ДЖА́МНА, Ямуна,

рака ў Індыі, правы, самы доўгі прыток р. Ганг. Даўж. 1384 км, пл. бас. 351 тыс. км². Пачынаецца ў ледавіках хр. Заскар у Гімалаях, у вярхоўі цячэ па вузкай глыбокай цясніне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — на Інда-Гангскай раўніне. Буйны прыток Чамбал. Сярэдні расход вады каля 2,5 тыс. м³/с. Летнія паводкі ад мусонных дажджоў. Ад Дж. адыходзяць шматлікія арашальныя каналы. На Дж. — гарады Дэлі (пачатак суднаходства), Агра, Алахабад.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГА́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Індыйскага ак., паміж п-вам Індастан на З і п-вам Індакітай і а-вамі Андаманскімі і Нікабарскімі на У. Пл. 2191 тыс. км². Найб. глыб. 5258 м. Т-ра вады на паверхні ў лют. 25—27 °C, у жніўні 28 °C (у маі 29 °C). Салёнасць да 34‰. Прылівы паўсутачныя (да 10,7 м). Частыя трапічныя ўраганы. У Бенгальскі заліў упадаюць рэкі Ганг і Брахмапутра. Рыбалоўства. Асн. парты — Калькута, Мадрас (Індыя), Чытагонг (Бангладэш).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАХАБА́Д,

горад у паўн. ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс. ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш. гіст. помнікі. Ун-т.

Алахабад. Рэлігійны фестываль «Кумбх-мела».

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́Я,

горад у Паўн. Індыі, у даліне р. Ганг, штат Біхар. Вядомы з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. Каля 300 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: баваўняная, вытв-сць шэлаку (сыравіны для лакаў і палітур), перапрацоўка с.-г. прадуктаў. Гая — гіст., рэліг. і культ. цэнтр Стараж. Індыі. Месца паломніцтва індуістаў (гара Гая). Вёска Будх-Гая (за 10 км на Пд) з’яўляецца сусв. цэнтрам паломніцтва будыстаў, дзе, паводле паданняў, Буда ўпершыню выступаў перад людзьмі. Там жа стараж. будыйскі храм Махабодхі.

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗНЕВІ́ДЫ,

дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр. Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе І [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,

у цэнтральнай частцы Паўд. Азіі, на тэр. паўд.-ўсх. Індыі, Бангладэш, Непала, Бутана, часткова зах. Кітая і паўн. і ўсх. М’янмы. Пл. 1,86 млн. км². Размешчаны ў паўн. ч. Індастанскай платформы, уключае Перадгімалайскі і Перадараканскі краявыя прагіны; гал. ваданосныя гарызонты — чацвярцічныя пралювіяльныя адклады акумулятыўнай раўніны р. Ганг. Напорныя воды на глыб. да 15 м. Дэбіты свідравін ад 5—6 да 30 л/с. Мінералізацыя вады ніжэй за 1 г/л. Жыўленне басейна за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў, рачных і расталых вод ледавікоў, кандэнсацыі вільгаці з паветра. Эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод для б.ч. басейна каля 7400 км³/год.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛЫ (Selachorpha),

надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.

Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.

Акулы: 1 — анёл; 2 — рыба-молат; 3 — сіняя акула.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНА́СІ, Бенарэс,

горад на Пн Індыі, на р. Ганг, паміж яго прытокамі Варан і Асі (адсюль назва), у штаце Утар-Прадэш. Узнік каля 7 ст. да н.э. 932,4 тыс. ж. (1991). Важны трансп. вузел (чыгункі, аўтадарогі, водныя шляхі). Баваўняная, шаўкаткацкая, шкляная, харч., хім. прам-сць. 3-д цеплавозаў. Саматужная вытв-сць маст. вырабаў (парча, дываны, ювелірныя вырабы і інш.). Цэнтр кнігадрукавання на мове хіндзі. 2 ун-ты. Найбуйнейшая б-ка кніг на мове хіндзі. Гіст., культ. і рэліг. цэнтр краіны. Месца паломніцтва (каля 1 млн. чал. штогод) індусаў і будыстаў. Шматлікія палацы і індуісцкія храмы (пераважна 16—18 ст.). «Залаты храм Шывы» (каля 1750), комплекс палацаў 16—19 ст., іншыя арх. помнікі.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,

сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс. м на У і 5 тыс. м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс. м — плантацыі цытрусавых, чаю.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КА,

горад, сталіца Бангладэш, на р. Бурыганга ў агульнай дэльце рэк Ганг і Брахмапутра. Адм. ц. вобласці Дака. 3,6 млн. ж., у гар. агламерацыі з г. Нараянгандж 6,1 млн. ж. (1991). Вузел унутр. водных шляхоў, аўтадарог. Порт даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: баваўняная, тэкст., шкляная, гарбарна-абутковая, джутавая (гал. цэнтр апрацоўкі джуту і вырабу з яго пераважна тэхн. тканін), харч., хім., паліграф., маш.-буд., металаапр., аўтазборачная. Суднабудаванне. Цэнтр стараж. ткацкага (вытв-сць мусліну) і інш. рамёстваў, у т. л. філігранная чаканка па серабры. Гандаль рысам, джутам, цукрам, алеем. 2 ун-ты. Арх. помнікі 17—18 ст.

Стараж. горад Бенгаліі, у 1608—1717 яе сталіца. У 17 — пач. 18 ст. буйны цэнтр рамесніцтва і гандлю. Заваяванне Англіяй Бенгаліі ў сярэдзіне 18 ст., увоз у Індыю англ. фабр. тканін разбурылі рамесніцтва і гандаль Д. У пач. 20 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. У 1906 у Д. створана Мусульманская ліга. У 1947—71 адм. цэнтр Усх. Пакістана (Усх. Бенгаліі). З 1971 сталіца Рэспублікі Бангладэш.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)