ВЕ́ПРЫК (Уладзімір Іванавіч) (н. 16.9.1927, в. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1956). Працаваў у Кіеўскай філармоніі, Львоўскім т-ры оперы і балета. З 1963 саліст Бел. філармоніі. Сярод оперных партый: Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). У канцэртным рэпертуары лірычныя песні, рамансы, оперныя арыі і інш.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫНА́ЛЕ ((Cardinale) Клаўдзія) (н. 15.4.1939, г. Туніс),

італьянская кінаактрыса. Вучылася ў эксперым. кінацэнтры ў Рыме. Ролі адметныя тонкай індывідуалізацыяй характараў: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974; усе рэж. Л.​Вісконці), «Восем з паловай» (1963, рэж. Ф.​Феліні), «Фіцкаральда» (1982, рэж. В.​Герцаг), «Генрых IV» (1984, рэж. М.​Белокіо) і інш. У 1969 знялася ў сав.-італьян. фільме «Чырвоная палатка» (рэж. М.​К.​Калатозаў).

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),

аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬБАРА (Marlborough) Джон Чэрчыл

(Churchill; 26.5.1650, Аш, Вялікабрытанія — 16.6.1722),

англійскі палкаводзец і паліт. дзеяч, ген.-фельдцэйхмайстар (1702), герцаг (1702). У арміі з 1667, удзельнічаў у англа-галандскай вайне 1672—74. З 1685 пасол у Францыі. У 1690 кіраваў барацьбой з якабітамі (антыангл. рух) у Ірландыі. З 1701 галоўнакамандуючы англ. войскамі на кантыненце ў час вайны за іспанскую спадчыну 1701—1714, атрымаў шэраг перамог. У 1711 адхілены ад камандавання, у эміграцыі. У 1714—16 на службе ў англ. караля Георга I.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́ННІК (Пётр Сяргеевіч) (н. 14.10.1906, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1954). У 1933—36 вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі. У 1936—40 саліст Вял. т-ра ў Маскве, у 1942—64 — Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Ляўко, Пятро («Тапельніца», «Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Ёнтэк («Галька» С.​Манюшкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера). Выступае як канцэртны спявак, выконвае ўкр. і рус. нар. песні і рамансы.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДРЫЧЫ, абадрыты,

саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам I, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́БЕ ((Grabbe) Крысціян Дзітрых) (11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),

нямецкі драматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НЦА (Lanza) Марыо. [сапр. Какоца

(Cocozza) Альфрэда; 31.1.1921, г. Філадэльфія, ЗША — 7.10.1959], амерыканскі спявак (тэнар); прадстаўнік школы бельканта. Па нацыянальнасці італьянец. Валодаў голасам рэдкай сілы і прыгажосці. Дэбютаваў у 1942 у партыі Фентана («Віндзорскія кумачкі» О.​Нікалаі) у пастаноўцы С.​Кусявіцкага на Танглвудскім фестывалі (каля г. Бостан). З 1946 гастраліраваў як канцэртны спявак, выступаў у опернай трупе Новага Арлеана. Сярод партый: Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні),

Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі). Зняўся ў муз. фільмах «Вялікі Каруза», «Серэнада», «Улюбёнец Нью-Йорка» і інш.

М.Ланца.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГАРЫ́ТА ДА́ЦКАЯ (Margarethe af Danmark; сак. 1353, Зёберг, Данія — 28.10.1412),

каралева Даніі і Нарвегіі (з 1387), Швецыі (з 1389). Дачка дацкага караля Вальдэмара IV Атэрдага і жонка нарв. караля Хокана VI. Замест малалетняга сына Олуфа (дацкі кароль з 1376, нарв. — з 1380) правіла Даніяй і Нарвегіяй. Пасля смерці сына (1387) — каралева Даніі і Нарвегіі, пасля перамогі ў дацка-швед. вайне 1389 — таксама і Швецыі. Ініцыіравала Кальмарскую унію (1397), пры заключэнні якой каралём Даніі, Швецыі і Нарвегіі (суправіцелем і спадкаемцам М.Д.) быў выбраны яе стрыечны пляменнік герцаг Эрык Памеранскі.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВУ́ (Davout, Davoust, d’Avout) Луі Нікала (10.5.1770, Ану, каля г. Авалон, Францыя — 1.6.1823), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Аўэрштэцкі (1808), князь Экмюльскі (1809). Скончыў Парыжскую ваен. школу (1788). У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 перайшоў на бок рэв. народа. Удзельнічаў у Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801. У 1805—14 камандзір корпуса, вызначыўся ў бітвах пад Аўстэрліцам (1805), Аўэрштэтам (1806) і Экмюлем (1809). З 1807 губернатар вял. герцагства Варшаўскага. У 1813—14 кіраваў абаронай Гамбурга ад рас.-прускіх войск. У час «Ста дзён» (20.3—15.7.1815) ваен. міністр Напалеона. Пры Бурбонах спачатку ў няміласці, з 1819 пэр Францыі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)