шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:
Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДА́Р ГЛЕ́БАВІЧ,
князь менскі, магчыма, і гарадзецкі. Сын менскага кн.Глеба Усяславіча. Працягваў барацьбу менскіх князёў за ўстанаўленне дамінуючага становішча Менска ў Полацкай зямлі. У 1158 (паводле інш. крыніц у 1159) выступіў з братамі ў паход супраць полацкага кн.Рагвалода Барысавіча. У 1161 (1162) знаходзіўся ў Гарадцы (месцазнаходжанне не высветлена), разам з Літвою разбіў войска Рагвалода. У 1167 выступіў супраць полацкага кн.Усяслава Васількавіча і заняў полацкі трон, заключыўшы дагавор з вечам. Затым накіраваўся ў Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўшыся, што на дапамогу віцябчанам ідзе смаленскі кн. Раман, вярнуўся ў свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКМЕІ́ЗМ (ад грэч. akme найвышэйшая ступень чаго-н., росквіт),
мадэрнісцкая плынь у рас. паэзіі 1910-х г. Супрацьпастаўляўся сімвалізму з яго адрывам ад рэальнага жыцця і імкненнем да містычнага, незразумелага. Сярод тэарэтыкаў і прыхільнікаў акмеізму — М.Гумілёў («Спадчына сімвалізму і акмеізм», 1913), С.Гарадзецкі («Некаторыя плыні ў сучаснай рускай паэзіі», 1913), В.Мандэльштам, Г.Ахматава і інш., якія дэкларавалі канкрэтна-пачуццёвае ўспрыняцце і адлюстраванне свету, паэтызавалі мінулую культуру і біял. пачатак у чалавеку (адсюль другая назва акмеізму — адамізм, ад імя Адам), выступалі за вяртанне слову яго першапачатковага, не сімвалічнага, сэнсу. Акмеісты аб’ядналіся ў «Цэх паэтаў» (1911 — 14; 1920—22), выдавалі час. «Гиперборей» (1912—13), альманахі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 67 км ад Магілёва. 797 ж., 289 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв ВКЛ. У 1758 у Быхаўскім графстве. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 у Быхаўскім пав., 514 ж., 69 двароў, царква. З 1842 дзейнічала гарбарня, з 1866 нар. вучылішча. У 1897 Гарадзец — цэнтр воласці, 921 ж., 148 двароў, 2 ветракі, кузня, крама, піцейны дом, хлебазапасны магазін. У 1924—60 і з 1963 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У кастр. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 460 ж. У ліст. 1943 паміж партызанамі і карнікамі адбыўся Гарадзецкі бой 1943. У 1970 — 783 ж., 280 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ МАНАСТЫРЫ́,
праваслаўныя манастыры ў Полацку ў 16 ст. Вядомы з дакументаў і асабліва з рэестра 1583 Скуміна царкоўных сёл, перададзеных Стафанам Баторыем Полацкаму езуіцкаму калегіуму. У іх ліку названы: Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр; Багародзіцкі мужчынскі, засн. ў 12 ст.Ефрасінняй Полацкай; Полацкі Богаяўленскі манастыр; Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; Сафійскі мужчынскі; Гарадзецкісв. Міхаіла, якому ў 1583 належалі 10 вёсак (64 дымы) і 20 дымоў у горадзе; Лучанскі св. Мікалая, меў 6 вёсак (40 дымоў); Козьма-Дзям’янаўскі мужчынскі, знаходзіўся за р. Палата, спыніў існаванне ў час Лівонскай вайны 1558—83; Пятроўскі мужчынскі, знаходзіўся у замку, разбураны пры ўзяцці Полацка Стафанам Баторыем; Іаана Прадцечы, на в-ве Экіманскі на р.Зах Дзвіна, вядомы з 12 ст., адсюль паходзяць 2 Полацкія евангеллі, у 1583 манастыру належала 8 вёсак, 120 дымоў у Полацку, разбураны ў час Лівонскай вайны; Троіцкі мужчынскі за р. Палата, вядомы з 12 ст., адсюль паходзіць адно з Полацкіх евангелляў, спыніў існаванне ў Лівонскую вайну; Праабражэнскі Запалоцкі; св. Юрыя, у полі за горадам; Машонацкі Уваскрэсенскі, знаходзіўся ў Ніжнім Замку, яму належалі 3 вёскі і 5 дворышчаў у Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й УКРАІ́НЫ,
найбуйнейшы збор укр.нац. мастацтва. Адкрыты ў 1899 у Кіеве. Засн. як Гар. музей старажытнасцей і мастацтваў. У 1904 перайменаваны ў Маст.-прамысл. і навук. музей імя імператара Мікалая Аляксандравіча, з 1919—1-ы Дзярж. музей, з 1924 — Усеўкр. музей імя Т.Р.Шаўчэнкі, з 1936 — Дзярж.ўкр. музей, з 1939 — Дзярж. музей укр. мастацтва, з 1964 — Дзярж.ўкр. музей выяўл. мастацтва, з 1994 — сучасная назва. Пл. экспазіцыі 2,12 тыс.м², у фондах больш за 30 тыс. экспанатаў. Аддзелы: стараж.-ўкр. мастацтва 12—18 ст. (іканапіс, партрэтны жывапіс, скульптура, гравюры, нар. карцінкі), мастацтва 19 — пач. 20 ст. (карціны і гравюры Шаўчэнкі, пейзажы, жанравыя кампазіцыі У.Арлоўскага, С.Васількоўскага, М.Івасюка, К.Кастандзі, П.Леўчанкі, А.Мурашкі, М.Піманенкі, С.Святаслаўскага); сучаснага мастацтва, які адлюстроўвае разнастайнасць стыляў і кірункаў 1920—90-х г. (творы авангардыстаў А.Багамазава, Д.Бурлюка, А.Экстэр, прадстаўнікоў рэаліст. школы У.Касцецкага, Ф.Крычэўскага, А.Пятрыцкага, А.Шаўкуненкі, Т.Яблонскай). Мае калекцыю твораў мастакоў канца 20 ст. Будынак музея ўзведзены ў 1897—1900 (арх. Г.Байцоў і У.Гарадзецкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ РАЁН,
на Пд Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,3 тыс.км². Нас. 49,2 тыс.чал. (1996), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал/км². Цэнтр — г.Быхаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Абідавіцкі, Баркалабаўскі, Верхнятошчыцкі, Гарадзецкі, Глухскі, Грудзінаўскі, Дунайкаўскі, Лудчыцкі, Навабыхаўскі, Следзюкоўскі, Трылесінскі, Холстаўскі, Чарнаборскі, Чырвонаслабодскі, Ямненскі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка тэр. раёна забруджана радыеактыўнымі элементамі. Жыхары в. Александроў адселены.
Размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 150—160 м, найвыш. пункт 183,5 м (каля в. Трылесіна). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, керамічныя гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб.р. Дняпро з прытокамі Чарнаўка, Баброўка, Трасна, Ухлясць з Варонінкай, Тошчыца, Адаменка, Рдзіца, Лахва; на З — р. Друць (на ёй Чыгірынскае вадасх.) з прытокамі Грэза і Балонаўка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 39% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў складае 103,1 тыс.га, з іх асушана 23,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 23 калгасы, племзавод «Вараніно», адкрытае акцыянернае т-ва «Быхаўмалако». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (спірт-сырэц, масла, сухое абястлушчанае малако, крухмал, агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), паліўнай (брыкет), металаапр. (бочкі), буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Магілёў—Жлобін, аўтадарогі Магілёў—Гомель, Магілёў—Бабруйск. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія і 15 базавых школ, 35 дашкольных дзіцячых устаноў, 46 клубаў, 45 б-к, 7 бальніц, З амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі прыроды — хвоі-гіганты каля в. Барсукі. Арх. помнікі: царква 19 ст. ў в. Балонаў-Сялец; царква Казанскай Маці Божай (1904) у в. Баркалабава; палацава-паркавы ансамбль пач. 19 ст. ў в. Грудзінаўка; царква пач. 20 ст. ў в. Лубянка; Успенская царква (1865) у в. Мокрае. Мемарыял воінскай славы ў в. Лудчыцы. Выдаецца газ. «Маяк Прыдняпроўя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎ,
горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс.ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).
Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст.Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш.бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл.Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд.т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс.ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.В.Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял.Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл.Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).
Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.
паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх І.Р.Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.І.Шэдэль і П.І.Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.В.Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.П.Антропаў і Р.К.Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.Ф.Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.Дз.Коўнір і П.І.Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.І.Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.І.Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.І.Берэці). У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.В.Берэці, І.В.Штром, Спаро; размалёўкі В.М.Васняцова, М.В.Несцерава, М.К.Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.А.Шротэр), будынкі Музея ўкр.выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.П.Байцоў і У.У.Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.В.Кобелеў і А.М.Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх.Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі, П.К.Клот, арх. К.А.Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.В.Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.І.Грачына), помнік Т.Р.Шаўчэнку (1938, скульпт. М.Г.Манізер, арх Я.А.Левінсон). У Вял.Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх А.В.Уласаў, А.У.Дабравольскі, Б.І.Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.І.Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.Дз.Елізараў, Н.Б.Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.А.Марынчанка, І.Г.Вайнер, П.Н.Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1981, скульпт. Я.В.Вучэціч, В.З.Барадай, Ф.М.Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.В.Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л.Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л.Укр.т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.Р.Шаўчэнкі, гіст., укр.выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал.нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш.Рэсп. стадыён.
З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.І.Мурашкі створана маст. вучылішча.
Літ.:
Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;
Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;
Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.
Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.Берэці, І.Штром, П.Спаро. 1862—96.Плошча Незалежнасці ў Кіеве.Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.Р.Шаўчэнкі.Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.Гарадзецкі. 1902—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ РАЁН На З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 40,7 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн.нас. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Кобрын. 162 сельскія нас. пункты. 13 сельсаветаў: Аніскавіцкі, Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кісялёвіцкі, Навасёлкаўскі, Осаўскі, Павіццеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.
Пераважную ч. раёна займае Брэсцкае Палессе. Паверхня — аднастайная забалочаная раўніна. 90% тэрыторыі знаходзяцца на вышыні 145—150 м, 3% — вышэй за 150 м. Найвыш. пункт 167,7 м (на Пн ад в. Тэўлі). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -4,7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 531 мм за год. Вегет. перыяд 203 сут. Найб.р. Мухавец з прытокамі Дахлоўка, Шэўня, Кобрынка, Трасцяніца. Дняпроўска-Бугскі і Арэхаўскі каналы. Возера Любань. Пераважаюць глебы дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (36,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,3%) і тарфяна-балотныя (26%). Пад лесам 26% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя і яловыя. 18,1% лясоў штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 7% тэрыторыі, нізінныя, найб. масіў Вялікі Лес. Біял. заказнікі мясц. значэння: Клішча, Мелянкова, Дзівін-Вялікі Лес; геал. (тарфяны) — Елка. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Кобрынскі парк імя А.В.Суворава, «Сувораўскі дуб» каля в. Дзівін.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 116,5 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 29 калгасаў, 2 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, племзавод «Дружба», птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, буракаводства (цукр. буракі), насенняводства збожжавых. Вырошчваюць збожжавыя, лён-даўгунец, кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы харч. (пладова-агароднінакансервавая вытв-сць), дрэваапр., буд. матэрыялаў, металаапр., паліўнай (торф), лясной прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск. Суднаходства па Дняпроўска-Бугскім канале і р. Мухавец. У раёне 24 сярэднія, 10 базавых (у т. л. 1 школа-інтэрнат), 6 пач., 5 муз., 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 44 клубныя ўстановы, 62 б-кі, 6 бальніц, 10 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Акцябр, Параскеўская (1882) у в. Балота, Пакроўская (1674) у в. Бухавічы, Крыжаўзвіжанская (1864) у в. Бяроза, Мікалаеўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Верхалессе, Вазнясенская (пабудавана ў 1799 у в. Акцябр, у 1876 перавезена ў в. Гарадзец), Прачысценская (пач. 20 ст.) і Параскевы Пятніцы (1740) у в. Дзівін, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Казішча, Дзмітрыеўская (18 ст.) у в. Лелікава, Міхайлаўская (19 ст.) у в. Навасёлкі, Прачысценская (пач. 20 ст.) у в. Павіцце, Успенская (1872) у в. Тэўлі, Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Хабовічы; планіроўка і забудова вёскі (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Бярозна. Выдаецца газ. «Кобрынскі веснік».