўчуку з выкарыстаннем тэкст. матэрыялаў. У залежнасці ад прызначэння гумавы абутак падзяляюць на бытавы, спарт. і тэхн.; апошні прызначаны для аховы ног чалавека ад уздзеяння вады, агрэсіўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў і інш.), нізкіх т-р, удараў і інш. (напр., боты для рыбакоў, шахцёраў, рабочых хім. вытв-сцей і інш.). Абутак падзяляецца па відах тэхналогіі стварэння: клеены (на канвеерах — склейваннем папярэдне падрыхтаваных дэталей), штампаваны (штампуюць на спец. прэсах з наступнымі лакіраваннем і вулканізацыяй), фармаваны (прасуюць у формах з адначасовай вулканізацыяй). Гэта вытв-сць развіта ў многіх краінах свету, асабліва ў ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, краінах Еўропы. На Беларусі гумавага абутку вытворчасць развіваецца з 1950-х г. Дзейнічаюць Гомельскі завод хімічных вырабаў, Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, Крычаўскі завод гумавых вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́КІ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,
эластычныя сінт. палімеры, якія могуць быць перапрацаваны ў гуму. Атрымліваюць полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй.
Прыняты класіфікацыя і назва К.с. па манамерах, якія выкарыстоўваюць для атрымання каўчукоў (ізапрэнавыя, бутадыенавыя, бутадыен-стырольныя і да т. п.), ці па характэрнай групоўцы (атамах) у асн. ланцугу ці (і) бакавых групах макрамалекул (напр., полісульфідныя, крэмнійарган., фторкаўчукі). Паводле спосабу полімерызацыі падзяляюць на эмульсійныя і растворныя, па выпускной форме — на цвёрдыя, парашкападобныя, вадкія каўчукі, латэксы сінтэтычныя (водныя дысперсіі К.с.), па галінах выкарыстання — на каўчукі агульнага і спец. прызначэння. К.с. агульнага прызначэння (напр., ізапрэнавыя каўчукі, бутадыенавыя каўчукі, бутадыен-стырольныя каўчукі) выкарыстоўваюць для вытв-сці гумавых вырабаў (як і каўчук натуральны). Да каўчукоў спец. прызначэння адносяць масла- і бензаўстойлівыя (напр., бутадыен-нітрыльныя каўчукі), тэрмаўстойлівыя (напр., крэмнійарганічныя каўчукі), устойлівыя да ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя (напр., поліізабутылен), з высокай газанепранікальнасцю (напр., бутылкаўчукі) і К. с. з інш. ўласцівасцямі, якія адсутнічаюць у натуральным каўчуку і забяспечваюць выкарыстанне вырабаў з іх у спецыфічных (звычайна экстрэмальных) умовах Прамысл.вытв-сць К.с. (натрыйбутадыенавага) распачата ў 1932 у СССР паводле спосабу С.В.Лебедзева.
Літ.:
Догадкин Б.А., Донцов А.А., Шершнев В.А. Химия эластомеров. 2 изд. М., 1981;