ВЕЛЬГА́ЎЗЕН ((Wellhausen) Юліус) (17.5.1844, г. Гамельн, Германія — 7.1.1918),

нямецкі ўсходазнавец. Праф. тэалогіі ў Грайфсвальдзе (1872—82), усходазнаўства ў Гале (1882—85), Марбургу (1885—92) і Гётынгене (з 1892). Даследчык стараж. гісторыі іудаізму, ранняга перыяду гісторыі ісламу, раннехрысц. літ. помнікаў. Гал. працы: «Уводзіны ў Стары Запавет» і «Гісторыя Ізраіля» (абедзве 1878), «Гісторыя Ізраіля і Іудзеі» (1894). Паводле Вельгаўзена гал. частка т.зв. Майсеевага закону (ён назваў яго Жрэцкім кодэксам) напісана не легендарным Майсеем у 15—13 ст. да н.э., як сцвярджае іудзейска-хрысц. традыцыя, а групай жрацоў у 6 ці 5 ст. да н.э.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́, Дэ Бары (de Bary) Генрых Антон дэ (26.1.1831, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.1.1888), нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў мікалогіі і ліхеналогіі. Праф. ун-таў у Фрайбургу(1855), Гале (1867) і Страсбургу (1872). Навук. працы па марфалогіі, біялогіі і гісторыі развіцця грыбоў, лішайнікаў, міксаміцэтаў, водарасцяў, параўнальнай анатоміі вышэйшых раслін. Высветліў гетэратрофны характар жыўлення грыбоў; паказаў, што паразітныя грыбы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб вышэйшых раслін (1853); адкрыў і вывучыў палавы працэс у фікаміцэтаў і сумчатых грыбоў; даследаваў цыкл развіцця ржаўнікаў (1863); правёў шматлікія даследаванні водарасцяў-кан’югатаў. Прапанаваў першую філагенетычную сістэму грыбоў. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва 1884.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ ((Wolff) Каспар Фрыдрых) (18.1.1734, Берлін — 22.2.1794),

прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1867). Вучыўся ў Берліне (1753—55) і Гале (1755—59). З 1768 узначальваў кафедру анатоміі Пецярбургскай АН. Навук. працы па эмбрыялогіі, параўнальнай анатоміі і вывучэнні пачварнасці і заган развіцця (тэраталогіі). Праца «Тэорыя зараджэння» (1759) адыграла значную ролю ў барацьбе з прэфармісцкімі ідэямі аб пераўтварэнні ўсіх частак арганізма ў яйцы і метафіз. ўяўленнямі пра нязменнасць відаў, у абгрунтаванні эпігенезу. Заклаў асновы вучэння пра індывід. развіццё арганізма — антагенез.

Літ.:

Гайсинович А.Е. К.​Ф.​Вольф и учение о развитии организмов. М., 1961.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВЕР’Е́ ((Le Verrier) Урбен Жан Жазеф) (11.3.1811, г. Сен-Ло, Францыя — 23.9.1877),

французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1846). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1848). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1833). З 1854 дырэктар Парыжскай абсерваторыі. Навук. працы па нябеснай механіцы і тэорыі руху вял. планет Сонечнай сістэмы. На аснове даследавання ўзбурэнняў Урана вызначыў (1846, незалежна ад Дж.К.Адамса) арбіту і становішча планеты, названай Нептунам (адкрыта ў 1846 ням. астраномам І.​Г.​Гале). Адкрыў векавы рух перыгелія Меркурыя, што знайшло тлумачэнне ў агульнай тэорыі адноснасці.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 391—396.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НКЕЛЬМАН ((Winckelmann) Іаган Іаахім) (19.12.1717, г. Штэндаль, Германія — 8.6.1768),

нямецкі гісторык мастацтва. Прадстаўнік эстэтыкі класіцызму. Па адукацыі багаслоў; вучыўся ў Берліне і Гале. У гал. яго творы «Гісторыя старажытнага мастацтва» (1763) разгледжаны не асобныя майстры, а мастацтва ўвогуле, у яго росквіце і заняпадзе. Ідэалізуючы антычнасць, ён лічыў стараж.-грэч. мастацтва ўзорам для ўсіх часоў і народаў. Створаная ім методыка мастацтвазнаўчага аналізу стала эстэт. асновай для станаўлення класіцызму ў Германіі і інш. еўрап. краінах.

Тв.:

Рус. пер. — История искусства древности. [Л.], 1933;

Избр. произведения и письма. [М.; Л.], 1935.

Літ.:

Асмус В.Ф. Винкельман, его теория искусства и эстетическое мировоззрение // Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎБЕ ((Laube) Генрых Рудольф Канстанц) (18.9.1806, Шпротаў, Германія — 1.8.1884),

нямецкі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Вывучаў тэалогію і л-ру ва ун-тах Гале і Брэслаў (1826—30). Кіраўнік венскага «Бургтэатра» (1849—67), працаваў у Лейпцыгскім (1869—70) і Венскім гар. (1872—80) т-рах. Чл. групы пісьменнікаў «Маладая Германія». Лепшы раман «Маладая Еўропа» (1833—38), напісаны пад уражаннем Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі і паўстання 1830—31, пра прыгнечаную Польшчу, яе сац. і нац. праблемы. Аўтар рамана «Графіня Шатабрыян» (1843), драм «Вучні школы Карла» (1847, пра маладога Ф.​Шылера), «Граф Эсекс» (1856), тэатразнаўчых прац. Як рэжысёр паўплываў на развіццё рэаліст. традыцый аўстр. і ням. т-раў.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДАВІЧ ((Обрадовић) Дасітэй) (да манаства Дзімітрый; каля 1739, в. Чакава, Югаславія — 28.3.1811),

сербскі пісьменнік і асветнік, пачынальнік новай сербскай л-ры на нар. мове. Першы міністр асветы Сербіі (1811). Вучыўся ў Гале, Лейпцыгу, Вене. Вандраваў па Еўропе, у 1787 быў на Беларусі (г. Шклоў). У 1808 арганізаваў т.зв. Вялікую школу ў Бялградзе (пазней ун-т). У філас. і павучальных творах «Пісьмо да Харалампія» (1782), «Парады цвярозага розуму» (1784), «Байкі» (1788), «Збор розных павучальных рэчаў...» (1793), аўтабіягр. рамане «Жыццё і прыгоды Дзімітрыя Абрадавіча...» (ч. 1—2, 1783—88) выкрываў абскурантызм, змагаўся за рацыяналізм мыслення і гуманізм, адстойваў неабходнасць усеагульнай адукацыі, заклікаў паўд. славян да адзінства.

Тв.:

Сабрана дела. Т. 1—3. Београд, 1961.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ ((Hertz) Фрыдрых Ота) (26.3.1878—?),

аўстрыйскі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Скончыў Венскі ун-т. У 1920—30-я г. саветнік міністра пры Аўстрыйскай федэральнай канцылярыі, у 1930—33 праф. эканомікі і сацыялогіі ун-та ў г. Гале. У 1938 эмігрыраваў у Англію. Услед за Э.​Давідам і Э.Бернштэйнам выступіў з рэвізіяй марксісцкага агр. вучэння; тэарэтычна абгрунтоўваў устойлівасць дробнай вытв-сці ў земляробстве, адстойваў «закон спаду ўрадлівасці глебы». Яго палажэнні выкарыстоўвалі рус. эканамісты С.М.Булгакаў, В.М.Чарноў і інш. ў палеміцы з марксістамі па пытаннях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. Погляды Герца крытыкаваў У.​І.​Ленін у працы «Аграрнае пытанне і «крытыкі Маркса» (1901, 1907).

Тв.:

Рус. пер. — Аграрный вопрос. СПб., 1899;

Тое ж. М., 1900.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬФ ((Wolff) Крысціян) (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),

нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЗУР ((Masur) Курт) (н. 18.7.1927, г. Брыг, Швейцарыя),

нямецкі дырыжор. Чл. АМ Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскай вышэйшай муз. школе (1946—48). З 1948 дырыжор оперных т-раў у Гале, Эрфурце, Лейпцыгу. У 1955—72 генерал-музік-дырэктар Дрэздэнскага філарманічнага аркестра, Мекленбургскага т-ра ў Шверыне, т-ра «Комішэопер», з 1970 гал. дырыжор аркестра «Гевандхаўза», з 1991 Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Хары Янаш» З.​Кодая, «Рамэо і Юлія» Г.​Зутэрмейстара, «З мёртвага дома» Л.​Яначака, «Арабела» Р.​Штрауса, «Атэла» Дж.​Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага і інш. Вядомы як інтэрпрэтатар сімфоній Л.​Бетховена, А.​Брукнера, Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, П.​Чайкоўскага. Нац. прэміі ГДР 1970, 1982. Прэмія імя Шумана 1981.

К.Мазур.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)