ЖЫЛІ́НСКІ Іосіф Іпалітавіч (20.4.1834, Віленская губ. — 1916),
расійскі і бел. геадэзіст. Скончыў Пецярб. ін-т інжынераў шляхоў зносін (1854). У 1863—73 кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52° паўн. ш. (на Беларусі прыкладна па лініі Брэст—Пінск—Мазыр—Гомель). У 1881—93 нач. трыянгуляцыі зах. тэр. Расіі. У 1873—98 узначальваў Заходнюю экспедыцыю па асушэнні балот Палесся, пазней — забалочаных зямель Маскоўскай, Разанскай, Уладзімірскай губ. Удзельнічаў у астр.-геад. работах за мяжой.
Тв.:
Очерк работ Западной экспедиции по осушению болот (1873—1898). СПб., 1899.
т. 6, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ Феадосій Мікалаевіч (26.9.1878, г. Галіч Кастрамской вобл., Расія — 1.10.1948),
савецкі астраном-геадэзіст. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Межавы (каморніцкі) ін-т у Маскве (1900), у якім працаваў з 1907. З 1928 дырэктар, у 1930—37 нам. дырэктара Цэнтр. НДІ геадэзіі, аэраздымкі і картаграфіі. Распрацаваў навук.-тэарэт. асновы пабудовы астранома-геад. і нівелірнай сетак, пастаноўкі тапаграфічных здымак і гравіметрычных работ у СССР. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні па вызначэнні памераў зямнога эліпсоіда (гл. Красоўскага эліпсоід). Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952.
т. 8, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАТЦАЎ Алег Мікалаевіч (н. 17.8.1922, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),
расійскі геадэзіст і астраном. Правадз. чл. Астранома-геадэзічнага т-ва Рас. АН (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў землеўпарадкавання (1954). У 1962—84 у Ленінградскім планетарыі. Ініцыятар стварэння касм. мемарыяла герояў Вял. Айч. вайны, імёнамі якіх названы малыя планеты. Яго імем названа малая планета Алегія.
Тв.:
Звезды Пулкова: Очерки о Пулковской обсерватории и астрономах-пулковцах. Л., 1989;
Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Вел. отеч. войны. СПб., 1995 (разам з М.Ю.Дахіе).
А.І.Болсун.
т. 8, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКІ́ЦКІ Барыс Андрэевіч (3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),
рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І.Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛЕ́НЬЕЎ Іван Іванавіч (?—22.2.1784),
расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.І.Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.
Н.Ю.Бярозкіна.
т. 7, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРО́НАК Маргарыта Сяргееўна (н. 26.9.1935, г.п. Суземка Бранскай вобл., Расія),
бел. геадэзіст. Канд. тэхн. н. (1972). Праф. (1988). Скончыла Маскоўскі ін-т інж. геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (1958). З 1959 у БПА (з 1977 заг. кафедры). Навук. працы па развіцці тэарэт. асноў выліч. апрацоўкі вынікаў геад. вымярэнняў на базе матэм. статыстыкі, выкарыстанні метадаў геад. вымярэнняў у вывучэнні дэфармацый інж. збудаванняў.
Тв.:
Геодезическое обеспечение строительно-монтажных работ: (Справ. пособие). Мн., 1984;
Инженерная геодезия. Мн., 1986;
Геодезия. Мн., 1993 (разам з В.Ф.Несцяронкам, А.С.Пазняком);
Геадэзічны слоўнік. Мн., 1994 (разам з В.Ф.Несцяронкам, У.М.Міхайлавым).
т. 11, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНГАЛО́ВІЧ Іван Данілавіч (20.2.1892, г. Гродна — 29.7.1981),
расійскі геадэзіст, гравіметрыст і астраном, адзін з заснавальнікаў касм. геадэзіі. Д-р фіз. матэм. навук (1946). Засл. дз. нав. Рас. Федэрацыі (1952). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1920 у Ін-це тэарэт. астраноміі АН СССР (у 1941—42 дырэктар, у 1943—66 нам. дырэктара), адначасова праф. Ленінградскага ун-та (з 1930). У 1920—30 і 1937—38 удзельнік палярных экспедыцый. Навук. працы па тэарэт., практычнай і эфемерыднай астраноміі, вывучэнні фігуры Зямлі, касм. геадэзіі, геафізіцы. Аўтар манаграфіі «Знешняе гравітацыйнае поле Зямлі і фундаментальныя пастаянныя, звязаныя з ім» (1952). У гонар Ж. названа малая планета.
А.М.Коратцаў.
т. 6, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІК,
1) у Польшчы ў 12—13 ст. слуга або дваранін пры дварах князёў, каралёў. Кіраваў хатняй маёмасцю, прадстаўляў інтарэсы і замяшчаў гаспадара пры выкананні малазначных спраў.
2) У ВКЛ у 16—17 ст. геадэзіст-землеўпарадчык, член падкаморскага суда. Прызначаўся падкаморым і замяшчаў яго пры вырашэнні спрэчак на месцы. Займаўся вымярэннем і здымкай мясцовасці (межаў, маёнткаў і г.д.) у якасці судовага выканаўцы, а таксама асабіста за кошт зацікаўленага боку. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі заменены інстытутам землямераў, канчаткова знік у 1840 пасля скасавання межавых судоў і спынення дзейнасці Статута ВКЛ 1588.
3) У бытавым ужытку ў 19 — пач. 20 ст. — землямер.
Я.К.Анішчанка.
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́БЛЕР Ягор Ягоравіч (12.5.1810, Эстонія — 16.12.1865),
расійскі астраном і геадэзіст; адзін з пачынальнікаў астрафіз. даследаванняў. Д-р філасофіі (1839). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. З 1839 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, з 1854 дырэктар Віленскай астр. абсерваторыі. У 1843—55 удзельнічаў у астранома-геад. вымярэннях у Фінляндыі і паўн.-зах. губернях Расіі. Навук. працы па назіральнай астраноміі, вышэйшай геадэзіі, складанні зорных каталогаў і ўдакладненні фігуры Зямлі. Адзін з першых у Расіі арганізаваў сістэм. даследаванні паверхні Сонца і Месяца фатагр. метадам (з 1854).
Літ.:
Новокшанова-Соколовская З.К. Картографические и геодезические работы в России в XIX — начале XX в. М., 1967.
А.І.Болсун.
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДАРО́ВІЧ Павел Аляксеевіч (16.7.1889, С.-Пецярбург — 18.8.1949),
савецкі геадэзіст. Праф. (1919), д-р тэхн. н. (1938), Скончыў Маск. межавы ін-т (1916) і фіз.-матэм. ф-т 1-га Маск. ун-та (1919), У 1919—30 праф. геадэзіі Горы-Горацкага земляробчага ін-та (з 1925 Бел. с.-г. акадэмія), з 1930 праф. і заг. кафедры вышэйшай геадэзіі Сібірскага с.-г. ін-та. Вёў н.-д. работу па стварэнні трыганаметрычнай сеткі, нівелірных рэпераў астр. пунктаў. Працы па выяўленні сапраўднага мерыдыяна і азімута, распрацоўцы спосабаў найменшых квадратаў канструкцыі геад. і астр. інструментаў.
Тв.:
Краткая теория ошибок в применении к землемерной практике. Горки, 1923;
Материалы по тригонометрической сети Б.Г. Академии С.Х. и сводка данных геометрического нивелирования. Горки. 1927.
т. 16, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)