НАВАГРУ́ДСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 14—17 ст. з г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 14 ст. выраблялі кафлю з цыліндрычным тулавам і круглым вусцем, у 15 ст. — гаршковую з крыжападобным, сэрцападобным і трохвугольным вусцем, у 15—16 ст. — невысокую гаршковую з прамавугольным вусцем і дном, аздобленым рэльефнымі кругамі. Кафля 16—17 ст. мела прамавугольную вонкавую пласціну з рамкай па краі і румпу выш. 7—9 см. Паводле прызначэння падзялялася на сценную, карнізную, фрызавую, вуглавую, а таксама «каронкі» і «гарадкі», якімі завяршалі печы. У яе дэкоры былі пашыраны геам. (квадраты, ламаныя лініі), расл. (званочкі, валошкі, ружы, рамонкі), геральдычныя (гербы і манаграмы ўладальнікаў) арнаменты, выявы анёлаў, грыфонаў і інш., на кафлі 17 ст. — «дывановы» арнамент са стылізаваным расл. узорам.

Літ.:

Панічава Л.Р. Навагрудская кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

А.А.Трусаў.

Да арт. Навагрудская кафля. Паліваная кафля з малюнкам дывановага тыпу. 17 ст.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР (Янкель Мордухавіч) (Якаў Маркавіч; 14.5.1869, Мінск — 19.3.1940),

бел. жывапісец і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1939). Вучыўся ў Кіеўскай школе малявання М.І.Мурашкі (1882—86), у Варшаве ў Л.Горавіца (1887), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1888—95), у Вышэйшым маст. вучылішчы пры АМ у Пецярбургу ў У.Макоўскага (1897—1900). З 1900 у Мінску. У 1904 арганізаваў «Курсы малявання і жывапісу», у 1906 — прыватную школу малявання (дзейнічала да 1914). З 1914 выкладаў малюнак у Казані, з 1921 — на рабфаку пры БДУ. У 1921—23 збіраў матэрыялы ў краязнаўчых экспедыцыях Бел. дзярж. музея, удзельнічаў у афармленні Музея рэвалюцыі БССР. Працаваў пераважна ў быт. і партрэтных жанрах. У творах быт. жанру адлюстроўваў гіст. і сучасныя яму падзеі, сцэны з яўр. жыцця і побыту: «На суд прафесара», «Пагром», «Пісец Торы», «Пісьманосец», «Духоўны суд», «Хедэр» (усе 1900—10-я г.), «Дзіцячая калонія» (1930), «Прызыўная камісія» (1932), «Кавальскі цэх» (1937), «Гульня ў гарадкі» (1930-я г.). Партрэты вызначаюцца дакладнасцю псіхал. характарыстыкі і глыбінёй вобразаў: «Аўтапартрэт у малінавым берэце» (1889), партрэт брата (1896), партрэты скрыпача Жухавіцкага (1897), Я.Коласа і Я.Купалы (1923), М.Горкага, З.Бядулі (1920—30-я г.), аўтапартрэт (1931).

Н.М.Усава, Г.М.Ярмоленка.

Я.Кругер Пісьманосец. 1907.

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял. памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-й пал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й пал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.

А.А.Трусаў.

Да арт. Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.
Да арт. Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.

Літ.:

Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;

Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.

А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі.

Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.

т. 9, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ПАСЦЬ,

умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).

Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.

У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.

На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л. Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;

гл. таксама пры арт. Абарончыя збудаванні.

М.А.Ткачоў.

Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.
Крэпасць Туроўля. 1566—67.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)