Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
вышэйшая пед.навуч. ўстанова ў Пецярбургу ў 1816—19, 1829—59. Засн. на базе рэарганізаванага Пецярбургскага пед. ін-та (1804—16), атрымаў правы ун-та. Рыхтаваў настаўнікаў гімназій, прыватных навуч. устаноў і пансіёнаў, прафесараў і выкладчыкаў ВНУ. Тэрмін навучання 6 гадоў; аддзяленні філас. і юрыд. навук, фіз. і матэм. навук, гіст. і славесных навук. У 1819 рэарганізаваны ў Пецярб.ун-т. Галоўны педагагічны інстытут зноў адчынены ў 1829 як закрытая навуч. ўстанова для падрыхтоўкі педагогаў вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў (падрыхтаваў 682 педагогі). Выпускнікамі ін-та былі М.А.Дабралюбаў, Дз.І.Мендзялееў і інш. Спыніў дзейнасць у 1859.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.
Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Галоўны трыбунал Вялікага княства Літоўскага, гл. Трыбунал Вялікага княства Літоўскага
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ, АБО ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ, ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа, у яго найб. прыўзнятай восевай частцы. Працягваецца з З — ПнЗ на У — ПдУ. З’яўляецца водападзелам рэк, якія сцякаюць на Пн (бас. Кубані, Церака, Сулака і інш.) і на Пд (бас. Кадоры, Інгуры, Рыёні, Куры і інш.). Выш. да 5068 м (г. Шхара). Ледавікі. Гл.Каўказ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ КАМІТЭ́Т ПА СЯЛЯ́НСКАЙ СПРА́ВЕ,
урадавая ўстанова ў Расіі па разглядзе праектаў адмены прыгоннага права ў 1858—61. Пераўтвораны з Сакрэтнага к-та па сял. справе. Знаходзіўся ў распараджэнні імператара. Старшынёй быў кн. А.Ф.Арлоў, потым вял.кн. Канстанцін Мікалаевіч, членамі — міністры, чл.Дзярж. савета і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ (ГАСА) у Варшаве. Засн. ў 1808 як Агульнакраёвы архіў, з 1816 Гал. архіў Польскага Каралеўства, з 1889 Варшаўскі гал. архіў стараж. актаў, з 1918 ГАСА. Зберагае найб. каштоўныя дакументы пра дзейнасць найвышэйшых улад Польскай дзяржавы ад 14 ст., самы стараж. дакумент датуецца 1155. Захоўвае дакументы органаў улады і ўстаноў зямель Кароны Польскай і ВКЛ у асноўным перыяду ўваходу ў Рэч Паспалітую. Сярод найб. каштоўных дакументаў, што датычаць Беларусі, асобныя кнігі метрыкі ВКЛ, сумарыуш і копія метрыкі сярэдзіны 18 ст., пергаментныя дакументы з Нясвіжскага архіва кн. Радзівілаў (каралеўскія і прыватныя, 16—18 ст.), радавыя архівы Патоцкіх з Радзыні (1500—1841), Браніцкіх (1526, 1661—1790), Панятоўскіх (1461—1797), Патоцкіх з Яблоны (1486—1926), Пшаздзецкіх (1539—1729), Радзівілаў з Паланечак (15—19 ст.), Фашчаў (1583—1865), Прозараў і Ельскіх (1624—1915) і інш., маянтковыя архівы. У аддзеле картаграфічных фондаў збор планаў і картаў тэр. Беларусі.