ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.М.Івахненка.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

уласцівасць глебы перашкаджаць змяненню сваёй актыўнай кіслотнасці (pH) пры ўздзеянні кіслот або шчолачаў.

Абумоўлена наяўнасцю ў ёй калоідаў, якія маюць здольныя да абмену іоны: іоны вадароду вызначаюць буфернасць у адносінах да шчолачаў, а іоны асновы — да кіслот. Глебавы раствор валодае буфернай уласцівасцю, калі ў ім ёсць солі моцнай асновы (натрыю, калію, кальцыю) і слабых, пераважна арган. кіслот (гумінавай, вугальнай і інш.), у сумесі са слабай кіслатой, у якой ёсць агульны з соллю аніён. Буфернасць глебы залежыць звычайна ад калоіднай і глеістай фракцый глебы. Найб. буферныя багатыя гумусам глебы цяжкага грануламетрычнага складу: чарназёмныя, тарфяністыя і інш. Расліны адмоўна рэагуюць на рэзкія ваганні pH глебы, таму буфернасць глебы адыгрывае вял. ролю ў іх росце і развіцці; яе можна павысіць унясеннем арган. ўгнаенняў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл. Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.

Т.А.Раманава.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойнымі і мяшанымі лясамі з мохавым, мохава-кусцікавым і мохава-травяным покрывам ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму і перыяд. ўвільгатнення. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны ў паўн. раёнах умераных шырот Еўропы, Зах. Сібіры, Д. Усходу, Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляюцца па ўсёй тэрыторыі, найб. плошчы ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Вылучаюць уласна падзолістыя глебы ў лясах і акультураны падтып на ворных землях. Марфал. глебавы профіль складаецца з некалькіх гарызонтаў: пад спрадвечнымі лясамі вылучаюць лясны подсціл таўшчынёй да 10 см, далей падзолісты гарызонт папяліста-бялявага колеру (да 7 см), падзоліста-ілювіяльны гарызонт жаўтавата-бялявага колеру (15—20 см) і ілювіяльны гарызонт бурага, палевага, светла-жоўтага колераў, які пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. П.г. характарызуюцца кіслай рэакцыяй асяроддзя, невял. колькасцю гумусу і пажыўных элементаў, вільгаці. Для павышэння ўрадлівасці П.г. праводзяць арашэнне, вапнаванне глебы, уносяць арган. і мінер. ўгнаенні. Гл. таксама Глеба.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)