парадак грыбоў гастэраміцэтаў. 16 родаў, каля 190 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды з роду несапраўдны дажджавік (Scleroderma); звычайны (S. aurantium) і бародаўчаты (S. verrucosum). Трапляюцца ў лясах, на ўзлесках, глебе, гнілой драўніне.
Пладовыя целы наземныя, паўпадземныя, шара- або клубнепадобныя, сядзячыя, радзей з несапраўднай ножкай. Абалонка 1—4-слойная, звонку гладкая або бародаўчатая, з лускавінкамі, шыпамі. Мякаць белая, мясістая, шчыльная, з узростам парашкападобная, цёмная. Споры круглаватыя, гладкія або бародаўчатыя, бясколерныя ці афарбаваныя. Неядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУЧАКАЛАСНІ́К (Anthoxanthum),
род кветкавых раслін сям, метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы (як заноснае — на ўсіх кантынентах). На Беларусі 1 від — П. духмяны, або пахучы каласок (Aodoratum). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на лугах.
П. духмяны — шматгадовая травяністая расліна. выш. да 50 см. Утварае дзярнінкі. Сцёблы голыя, гладкія. Лісце лінейнае, голае або апушанае. Суквецце — зеленавата-бурая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Расліна мае кумарыны, якія надаюць сену прыемны пах. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДО́УКА (Tricholoma),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНУ́ХА, свінушка, капытнік (Paxillus),
род шапкавых грыбоў сям. свінухавых (капытнікавых). Пашыраны ў Еўразіі (10 відаў) і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды С.: ніткаватая (P. filamentosus), панусападобная (P. panuoides), тонкая (P. involutus) і тоўстая (P. atrotomentosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах на глебе або гнілой драўніне.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лейкападобная з падагнутым хвалістым краем, карычнева-бураватая. Пласцінкі зыходныя. Мякаць на зломе цямнее. Ножка цыліндрычная, суцэльная. Споры эліпсоідныя, гладкія, вохрыстыя. Неядомая, мае ядавітыя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́К (Gyroporus cyanescens),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ў жн.—вер. на пясчанай глебе ў хвойніках і дубровах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 6—15 см, пукатая, потым распасцёртая, сухая, апушаная, светла-бурая або саламяна-жоўтая*. Мякаць белая, на зломе хутка і моцна сінее (адсюль назва). Трубачкі свабодныя з белымі або ружавата-бураватымі порамі. Ножка выш. 7—8 см, клубнепадобная, аднаго колеру з шапкай. Споры гладкія, яйцападобныя, светла-жаўтаватыя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАСО́НІК (Lepiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. шампіньёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў зонах з трапічным і субтрапічным кліматам. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя П.: востралускаваты (L. acutesquamosa), грабеньчаты (L. cristata), дробнашчытападобны (L. clypeolaria). Трапляюцца ў лясах, парках, сярод травы з чэрв. па кастрычнік.
Пладовае цела — шапка на ножцы дыям. 2—13 см, яйцападобная або званочкавая, потым распасцёртая, са шматлікімі лускавінкамі. Пласцінкі свабодныя, белыя. Ножка цыліндрычная, з нерухомым кольцам, выш. да 12 см. Споры бясколерныя, гладкія. Ядавітыя, ёсць ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОСТАГЛАНДЗІ́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы з шырокім спектрам фізіял. дзеяння; адносяцца да тлустых кіслот. Выяўлены ў тканках і органах большасці жывёл, чалавека і некат. раслін. Вядома каля 20 прыродных П. Першапачаткова лічыліся сакрэтам праста́ты (адсюль назва). Найважн.фізіял. ўздзеянне П. — здольнасць выклікаць скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і яйцаводаў (утрыманне П у тканках маткі пры родах і менструацыі значна павышаецца), мышцаў стрававальнай і дыхальнай сістэм, крывяносных сасудаў. П. зніжаюць здольнасць трамбацытаў да агрэгацыі, выдзяленне стрававальнага соку і яго кіслотнасці, актывізуюць дзейнасць ц. н. с. і інш.
Маюць шкілет з 20 атамаў вугляроду і цыклапентанавае кольца. У залежнасці ад структуры кольца адрозніваюць П. тыпаў E, F (фізіялагічна больш важныя), A, B, C, D, якія валодаюць розным спецыфічным уздзеяннем Напр., П. A зніжае крывяны ціск і не стымулюе гладкія мышцы інш. органаў, П. E зніжае крывяны ціск і адначасова стымулюе гладкія мышцы. Біясінтэз П. адбываецца ў семявых пузырках, у матцы, мозгу, трамбацытах, міякардзе, эндакрынных залозах і інш. тканках і органах. З прычыны надзвычай хуткага распаду (долі секунды — 2 мін) П., у адрозненне ад класічных гармонаў, дзейнічаюць побач з месцам сакрэцыі. Уздзеянне на фізіял. працэсы адбываецца праз рэгуляцыю ўнутрыклетачных пасрэднікаў (цыклічных нуклеатыдаў), якія ўплываюць на сінтэз бялкоў. П. таксама прымаюць удзел у рэгуляцыі клетачнага адказу на нейрагумаральнае ўздзеянне. Прэпараты П. і іх вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Літ.:
Варфоломеев С.Д., Мевх А.Т. Простагландины — молекулярные биорегуляторы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ТАПАЛО́ГІЯ,
галіна тапалогіі, якая вывучае ўласцівасці аб’ектаў і іх узаемных адлюстраванняў, што не мяняюцца пры неперарыўных дэфармацыях (гаматопіях). З кожнай тапалагічнай прасторай звязваецца паслядоўнасць алг. аб’ектаў Hn(x) (груп гамалогій); кожнаму неперарыўнаму адлюстраванню f:X → Y тапалагічных прастораў адпавядае набор гамамарфізмаў 𝑓n:Hn(X) → Hn(Y). Пры гэтым тапалагічная задача пераўтвараецца ў адпаведную алг. задачу. Калі сродкі алгебры дазваляюць рашыць такую задачу, то адваротным шляхам атрымліваюцца пэўныя меркаванні аб зыходнай тапалагічнай праблеме. У алгебраічнай тапалогіі звычайна разглядаюцца складаныя алг. аб’екты, напр., комплексы (мнагаграннікі, паліэдры), мнагастайнасці (замкнёныя, адкрытыя, гладкія, аналітычныя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.
Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)×(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял.гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.