БРАЎН (Brown) Герберт Чарлз

(н. 22.5.1912, Лондан),

амерыканскі хімік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1957). Скончыў Чыкагскі ун-т (1936), дзе і працаваў. З 1943 праф. у розных ун-тах ЗША. Навук. працы па хіміі бору. Адкрыў рэакцыю гідрабарыравання ненасычаных вуглевадародаў (1959). Распрацаваў колькасныя метады вывучэння стэрычнага напружання малекул. Нобелеўская прэмія 1979.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СКВІТ

(Asquith),

лорд Оскфард і Асквіт Герберт Генры (12.9.1852, Морлі, графства Ланкашыр, Англія — 15.2.1928), англійскі дзярж. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це, адвакат. Член парламента з 1886, у 1892—95 міністр унутр. спраў, у 1906—08 канцлер казначэйства. Кіраўнік Ліберальнай партыі (1908—26). У 1908—16 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Асквіта ўвёў пенсіі па старасці, спрыяў абмежаванню правоў палаты лордаў (1911), прызнанню аўтаноміі Ірландыі (1914), 4.8.1914 абвясціў вайну Германіі.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ВЕР (Hoover) Герберт Кларк

(10.8.1874, г. Уэст-Бранч, штат Аява, ЗША — 20.10.1964),

дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. У час 1-й сусв. вайны арганізатар харч. дапамогі для Бельгіі і Францыі. У 1917—19 узначальваў Федэральную харч. адміністрацыю, у 1919—23 — Амерыканскую адміністрацыю дапамогі. У 1921—28 міністр гандлю. У 1929—33 прэзідэнт ЗША (ад Рэсп. партыі). Садзейнічаў аднаўленню ваенна-прамысл. патэнцыялу Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны кіраваў арганізацыяй амер. дапамогі многім краінам.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШ (Bush) Джордж Герберт Уокер

(н. 12.6.1924, Мілтан, штат Масачусетс, ЗША),

дзяржаўны і палітычны дзеяч ЗША. Скончыў Іельскі ун-т. Эканаміст. Член палаты прадстаўнікоў сената (1966—71). Прадстаўнік ЗША у ААН (1970—72). Дырэктар ЦРУ (1976—77).

У 1981—89 віцэ-прэзідэнт, 1989—93 прэзідэнт краіны. Пасля інтэрвенцыі Ірана ў Кувейт (1990) ініцыятар стварэння міжнар. узбр. сіл у Персідскім зал. (аперацыя «Шчыт пустыні») і правядзення акцыі па вызваленні Кувейта (аперацыя «Бура ў пустыні»). У 1991 і 1993 падпісаў 2 амер.-расійскія пагадненні аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СЕР (Gasser) Герберт Спенсер

(5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),

амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНТ (Brandt) Вілі [сапр. Фрам

(Frahm) Герберт Эрнст Карл; 18.12.1913, г. Любек, Германія — 8.10.1992], палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Чл. С.-д. партыі Германіі (СДПГ) з 1930. Пры нацыстах у 1933 эмігрыраваў і жыў у Нарвегіі і Швецыі, дзе займаўся журналістыкай. Пазбаўлены ням. грамадзянства ў 1938, адноўлены ў 1948. З 1945 карэспандэнт сканд. газет у Германіі. Пазней на дэпутацкай і інш. рабоце ў Зах. Берліне, у 1957—66 кіруючы бургамістр. У 1958—63 старшыня СДПГ (Зах. Берліна),

у 1964—87 старшыня СДПГ. У 1966—69 віцэ-канцлер і міністр замежных спраў у кааліцыйным урадзе ФРГ. Федэральны канцлер у 1969—74, быў адным з ініцыятараў новай усх. палітыкі (падпісанне дагавораў з СССР і Польшчай у 1970, з ЧССР у 1973); ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да сац. кампрамісу. З 1976 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. У 1979—82 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар мемуараў. Нобелеўская прэмія міру 1971.

Тв.:

Рус. пер. — Воспоминания. М., 1991.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)