МЕЁЗ (ад грэч. meiōsis памяншэнне),

спосаб дзялення клетак, пры якім адбываецца памяншэнне дыплоіднага (двайнога) набору храмасом да гаплоіднага (адзінарнага); асноўнае звяно гаметагенезу. Адкрыты ням. вучоным В.Флемінгам (1882). Уключае 2 паслядоўныя дзяленні клетачнага ядра. У складанай і працяглай прафазе 1-га дзялення (мае 5 стадый, у чалавека працягваецца 22,5, у ліліі — 8—10 сутак) адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом, утварэнне бівалентаў, красінговер і інш. На стадыі метафазы біваленты выстройваюцца ў сярэдняй ч. верацяна дзялення. У анафазе пачынаецца рух гамалагічных храмасом да процілеглых полюсаў клеткі. На стадыі тэлафазы мацярынская клетка раздзяляецца на 2 даччыныя, якія пераходзяць у інтэркінез (перыяд паміж 1-м і 2-м дзяленнем М.). Тэлафаза і інтэркінез адбываюцца не заўсёды. 2-е дзяленне М. мае падобныя ўмоўныя стадыі. У выніку з адной зыходнай дыплоіднай клеткі ўтвараюцца 4 гаплоідныя генет. разнародныя клеткі. М. — абавязковае звяно палавога працэсу і ўмова для фарміравання палавых клетак (гамет). Адзін з ключавых механізмаў спадчыннасці і спадчыннай зменлівасці.

Літ.:

Цитология и генетика мейоза. М., 1975.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ЦКІ (Пётр Фаміч) (15.8.1903, в. Кустаўніца Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 21.10.1977),

бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад. АН Беларусі (1967), д-р біял. н., праф. (1940). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1930 ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі, адначасова ў 1932—38 у Маскоўскім ун-це. З 1938 у Маскоўскім пушна-футравым ін-це (заг. кафедры, дэкан, нам. дырэктара), з 1949 у Комі філіяле АН СССР, з 1957 ва Усесаюзным ін-це навук. і тэхн. інфармацыі. У 1960—69 у БДУ (заг. кафедры), адначасова з 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях генетыкі колькасных прыкмет і генет. асноў селекцыі жывёл, радыяцыйнай генетыцы, выкарыстанні матэм. метадаў у біялогіі, філасофіі і гісторыі біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб полі дзеяння гена. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Генетика. 4 изд. М., 1937;

Биологическая статистика. 3 изд. Мн., 1973;

Введение в статистическую генетику. 2 изд. Мн., 1978.

П.Ф.Ракіцкі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́Х (Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.​С.​Купцоў.

Гарох.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.

Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав. — А.​А.​Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.​Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.

На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр. бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.

Літ.:

Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;

Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;

Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)