«ГАЗ»,

марка грузавых аўтамабіляў. Выпускаецца акц. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1932. Мае алюмініевы блок цыліндраў, гіпоідную гал. перадачу, гідравакуумны ўзмацняльнік тармазоў, самаблакіравальны дыферэнцыял. З 1996 выпускаюцца бартавыя аўтамабілі з магутнасцю рухавіка 73,5—102 кВт, грузападымальнасцю 4—5,5 т, найб. скорасцю 80—90 км/гадз, а таксама поўнапрыводная мадэль ГАЗ-66-12-010 (88,3 кВт; 2 т; 90 км/гадз); з 1994 — «Газель» ГАЗ-3302 (73,5 кВт; 1650 кг; 115 км/гадз); з 1995 — яе мадыфікацыі, у т. л. 12-месцавы мікрааўтобус ГАЗ-3221.

Да арт. «ГАЗ». Грузавы аўтамабіль «Газель».

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЗВА́Л,

спецыялізаваны грузавы аўтамабіль, кузаў якога можа перакульвацца назад, убок або назад і ўбок. Найб. пашыраны С. з кузавамі бункернага, каўшовага ці універсальнага тыпу з гідраўлічным механізмам (пад’ёмнікам) перакульвання, які прыводзіцца ў дзеянне ад рухавіка аўтамабіля. Ёсць С. з пнеўматычным, пнеўмагідраўлічным прыводам, з прымусовай разгрузкай матэрыялаў з дапамогай шнэка, самазвальныя аўтапаязды (з цягача і паўпрычэпа з доннай разгрузкай). Грузападымальнасць С. да 180 т і больш. Выкарыстоўваюцца на земляных работах, пры здабычы карысных выкапняў (кар’ерныя С.) і інш. На Беларусі розныя тыпы С. выпускаюць Беларускі аўтамабільны завод (гл. таксама БелАЗ), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод колавых цягачоў. Гл. таксама Думпер.

Самазвалы 1 — МАЗ-525 (1950); 2 — «Волат» (Мінскага завода колавых цягачоў); 3 — МаАЗ-750516 (Магілёўскага аўтамабільнага завода); 4 — чатырохвосевы з пад’ёмнай сярэдняй воссю «Фрэйтлайнер» (ЗША).

т. 14, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць розных відаў транспарту, прызначаных для перавозкі пасажыраў і грузаў у горадзе і прыгараднай зоне, выканання работ па добраўпарадкаванні. Гарадскі транспарт — галіна гарадской гаспадаркі, уключае: трансп. сродкі (рухомы састаў), пуцявыя ўстройствы (рэльсавыя пуці, тунэлі, эстакады, масты, пуцеправоды, станцыі, стаянкі); прыстані і лодачныя станцыі, сродкі энергазабеспячэння (цягавыя электрападстанцыі, кабельныя і кантактныя сеткі, аўтазаправачныя станцыі); рамонтныя майстэрні і з-ды; дэпо, гаражы, станцыі тэхн. абслугоўвання; лінейныя прыстасаванні (сувязь, сігналізацыя, блакіроўка); дыспетчарскае кіраванне. Гарадскі транспарт падзяляецца на пасажырскі, грузавы і спецыяльны.

Пасажырскі гарадскі транспарт аб’ядноўвае вулічны (аўтобус, тралейбус, трамвай), пазавулічны скорасны (метрапалітэн, манарэйкавыя дарогі, фунікулёры, скорасны трамвай), легкавы аўтамабільны транспарт, двухколавы (матацыклы, веласіпеды, мапеды), водны (рачныя судны, паромныя пераправы, лодкі), паветраны (верталёты) транспарт. Да грузавога гарадскога транспарту адносяцца: грузавы аўтатранспарт (гл. Грузавы аўтамабіль), грузавыя трамвай, тралейбус, рачныя судны, чыг. транспарт прамысл. прадпрыемстваў. Спецыяльны гарадскі транспарт уключае: палівачна-мыечныя, падмятальныя, смеццеўборачныя і снегаўборачныя машыны, дарожныя рэманцёры, аўтавышкі, пажарныя машыны, рэфрыжэратары, санітарныя аўтамабілі і інш.

Да пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі быў толькі конны транспарт. Конка ўяўляла сабой вагон на 20—30 чал., які цягнулі 2—3 кані (на пад’ёмах запрагалі яшчэ пару коней). Скорасць 5 км/гадз. Першая конка пушчана ў Мінску ў 1892, мела 4 аднакалейныя лініі даўж. больш за 7 км. У гады грамадз. вайны не працавала, аднавіла работу ў 1921, заменена трамваем у 1929. У Магілёве конка працавала да 1910. Аўтобусны рух адкрыты ў Мінску ў 1924 (па 2 маршрутах), з 1934 стала працаваць таксі, з 1952 — тралейбус, з 1984 — метро. Першы на Беларусі трамвай пачаў працаваць у Віцебску 18.6.1898 (адзін з першых у Рас. імперыі), Наваполацку — з 1974, у Мазыры — з 1988. Тралейбусны рух пачаўся: у Мінску з верасня 1952, у Гомелі з 1962, у Магілёве з 1970, у Гродне з 1974, у Віцебску і Бабруйску з 1978, у Брэсце з 1981.

І.​І.​Леановіч.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХАЎСКО́Й Якаў Аўраамавіч (псеўд. Якуб, Якуба; 30.12.1879, г. Гродна — 31.7.1941),

бел. атлет і барэц. Скончыў Гродзенскую мужчынскую класічную гімназію (1898). Служыў у Гродзенскім гусарскім палку (з 1902, Варшава). Пасля заканчэння службы выступаў (1908—15) у барцоўскіх паядынках у цырках Расіі пад псеўд. Ічаджы. У 1913 атрымаў міжнар. прыз (ганаровы залаты пояс) за рэкордны нумар — перанос на адной руцэ 6 чал. (больш за 400 кг). Выконваў такія практыкаванні, як утрыманне на сабе памоста з аркестрам у 30 чал., падкідванне і прыманне на грудзі 2-пудовых (32 кг) гір, у стойцы «барцоўскі мост» трымаў на сабе 10 чал., 3 з якіх сядзелі на штанзе масай 160 кг, што знаходзілася ў выцягнутых руках атлета (агульная маса каля 900 кг), прапускаў цераз сябе па памосце грузавы аўтамабіль з 20 пасажырамі і інш. З 1918 нам. старшыні Усерас. саюза барцоў-атлетаў. Член рэд. савета час. «Борец-атлет» (Петраград) — першага сав. спарт. выдання. З 1919 выкладчык-інструктар спарт. клуба Петраградскай ваен. акругі. У 1920—26 меў шмат паказальных выступленняў на спарт. і інш. пляцоўках Петраграда. Летам 1937 выступаў з паказальнай праграмай на мінскім стадыёне «Дынама». Сярод вучняў Ч. — рэкардсмены свету і СССР па цяжкай атлетыцы М.​Буйніцкі, А.​Пятроў і інш.

Літ.:

Мядзведзеў М.Н., Чэхаўской Д.Я. Асілак Якуба: Пер. з рус. Мн., 1991.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)