музычна-сцэнічны жанр, які спалучае разнастайныя сродкі эстр. і быт. музыкі, драм., харэаграфічнага і опернага мастацтваў. У адрозненне ад аперэты мае скразную пластычную драматургію, уключае вак.-харэаграфічныя ансамблі, можа быць і камедыяй і драмай.
Як жанр сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў ЗША. Яго вытокі ў традыцыях англа-амер. баладнай оперы і муз. камедыі канца 19 — пач. 20 ст. Перыяд росквіту — 1940—60-я г.: «Аклахома» Р.Роджэрса (1943), «Цалуй мяне, Кэт» К.Портэра (1948), «Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу (1956), «Вестсайдская гісторыя» Л.Бернстайна (1957), «Скрыпач на даху» Дж.Бока і «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1964), «Чалавек з Ламанчы» М.Лі (1965) і інш. З канца 1960-х г. адбываецца крызіс жанру, звязаны з развіццём поп-музыкі і рок-оперы. У той жа час М. пашырыўся ў Еўропе. Вядомы экранізацыі М.: «Старыя на ўборцы хмелю» І.Бажанта, І.Маласека і В.Галы (Чэхаславакія, 1964), «Дзяўчаты з Рашфора» М.Леграна (Францыя, 1966), «Смешная дзяўчына» Дж.Стайна (ЗША, 1969), «Олівер» Л.Барта (Вялікабрытанія, 1970) і інш. У М. рас. кампазітараў выкарыстоўваюцца нац. традыцыі муз.т-ра, элементы рок-музыкі, песенныя жанры: «Мой брат іграе на кларнеце» А.Фельцмана (1968), «Вяселле Крачынскага» А.Колкера (1973), «Тры мушкецёры» М.Дунаеўскага, «Тыль» Г.Гладкова, «Бумбараш» У.Дашкевіча (усе 1974), «Прыгоды Бураціна» А.Рыбнікава (1975) і інш.
Сярод бел. кампазітараў у жанры М. працуюць А.Залётнеў («Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, 1983; «Дапытлівы слонік» паводле Р.Кіплінга, 1993; «Драўляны рыцар», 1994; «Сцяпан — вялікі пан» паводле А.Вольскага, 1995), А.Мдывані («Мес Менд», 1987), У.Кандрусевіч («Нявеста для Марціна», 1988; «Джулія» паводле С.Моэма, паст. 1990; «Шклянка вады», паст. 1994, усе Мінск; «Залёты» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча, паст. 1992, Віцебск), С.Бельцюкоў («Сцяпан — вялікі пан», 1989), А.Будзько («Пітэр Пэн», паст. 1990, Мінск) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкідарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Створаны ў Мінску ў 1970, адкрыты 17.1.1971 пастаноўкай муз. камедыі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі. Напачатку ў рэпертуары пераважалі спектаклі паводле твораў сучасных рас. аўтараў: «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна, «Хітрамудрая закаханая» А.Рабава, «Бабскі бунт» Я.Пцічкіна і інш. Паступова фарміраваўся нац. рэпертуар. Пастаўлены яркі, жыццярадасны спектакль «Паўлінка» (паводле Я.Купалы), аперэта-вадэвіль «Тыдзень вечнага кахання» Семянякі, муз. камедыі «Несцерка» і «Судны час» Р.Суруса, «Рэпартаж з пекла» і «Мільянерка» (паводле Б.Шоу) Я.Глебава, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, «Джулія» (паводле С.Моэма) і «Шклянка вады» У.Кандрусевіча. Сярод класічных аперэт найб. вылучаюцца «Сільва», «Марыца», «Баядэра» і «Прынцэса цырка» І.Кальмана, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» і «Цыганскі барон» І.Штрауса, а таксама творы сучасных рас. і замежных аўтараў — «Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу, «Гора ад розуму» А.Фельзера, «О, мілы друг» В.Лебедзева, «Сірано» С.Пажлакова, «Гуляем у Прынца і Жабрака» А.Журбіна, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Капялюш Напалеона» О.Штрауса, камічная опера «Viva la mamma!, ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця» Г.Даніцэці, фольк-опера «Клоп» (паводле У.Маякоўскага) У.Дашкевіча. З пач. 1990-х г. новага этапу развіцця дасягнула балетная трупа т-ра, абноўленая і павялічаная пераважна за кошт выпускнікоў Дзярж. харэаграфічнага каледжа. Пастаўлены шэраг балетаў, у т. л. «Штраусіяна» на муз. І.Штрауса, «Іспанскі дывертысмент» (муз. народная), «Шэхеразада» на муз. М.Рымскага-Корсакава, «Дон Кіхот» Л.Мінкуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрым, «Зачараваны прынц» па матывах «Шчаўкунка» на муз. П.Чайкоўскага. Вял. ўвагу калектыў т-ра аддае фарміраванню рэпертуару для дзяцей. Сярод дзіцячых спектакляў: «Зайка-зазнайка» і «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі, «Беласнежка і сем гномаў» Э.Калманоўскага, «Трубадур і яго сябры» Г.Гладкова, «Залатое кураня» У.Уланоўскага, «Пэпі» Дашкевіча і інш.Гал. рэжысёр — маст. кіраўнік т-ра Б.Лагода (з 1997), гал. дырыжор М.Сінькевіч (з 1997), гал. мастак Я.Ждан (з 1995), гал. балетмайстар Н.Дзьячэнка (з 1993), гал. хормайстар С.Пятрова (з 1997). У складзе трупы (1997): нар.арт. Беларусі Н.Гайда, В.Мазур, засл.арг. Беларусі А.Ісаеў, Г.Казлоў, П.Рыдзігер, В.Фаменка, засл. арт. Расіі А.Кузьмін, Н.Равінская, засл.арг. Украіны А.Ранцанц, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Расіі М.Подкіна, засл. арт. Беларусі Л.Чахоўскі, артысты балета лаўрэаты міжнар. конкурсаў Ю.Дзятко і К.Кузняцоў.
У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры І.Абраміс, П.Кірыльчанка, А.Лапуноў, балетмайстры С.Дрэчын, В.Бутрымовіч, артысты Дз.Іванова, Ю.Лазоўскі, К.Лосеў, Р.Харык, В.Шаўкалюк, Л.Рабушка, рэжысёры Б.Утораў, В.Цюпа, С.Штэйн, А.Барсегян, Р.Вікцюк, Ю.Аляксандраў, мастакі Я.Чамадураў, А.Марозаў, А.Грыгар’янц, Б.Герлаван, У.Жданаў і інш. У 1991 на базе т-ра створаны дзіцячы муз. тэатр-студыя «Казка» (маст. кіраўнік Г.Аляксандраў), сярод спектакляў якога найб. вылучыліся оперы «Гісторыя Кая і Герды» С.Баневіча, «Дзіцячы альбом» на муз. Чайкоўскага, «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.Войціка.
Будынак т-ра (адкрыты 15.10.1981, арх. А.Ткачук, У.Тарноўскі) мае асіметрычную кампазіцыю з раўназначнымі фасадамі, абумоўленую яго размяшчэннем у сістэме гістарычна складзенай забудовы. У прыбудаваным аб’ёме размешчаны амфітэатр, зала на 800 месцаў, развітая група сцэнічных памяшканняў. Гал. ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульпт. групай «Музы» (бронза, скульпт. Л.Зільбер). Інтэр’ер дэкарыраваны светлым мармурам, гіпсавымі ўстаўкамі, залацістым шклом, латунню. У глядзельнай зале габеленавая заслона (маст. А.Кішчанка і А.Бельцюкова), дэкар. рэльефы на партальнай сцяне і калонах (арх. Ткачук, скульпт Ю.Якубовіч).
Літ.:
Государственный театр музыкальной комедии Белорусской ССР. Мн., 1991;
Юўчанка Н.А. Музычная камедыя і аперэта // Музычны тэатр Беларусі 1960—1990. Мн., 1996.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Хэло, Долі!» Дж.Германа. 1992.Будынак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Штраусіяна». 1992.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Джулія» У.Кандрусевіча 1991.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Мільянерка» Я.Глебава. 1987.