ПЕГМАТЫ́Т [ад грэч. pēgma (pēgmatos) змацаванне, сувязь],

светлаафарбаваная буйназярністая вывергнутая (пераважна жыльная) горная парода. Найб. пашыраны гранітныя П. кіслага саставу, складзеныя з кварцу, мікракліну, кіслага плагіяклазу і слюд. Характэрны заканамерныя графічныя прарастанні мікракліну кварцам, т. зв. пегматытавая структура, што абумовіла назвы «пісьмовы граніт», «графічны пегматыт», «яўрэйскі камень». Крышталізуецца на заключных стадыях фарміравання інтрузіўных масіваў. Залягае ў выглядзе даек, жыл, лінзаў, гнёздаў, слупоў. З П. звязаны радовішчы рэдказямельных мінералаў, слюды, кварцу, каштоўных камянёў, керамічнай сыравіны.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРТ-СЕ́СІЯ»,

мастацкая акцыя, якая ўключае правядзенне конкурсу-выставы візуальных мастацтваў творчай моладзі і фестывальную харэаграфічную праграму. Праводзіцца з 1992 штогод у Віцебску. У выстаўцы ўдзельнічаюць студэнты маст. спецыяльнасцяў ВНУ Віцебска (факультэты мастацка-графічны, педагогікі і методыкі пач. навучання, музыкі і выяўл. мастацтва пед. ін-та, маст. канструявання вырабаў лёгкай прам-сці тэхнал. ін-та) і вучні маст. аддзяленняў вучылішчаў. Экспазіцыя выстаўкі ўключае раздзелы: жывапіс, графіка, дызайн, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, мадэлі адзення.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́НА (італьян. marina ад лац. marinus марскі),

жывапісны або графічны твор з выявай марскіх відаў, караблёў; жанр пейзажа. У еўрап. мастацтве ў 17 ст. М. перажыла росквіт у творчасці галандскіх жывапісцаў Я.​Порселіса, Х.​Сегерса, сям’і ван дэ Велдэ і інш. Сярод буйнейшых мастакоў 18—19 ст., якія звярталіся да жанру М., — Ж.​Вернэ ў Францыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі, Кацусіка Хакусай у Японіі, І.​Айвазоўскі ў Расіі і інш. Мастакі, якія працуюць у жанры М., называюцца марыністамі.

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСУ́ЖАЎ Аляксандр Ігаравіч (н. 31.10.1945, г. Пухавічы Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1970). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Для яго твораў характэрна імкненне да стварэння канцэптуальнага кірунку ў пейзажным жывапісе, дзе гал. выяўл. сродкі — паверхня, лінія, пляма: «Лету адыходзячаму» (1984), «Па дарозе да зімы» (1985), «Праз чырвонае «Пераход», «Праз блакітнае «Да ракі на назве...», «Праз чорнае «Азбука хлусні» (1988), серыя «Канцэптуальны пейзаж» (1993—94) і інш. Творчасць вылучаецца выразнасцю, мэтанакіраванай абмежаванасцю маст. сродкаў, радыкальным адыходам ад прыродных формаў.

Ч.​Ч.​Шамшур.

т. 6, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́СІН Барыс Якаўлевіч (н. 28.7.1945, в. Сафронава Борскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў станковых жывапісе і графіцы, пераважна ў тэхніках тэмперы і акварэлі. Асн. творы: «Слаўны горад Полацк» (1969), «Раніца» (1971), «Стары Віцебск» (1974), «Дзвіна» (1978), «Цюмень. Палярны Урал» (1986), «Зімовы пейзаж» (1990), «Восень» (1993), «Вечар», «Стары Полацк» (абодва 1994), «Віцебск. У канцы зімы» (1999), нацюрморты. Работы вылучаюцца пластычнай лёгкасцю, складанай рытмікай кампазіцыі, выразнай дынамікай ліній з сакавітымі плямамі колеру.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫ РАЗРЭ́З, геалагічны профіль,

графічнае адлюстраванне геал. будовы тэрыторыі, тэктанічнай структуры, радовішча і інш. аб’ектаў у вертыкальнай плоскасці. Паказвае склад горных парод, іх узрост і ўмовы залягання ўздоўж умоўнай лініі пэўнай працягласці (ад дзесяткаў метраў да соцень і тысяч кіламетраў) на паверхні Зямлі. Складаецца паводле матэрыялаў вывучэння свідравін, выхадаў горных парод на паверхню, горных вырабатак, геафізічных даследаванняў, часам на падставе геал. картаў; паказваецца на геал. картах і ў дакументацыі. На выяве геалагічнага разрэзу вертыкальны маштаб звычайна значна большы за гарызантальны. Геалагічным разрэзам называюць таксама апісанне ці графічны паказ стратыграфічнай паслядоўнасці і літалагічнага складу горных парод у пункце назіранняў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУГНІ́Н Мікалай Аляксандравіч (н. 28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія),

бел. мастацтвазнавец, педагог, графік. Канд. мастацтвазнаўства (1982). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага ун-та (1970) і выкладае ў ім. Даследуе гісторыю і праблемы развіцця бел. кніжнай графікі. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5, 1992), Працуе ў станковай графіцы: каля 70 кніжных знакаў (1966—89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы золак» (1970), «Слабада», «Дарога на Лучосу» (абедзве 1988), «Верасень» (1994), «Ранішні снег» (1996) і інш. У творчасці пераважае пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў, някідкія каларыстычныя інтанацыі («Зіма. Богаяўленскі сабор», 1993).

М.​Л.​Цыбульскі.

М.Гугнін. Зіма. Богаяўленскі сабор. 1993.

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАВА Людміла Пятроўна (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),

бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Л.Воранава. Флора. 1994.

т. 4, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬФ Георгій (Юрый) Віктаравіч (22.6.1863, г. Нежын, Украіна — 25.12.1925),

рускі крышталёграф. Чл.-кар. АН СССР (1921). Скончыў Варшаўскі ун-т (1885). Праф. Казанскага (1897), Варшаўскага (1898) і Маскоўскага (1918) ун-таў. Вынайшаў графічны метад апрацоўкі вынікаў вымярэння крышталёў з дапамогай стэрэаграфічнай сеткі (названа яго імем). Даў новы спосаб вываду ўсіх груп сіметрыі крышталёў. Навук. працы ў галіне росту крышталёў, вывучэння вадкіх крышталёў і крышталяоптыкі. Упершыню ў Расіі паставіў дослед па рэнтгенаструктурных даследаваннях крышталёў. У 1913 адкрыў закон інтэрферэнцыі рэнтгенаўскіх прамянёў, адлюстраваных атамнымі плоскасцямі крышталёў, і незалежна ад У.​Г.​Брэга вывеў асн. формулу рэнтгенаструктурнага аналізу (гл. Брэга—Вульфа ўмовы).

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСЮКА́ЙЦЬ Антон Аляксандравіч (н. 1.3.1944, в. Навіянка Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1970). З 1970 выкладае ў Бабруйскім праф.-тэхн. маст. каледжы. Працуе пераважна ў жанры пейзажа, нацюрморта. Сярод работ: акварэлі «Бабіна лета» (1969), «Хлебнае поле. Ля возера» (1971), серыі «Космас» (1971), «Стары Віцебск» (1970—72), «Стары Бабруйск» (1973—76); жывапісныя кампазіцыі «Эгвекінот. Каменны мяшок» (1978), «Вытокі» (1982), «Раніца» (1997), «Перад дажджом. У Навіянцы» (1999), «Дажджлівая восень» (2000), «Раніца. Кармеліцкі касцёл» (2001), «Цёплы дзень» (2002). Творы вылучаюцца мяккімі тонавымі пералівамі, лірычнасцю, тонкай перадачай святлопаветранага асяроддзя.

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)