адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙТЛІНГ ((Weitling) Вільгельм) (5.10.1808, г. Магдэбург, Германія — 25.1.1871),
дзеяч ранняга ням. рабочага руху, сацыяліст. Кравец. У 1836 у Парыжы ўступіў у Саюз справядлівых, напісаў яго маніфест «Чалавецтва, якое яно ёсць і якім яно павінна быць» (1838). Удзельнік няўдалага паўстання бланкістаў (1839). З 1841 у Швейцарыі, дзе апублікаваў гал. твор «Гарантыі гармоніі і свабоды» (1842); арыштаваны за паліт. агітацыю і зняволены (1843). Вызвалены ў 1844. Чл. Брусельскага камуніст. карэспандэнцкага к-та (1846). З 1846 у ЗША (у час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі быў на радзіме). Асуджаў капіталізм, але не прымаў навук. камунізму К.Маркса і Ф.Энгельса. Быў упэўнены ў магчымасці неадкладна здзейсніць сац. пераварот з апорай на немаёмныя слаі. Пераацэньваючы стыхійнасць рэв. бунту, лічыў яго ўдарнай сілай люмпен-пралетарыяў і нават крымін. злачынцаў. Бачыў у асобе Хрыста перадавога змагара за сац. справядлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1951, 1960.
Дагавор бяспекі 1951. Падпісаны 8 вер. ў Сан-Францыска на нявызначаны тэрмін. Навязаны Японіі ЗША як умова заключэння мірнага дагавора. Паводле яго ЗША атрымалі права мець на тэр. Японіі свае ўзбр. сілы і выкарыстоўваць іх для аперацый на Д.Усходзе і задушэння хваляванняў унутры краіны; без згоды ЗША на яп.тэр. не маглі размяшчацца базы і войскі трэцяй дзяржавы. Страціў сілу ў сувязі з заключэннем дагавора 1960. Дагавор аб узаемным супрацоўніцтве і гарантыі бяспекі падпісаны 19.1.1960 у Вашынгтоне тэрмінам на 10 гадоў (прадоўжаны на няпэўны тэрмін у ліст. 1969); ратыфікаваны 22.6.1960. Паводле яго ЗША замацавалі сваё права мець на тэр. Японіі ўзбр. сілы і ваен. базы. Японія абавязвалася нарошчваць свой ваен. патэнцыял і выкарыстоўваць яго ў выпадку агульнай небяспекі. Дагавор адмоўна ўспрыняты народам і выклікаў хваляванні ў Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.
Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.Шушкевіч і В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын і Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук і В.Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар. міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б.СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ КРЫ́ЗІС 1962, Кубінскі крызіс,
канфлікт паміж ЗША і СССР вакол Кубы; адзін з найб. небяспечных для міжнар. міру эпізодаў «халоднай вайны». Выкліканы тайным размяшчэннем з чэрв. 1962 сав.ядз. ракет сярэдняй далёкасці на в-ве Куба. 16.9.1962 амер. разведвальны самалёт У-2 выявіў сав. ракеты на Кубе. Прэзідэнт Дж.Ф.Кенэдзі абвясціў марскую блакаду вострава (ажыццяўлялася 24.10—21.11.1962 сіламі 183 караблёў ВМС ЗША) і запатрабаваў ад СССР вывесці ракеты з Кубы. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасці свае стратэг.ядз. сілы, што пагражала выбухам ядз. вайны ў свеце. СССР пагадзіўся на вывад ракет у абмен на гарантыі бяспекі для Кубы і абяцанне вывесці амер. ракеты з Турцыі. Дагаворы аб гэтым дасягнуты ў канцы кастр. — пач.ліст. 1962 на сав.-амер. перагаворах з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і ген. сакратара ААН. У выніку К.к. была наладжана пастаянная прамая тэлеф. ўрадавая сувязь («гарачая лінія») паміж Масквой і Вашынгтонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС (англ. business),
сістэма вядзення справы з мэтай атрымання прыбытку ці інш. выгады; адзін з асн. заняткаў ва ўмовах рыначнай эканомікі. Ахоплівае шырокую сферу дзейнасці: вытв., фін., камерц., кансультацыйную і інш. Займаюцца бізнесам не толькі ўласнікі прадпрыемстваў, а і нанятыя служачыя ў сферы менеджменту, маркетынгу, фінансаў і г.д. Па колькасці работнікаў, аб’ёме вытв-сці прадукцыі і ўмовах дзейнасці вылучаюць малы, сярэдні і буйны бізнес. Малы бізнес — самы масавы: як правіла, невял. прадпрыемствы, што выпускаюць аднародную прадукцыю і займаюць невял. ўдз. вагу на рынку, задавальняюць шырокі паўсядзённы попыт насельніцтва. Таму ў некаторых краінах такому бізнесу аказваецца дзярж. падтрымка: мэтавае бюджэтнае фінансаванне, сістэма крэдытнай гарантыі і страхавання, падатковыя льготы для стымулявання пэўных відаў дзейнасці. У развітых краінах высока каціруюцца маральна-этычныя прынцыпы бізнесу: захаванне дзелавой этыкі, сумленных метадаў канкурэнтнай барацьбы, выкананне абавязацельстваў і інш. Грамадскі статус бізнесмена залежыць не толькі ад росту яго прыбытку, а і ад удзелу ў вырашэнні сац. праблем — стварэнні рабочых месцаў, добраўпарадкаванні нас. пунктаў, дапамозе маламаёмным і г.д.Гл. таксама Прадпрымальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДПУСК ПА ЦЯЖА́РНАСЦІ І РО́ДАХ,
водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж.сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЯ́ТАСЦЬ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
удзел насельніцтва ў прац. дзейнасці. З.н. прынята лічыць грамадска карыснай дзейнасцю грамадзян, якая прыносіць, як правіла, заробак. Да занятых належаць тыя, хто працуе па найме, асобы, якія самастойна забяспечваюць сябе працай (прадпрымальнікі, фермеры), ваеннаслужачыя, а таксама тыя, хто вучыцца, служыць у арміі, вядзе хатнюю гаспадарку, даглядае дзяцей і састарэлых. Узровень З.н. залежыць ад суадносін паміж колькасцю працаздольнага насельніцтва і рабочых месцаў, а таксама наколькі рабочыя месцы могуць быць выкарыстаны работнікамі ў адпаведнасці з набытымі імі прафесіямі, спецыялізацыяй, прац. вопытам, ведамі і ўмельствам. Поўная З.н. азначае практычна поўнае забеспячэнне працаздольнага насельніцтва рабочымі месцамі. Частковая З.н. мае на ўвазе магчымасць уладкавацца на працу на няпоўны рабочы дзень. Няпоўная занятасць з’яўляецца крыніцай беспрацоўя.
У Рэспубліцы Беларусь права на працу гарантавана Канстытуцыяй. Адносіны, звязаныя з З.н., рэгулююцца заканадаўствам. Дзяржава садзейнічае беспрацоўным у пачатку або аднаўленні прац. дзейнасці і дае ім паводле заканадаўства пэўныя гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя нормамі КЗаП і інш. прававымі актамі. Для рэалізацыі палітыкі З.н. ў краіне дзейнічае спец.дзярж. служба (гл.Цэнтр занятасці) і створаны Дзярж. фонд садзеяння занятасці з мэтай страхавання па беспрацоўі і фінансавання мерапрыемстваў у галіне занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА БЯСПЕ́ЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ (АБСЕ),
міжнар.арг-цыя. Склалася да сярэдзіны 1990-х г. у выніку дзейнасці Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). На пач. 1970-х г.СССР і яго партнёры па Арг-цыі Варшаўскага дагавору (гл.Варшаўскі дагавор 1955) ініцыіравалі скліканне нарады еўрап. дзяржаў для абмеркавання захадаў, якія забяспечылі б калект. бяспеку ў Еўропе. Ва ўмовах паляпшэння адносін паміж СССР, ЗША і краінамі Зах. Еўропы ў г. Хельсінкі адбыліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі (ліст. 1972 — чэрв. 1973) і пасяджэнні міністраў замежных спраў 33 еўрап. дзяржаў (акрамя Албаніі), ЗША і Канады (ліп. 1973). 2-і этап перагавораў аб скліканні НБСЕ прайшоў у вер. 1973 — ліп. 1975 у Жэневе. 30.7.1975 у Хельсінкі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 35 дзяржаў пачалася нарада, 1.8.1975 падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У 1977—94 адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц НБСЕ. У 1991 удзельнікамі НБСЕ сталі Албанія, Эстонія, Латвія, Літва, у 1992 — Беларусь і інш. краіны. На сустрэчы ў Будапешце (5—6.12.1994) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 52 краін (без Югаславіі), прынялі рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ у АБСЕ, падпісалі мемарандумы аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана, прынялі паліт. дэкларацыю «Да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху», якая вызначае ролю, месца і задачы АБСЕ ў пабудове будучай Еўропы. Органамі АБСЕ (з 1990) з’яўляюцца: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (адбываюцца кожныя 2 гады); Савет міністраў замежных спраў (засядае не менш як 1 раз на год); Сакратарыят з рэзідэнцыяй у Празе; Цэнтр па прадухіленні канфліктаў (Вена); бюро «За свабодныя выбары» (Варшава, ажыццяўляе назіранне за выбарамі); Парламенцкі сход АБСЕ; Камітэт вышэйшых дзярж. служачых (у ліку абавязкаў падрыхтоўка пасяджэнняў).