ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),
тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел.прафес.т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел.нар.т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Апошняе спатканне» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.Купалы, «Ганка» У.Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Сабалеўскі А. Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУСЬКІ́»,
бел.нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕХ, ЧЭХ, РУС,
паводле польскіх і чэшскіх летапісных легенд, стараж.слав. князі, браты. Паходзілі з Харватыі або з Паноніі (цяпер тэр. Венгрыі), сыны яе правіцеля Пана. Паводле польскіх і чэш. хронік (найб. раннія — 14 ст.), Лех — стваральнік польскай дзяржавы. Ён заснаваў яе першую сталіцу — г. Гнезна (значыць «гняздо») у Вял. Польшчы на месцы, дзе знайшоў гняздо белага арла (выява гэтай птушкі стала гербам Польшчы). Ад Леха вяла радаслоўную першая (легендарная) польская дынастыя. У імені Лех увасобілася стараж. назва палякаў — ляхі. Чэх упершыню згадваецца ў хроніцы Космача (пач. 12 ст.), пазней у хроніках 14 ст. Даліміла і Пулкавы. Паводле польскіх крыніц (Велікапольскай хронікі, Хронікі Длугаша), ён — самы малодшы брат Леха. Чэшская паэма «Суд Любушы» паведамляе, што Чэх з дружынай пасяліўся на берагах трох рэк на 3, Пд і У ад сучаснай Прагі. Лічыцца заснавальнікам Чэшскай дзяржавы. Рус упершыню згадваецца ў Велікапольскай хроніцы як сярэдні брат Леха і Чэха, паводле Длугаша, ён унук Леха. Лічыцца заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы. У міфе пра Л., Ч., Р. адлюстравалася адзінства паходжання слав. народаў.
Літ.:
«Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв.: Пер. с лат.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕВІКІ́,
усходнеславянскія металічныя амулеты 11—14 ст. у выглядзе манетападобнай падвескі ці круглага складня. На вонкавым баку З. звычайна змяшчалася выява хрысціянскай сімволікі (Хрыстос, архангелы, святыя), на адваротным — кругавы надпіс (закліканне) і «змяінае гняздо». Лічылася, што З. засцерагаюць ад хвароб і немачы. Знойдзены З.: свінцовы канца 13 — пач. 14 ст. (Брэст), медны (Заслаўе) і бронзавы (Дрысвяты) з вушкам для падвешвання, бронзавы медальён-З. (Ваўкавыск), медны 12—13 ст. (Чачэрск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАДУ́НКА (Xenus cinereus),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў лесатундры і лясной зоне Еўразіі. Жыве па берагах рэк і азёр, на вільготных лугах. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца пераважна ў бас.р. Прыпяць, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 27 см, маса 100 г. Апярэнне зверху шаравата-бурае з чорнымі палосамі, знізу белае. Дзюба тонкая, доўгая, выгнутая ўгору, буравата-чорная, каля асновы бледна-аранжавая. Ногі жаўтавата-ружовыя. Корміцца дробнымі беспазваночнымі. Гняздо на зямлі, нясе 4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́НКА (Барыс Іванавіч) (н. 16.9.1937, г. Майкоп, Адыгея),
бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). У 1967—73 і 1981—82 рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1973—81 і з 1991 гал. рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі, у 1982—91 — Т-ра-студыі кінаакцёра. Адначасова з 1970 выкладае ў Бел.АМ. Творчую манеру вызначаюць імкненне да сцэн. метафарычнасці, псіхал. дакладнасць у абмалёўцы персанажаў, пошукі вобразнай выразнасці праз пластыку. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.Купалы — «Традыцыйны збор» В.Розава (1967), «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага (1968), «Памяць сэрца» А.Карнейчука (1970), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1972); у рус. т-ры — «Макбет» (1974), «Гамлет» (1998) У.Шэкспіра, «Трохграшовая опера» Б.Брэхта (1976), «Апошнія» М.Горкага (1977, з У.Маланкіным), «Трагедыя чалавека» І.Мадача (1979); у т-ры-студыі кінаакцёра — «Глядзіце, хто прыйшоў» У.Аро, «Шчасце маё, або Папяровы тэлефон» А.Чарвінскага (абедзве 1983), «Саракавыя» паводле твораў В.Астаф’ева, Р.Барадуліна, В.Быкава, М.Кульчыцкага, А.Куляшова, А.Твардоўскага, І.Чыгрынава, М.Шолахава (1984), «Гамлет» (1988). Паставіў «Рэвізор» М.Гогаля ў «Максім Горкі Тэатэр» (1980, Берлін). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў кінастужку «Раскіданае гняздо» (1982), тэлеспектаклі «Зацюканы апостал» (1984), «Вяртанне ў Хатынь» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙЦО́ВАЯ РЫ́БКА (Betta splendens),
сіямскі пеўнік, рыба роду пеўнікаў атр. акунепадобных. Пашырана ў прэсных вадаёмах Паўд.-Усх. Азіі. У Еўропу завезена ў канцы 19 ст. На Беларусі жыве ў акварыумах.
Даўж. 3—8 см. Цела выцягнутае, рознага колеру, пры спалоху і рэзкай змене ўмоў бясколернае. Самцы ярчэйшыя за самак, задзірыстыя, асабліва ў шлюбны перыяд (адсюль назва). У Тайландзе спецыяльна трэніруюць для баёў. Самец будуе гняздо з паветраных бурбалак, у якое пераносіць у роце ікрынкі. Лічынкі ахоўвае. Выведзена шмат парод для акварыумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
беларускае кніжнае выдавецтва ў Германіі. Існавала ў 1952—66 пры газ.«Бацькаўшчына». Адміністрацыя выд-ва знаходзілася ў Мюнхене, мела прадстаўніцтвы ў розных краінах. Выдала творы Я.Купалы («Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо», зб. «Спадчына»), Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы»), М.Багдановіча («Вянок»), Л.Калюгі («Нядоля Заблоцкіх»), А.Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя»), Р.Крушыны («Выбраныя творы»), Ю.Віцьбіча («Плыве з-пад святой гары Нёман»), В.Ластоўскага (зб. «Творы»), альманах «Ля чужых берагоў», зб. «Беларускія казкі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Уладзімір Пятровіч) (н. 7.11.1953, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Сярод твораў: тэматычныя карціны «Роспач», «Плады-1», «Плады-2», «Пан» (усе 1992), серыі «Спакуса» (1992), «Птушкі, якія не лятаюць» (1993), «Месячны шлях» (1996); пейзажы «Ранні снег» (1983), «Кінутыя гнёзды» (1995); нацюрморты «Сухія кветкі» (1981) і інш.; партрэты бацькі (1980), князя Міндоўга (1990) і інш. Творчасць вылучаецца багатай вобразнасцю, яркай метафарычнай мовай.
Л.Ф.Салавей.
У.Голуб. «Гняздо». Серыя «Птушкі, якія не лятаюць». 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ША (ад франц. niche гняздо) у архітэктуры, паглыбленне ў сцяне будынка ці збудавання для пластычнага ўзбагачэння фасадаў і інтэр’ераў, аблягчэння канструкцыі, устаноўкі статуй, ваз і інш. Бываюць прамавугольныя, лучковыя, арачныя, круглыя, паўцыркульныя, складанай формы, без абрамленняў або ўпрыгожаныя прафіляванымі архівольтамі, сандрыкамі і інш. Н. ў ваеннай справе — заглыбленне ў сценцы акопа, траншэі і інш. для захоўвання боепрыпасаў, харчавання, аховы ваеннаслужачых ад паражальных сродкаў і непагоды. У слабых грунтах сценкі і столь Н. часам абшываюць дошкамі ці падручным матэрыялам.