ГА́СМАН ((Gassman) Віторыо) (н. 1.9 1922, г. Генуя, Італія),

італьянскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1943). Працаваў у т-рах Рыма, Мілана. У 1948—49 у трупе пад кіраўніцтвам Л.Вісконці. У 1950 стварыў (з Т.Сальвіні) трупу — Нац. т-р [з 1952 т-р італьян. мастацтва, у 1959 — Італьян. нар. т-р (Рым)]. Гасман — мнагапланавы, рознабаковы акцёр са своеасаблівым «адмоўным» абаяннем, яркім тэмпераментам, іроніяй. Сярод роляў: Праметэй («Праметэй» Эсхіла), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). З 1949 працуе як рэжысёр. Сярод пастановак: «Атэла», «Рамэо і Джульета» Шэкспіра, «Гулец» У.Беці. З 1947 здымаецца ў кіно: «Горкі рыс», «Вайна і мір», «Абгон», «Пачвары», «Тэраса», «Пустыня Тартары», «Вяселле», «Пах жанчыны» і інш.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРО́ТНІК»,

бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РГІЕЎ (Валерый Абесалавіч) (н. 2.5.1953, Масква),

расійскі дырыжор. Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1977). З 1977 дырыжор, з 1988 гал. дырыжор, з 1996 маст. кіраўнік — дырэктар Марыінскага т-ра. Муз. кіраўнік спектакляў «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Саламбо», «Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Пскавіцянка», «Садко», «Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава, «Мазепа», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Гулец», «Вогненны анёл», «Вайна і мір» С.Пракоф’ева, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча, «Саламея» Р.Штрауса, «Аіда» і «Атэла» Дж.Вердзі і інш. Супрацоўнічае з т-рамі «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш. Арганізатар і муз. кіраўнік фестываляў, прысвечаных творчасці Мусаргскага (1989), Пракоф’ева (1990), Рымскага-Корсакава (1994), заснавальнік міжнар. фестываляў «Зоркі белых начэй» (С.-Пецярбург, з 1993), у г. Мікелі (Фінляндыя, з 1993), «Гергіеў-фестывалю» ў г. Ротэрдам (Нідэрланды, 1996). З 1995 гал. дырыжор Ратэрдамскага філарманічнага аркестра. Лаўрэат Міжнар. конкурсу дырыжораў (фонд Гергіева фон Караяна, 1977). Дзярж. прэмія Расіі 1994.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ (Барыс Аляксандравіч) (н. 23.1.1912, Масква),

расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар. арт Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1937). Ў 1937—43 рэжысёр (з 1939 маст. кіраўнік) Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1943 рэж., у 1952—63 і 1967—82 гал. рэж. Вял. т-ра ў Маскве. З 1954 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Заснавальнік (1972), маст. кіраўнік і рэжысёр Маскоўскага музычнага камернага тэатра. Яго пастаноўкам уласцівы высокая маст. культура, падкрэсленая тэатральнасць, смелы рэжысёрскі пошук. Сярод пастаўленых ім спектакляў: у Горкаўскім т-ры — «Ніжагародцы» Э.Напраўніка (1942); у Ленінградскім малым т-ры оперы і балета — «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1946), «Ваявода» П.Чайкоўскага (1949); у Вял. т-ры — «Варожая сіла» А.Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948), «Садко» М.Рымскага-Корсакава і «Галька» С.Манюшкі (абодва 1949), «Аіда» (1951), «Травіята» (1953), «Фальстаф» (1962), «Атэла» (1978) Дж.Вердзі, «Снягурачка» Рымскага-Корсакава (1954), «Сямён Катко» (1970) і «Гулец» (1974) Пракоф’ева, «Руслан і Людміла» М Глінкі (1972), «Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі і «Мёртвыя душы» Р.Шчадрына (1977), «Арлеанская дзева» Чайкоўскага (1990), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1993), «Хаваншчына» М.Мусаргскага (1995), «Франчэска да Рыміні» С.Рахманінава (1998) і інш. Шэраг спектакляў паставіў за мяжой, у т.л. «Вогненны анёл» Пракоф’ева (1981, Прага). У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў оперы «Алеся» Я.Цікоцкага (1944, вызначалася нац. своеасаблівасцю) і «Кармэн» Ж.Бізэ (1945). Аўтар кніг па пытаннях муз. т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1949, 1950. Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1994.

Літ. тв.: Об оперной режиссуре. М., 1973; Размышления об опере. М.. 1979; Беседы об опере М., 1981; Ступени профессии. М., 1984; Сотворение оперного спектакля. М., 1985; Введение в оперную режиссуру. М., 1985.

Літ.:

Чудновский М.А. Режиссер ставит оперу... М., 1967;

Б.А.Покровский ставит советскую оперу. М., 1989.

І.В.Глушакоў.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́УСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),

рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял. сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус. рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.

Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-ва рус. драмы, 1921; Бел. тэатр.-маст. ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—30. Л., 1972—90.

Літ.·. Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979; Фридлендер Г.М. Реализм Достоевского. М.; Л., 1964; Карякин Ю.Ф. Самообман Раскольникова. М., 1976; Достоевский в зарубежных литературах. Л., 1978; Селезнев Ю И. Достоевский. 3 изд. М., 1990; Адамович А.М. Достоевский после Достоевского // Новый мир. 1981. № 10; Твардовская В.А Достоевский в общественной жизни России (1861—1881). М., 1990; Ф.Достоевский: Библиогр. произв. Достоевского и лит. о нем, 1917—1965. М., 1968.

А.М.Адамовіч, Р.І.Баравік (тэатр).

Ф.М.Дастаеўскі. Партрэт мастака В.Пярова. 1872.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)