КАРМЫ́,

прадукты расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і хім. паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёлы. Паводле паходжання падзяляюцца на раслінныя кармы, жывёльныя кармы, камбікармы, мінеральныя кармы, адходы тэхн. і харч. вытв-сці, сінтэтычныя прэпараты, біялагічна актыўныя дабаўкі. Пажыўнасць К. ацэньваюць у кармавых адзінках. З кармавых адходаў тэхн. вытв-сці найб. каштоўныя адходы мукамольнай (вотруб’е, мучны пыл), цукр. (жамерыны, мелес), алейнаэкстракцыйнай (макуха, шрот), крухмальнай (мязга), брадзільнай (брага, піўная шраціна) прам-сці. Сінтэтычныя прэпараты атрымліваюць шляхам хім. і мікрабіял. сінтэзу. Да іх належаць заменнікі кармавога пратэіну, кармавыя дрожджы, кармавы канцэнтрат L-лізіну, DL-метыянін. Біялагічна актыўныя дабаўкі — прадукты з высокай біял. актыўнасцю, якія выкарыстоўваюць у малых дозах: солі мікраэлементаў, вітамінныя, ферментныя і гарманальныя прэпараты, антыбіётыкі, транквілізатары.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДЗЕ́ННЕ МА́ТКІ,

частковы або поўны выхад маткі за палавую шчыліну; заключная ўскладненая стадыя апушчэння сценак похвы і маткі. Бывае пры парушэнні цэласці ці тонусу мышцаў тазавага дна, расслабленні апарата, які звязвае матку і мышцы пярэдняй брушной сценкі, пры павышаным унутрыбрушным ціску. Гэтаму садзейнічаюць частыя роды дзяцей з вял. вагой, цяжкая фіз. праца, гарманальныя і дыстрафічныя парушэнні тканак. Найчасцей хварэюць пажылыя (старэй за 60 гадоў) жанчыны.

Пры няпоўным выпадзенні маткі матка з шыйкай часткова выходзіць за межы палавой шчыліны, пры поўным усё цела маткі знаходзіцца за межамі палавой шчыліны. Спалучаецца з апушчэннем мачавога пузыра і пярэдняй сценкі прамой кішкі. Выпадзенне маткі праяўляецца адчуваннем пабочнага цела ў палавой шчыліне, ацёкам, іншы раз трафічнымі язвамі шыйкі, сценак похвы і маткі, болямі і цяжарам унізе жывата, расстройствамі мочаспускання і рэфекацыі (цяжкасць ці немагчымасць мочаспускання, нетрыманне мачы і газаў). Лячэнне хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІПУХЛІ́ННЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі для лячэння злаякасных новаўтварэнняў. Знішчаюць (цытатаксічны эфект) або прыгнечваюць дзяленне і паскораны рост (цытастатычны эфект) пухлінных клетак. Групы П.с.: алкіліруючыя злучэнні (напр., хлорбутын, цыклафасфамід), антыметабаліты (напр., метатрэксат, меркаптапурын), алкалоіды (напр., вінбластын, калхіцын), антыбіётыкі (напр., дыктынаміцын, мітаміцын), ферменты (аспарагіназа), гарманальныя прэпараты і іх антаганісты (напр., сінэстрол, фосфэстрол), цытакіны (інтэрфероны, фактар некрозу пухлін), фітапрэпараты, радыеактыўныя рэчывы. Выкарыстанне П.с. заснавана на імуналагічных і біяхім. адрозненнях здаровых клетак і пухлінных тканак. Для П.с. характэрна выбіральнасць проціпухліннага дзеяння (кожны прэпарат ужываюць пры пэўным відзе пухлін). Адмоўная якасць П.с.: разам з пухліннымі клеткамі пашкоджваюцца здаровыя, асабліва тыя якія хутка размнажаюцца (касцявога мозга, лімфоіднай тканкі, страўнікава-кішачнага тракту, палавых залоз, скуры). Большасць П.с. таксічныя, выклікаюць пабочныя эфекты: зніжэнне колькасці ў крыві лейкацытаў, трамбацытаў, эрытрацытаў, страту апетыту, выпадзенне валасоў і інш. Лячэнне П.с. праводзяць курсамі з перапынкамі, таксама ў камбінацыі з хірург. выдаленнем пухлін, прамянёвай тэрапіяй.

Літ.:

Гарин А.М., Хлебнов А.В., Табагари Д.З. Справочник по противоопухолевой лекарственной терапии. М., 1993;

Машковский М.Д. Лекарственные средства. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,

паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КАВЫЯ СРО́ДКІ, лякарствы,

рэчывы, якія выкарыстоўваюць у мэтах дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння захворванняў чалавека і жывёл. У якасці Л.с. выкарыстоўваюць мінер. рэчывы (напр., сульфат магнію, хларыд калію), прэпараты жывёльнага (напр., гепарын, гармоны), расл. паходжання (напр., валяр’ян, марфін, атрапін, гл. Лекавыя расліны), сінт. рэчывы (напр., навакаін, парацэтамол), прадукты мікробнага біясінтэзу (напр., антыбіётыкі, вітаміны), штучныя прэпараты, якія атрымліваюць метадам геннай інжынерыі (інсулін, самататрапін). Перад укараненнем у мед. практыку Л.с. першапачаткова вывучаюцца на лабараторных жывёлах, потым у клінічных умовах (на людзях). Паводле міжнар. класіфікацыі адрозніваюць 14 гал. груп Л.с., якія ўздзейнічаюць на стрававальны тракт і метабалізм (напр., жаўцягонныя сродкі, слабільныя сродкі), кроў і крывятворныя органы (напр., антыкаагулянты, кроваспыняльныя сродкі, проціанемічныя сродкі), сардэчна-сасудзістую сістэму (напр., сардэчныя гліказіды, гіпатэнзіўныя сродкі), урагенітальную сістэму і палавыя гармоны (напр., матачныя сродкі, мачагонныя сродкі, процізачаткавыя сродкі), касцёва-мышачную сістэму (напр., процізапаленчыя сродкі), ц. н. с. (напр., седатыўныя сродкі, нейраплегічныя і транквілізавальныя сродкі), дыхальную сістэму (напр., адхарквальныя сродкі, процікашлевыя сродкі), органы пачуццяў (напр., мясцоваанестэзіруючыя сродкі); прэпараты, якія выкарыстоўваюць у дэрматалогіі (напр., антысептычныя сродкі), гармоны для сістэмнага выкарыстання, акрамя палавых гармонаў (гарманальныя прэпараты), проціінфекцыйныя прэпараты (напр., антыбіётыкі, сульфаніламіды), проціпухлінныя (проціпухлінныя сродкі), проціпаразітарныя прэпараты (напр., антыгельмінтыкі) і група розных. У арганізм Л.с. ўводзяць рознымі шляхамі: праз рот, падскурна, унутрымышачна, унутрывенна і інш. Выпускаюцца ў выглядзе таблетак, парашкоў, раствораў, мазяў і інш. Для Л.с. устаноўлены паказанні і проціпаказанні. Пры ўжыванні некат. можа развіцца лекавая залежнасць (наркатычныя анальгетыкі, гармоны і інш.). У некат. людзей бывае павышаная адчувальнасць да асобных Л.с. — ідыясінкразія.

Літ.:

Машковский М.Д. Лекарственные средства: Пособие для врачей. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998;

Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;

Регистр лекарственных средств России: Энцикл. лекарств. М., 1999.

М.​К.​Кеўра.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)