ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,

мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ТЛЕР-Ю́ГЕНД (ням. Hitler-Jugend гітлераўская моладзь),

маладзёжная арг-цыя нацыянал-сацыялісцкай партыі ў 1926—45. Першапачаткова наз. Саюз ням. рабочай моладзі. З 1931 узначальваў рэйхсюгендфюрэр (да 1940 Б. фон Шырах, у 1940—45 А.​Аксман). Да 1933 рыхтаваў маладую змену для штурмавых атрадаў (СА). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў (1933) набыў масавасць (у 1932 — 100 тыс. членаў, у 1938 — 8,5 млн.). Паводле закону ад 1.12.1936 абвешчаны адзінай дзярж. маладзёжнай арг-цыяй; ставіў за мэту выхаванне ўсёй ням. моладзі ў духу нацыянал-сацыялізму; аб’ядноўваў моладзь ад 10 да 18 гадоў. Структурна падзяляўся (з 1938) на Deutsche Jungvolk (Ням. моладзь; хлопчыкі ад 10 да 14 гадоў), уласна Гітлер-югенд (юнакі ад 14 да 18 гадоў), Deutsche Jungmädel (Ням. дзяўчынкі; 10—14 гадоў) і Bund Deutscher Mädel (Саюз ням. дзяўчат; 14—18 гадоў). Распушчаны пасля ваен. паражэння фаш. Германіі.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТО́НАЎ ЦЫКЛ,

19-гадовы каляндарны цыкл (6940 сут), які служыць для ўзгаднення працягласці сінадычнага месяца і сонечнага года ў месяцава-сонечных календарах.

Прапанаваны ў 433 да н.э. афінскім вучоным Метанам і лёг у аснову стараж.-грэч. календара. М.ц. звязаны з набліжанай (з дакладнасцю да некалькіх гадзін) роўнасцю: 19 трапічных гадоў = 235 сінадычным месяцам. Хібнасць у зруху фаз Месяца складае 1 сут за 219 гадоў. М.ц. складаецца з 12 гадоў па 12 месяцаў і 7 гадоў па 13 месяцаў (з устаўным месяцам). 125 месяцаў «поўныя» — па 30 сут, а астатнія 110 «пустыя» — па 29 сут. М.ц. выкарыстоўваецца ў яўр. і інш. календарах.

т. 10, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),

Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІ́ЎНАЕ ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,

права асобы выбірацца ў выбарныя дзярж. органы і органы мясц. самакіравання; права быць зарэгістраваным у якасці кандыдата, праводзіць перадвыбарчую прапаганду і агітацыю, карыстацца ўсімі інш. правамі. У многіх дзяржавах валоданне П.в.п. абумоўлена рознымі павышанымі (у параўнанні з актыўным выбарчым правам) выбарчымі цэнзамі: узроставым, аселасці, адукац., службовым. Маёмасныя цэнзы для ажыццяўлення П.в.п. (пры выбарах у агульнанац. прадстаўнічыя органы) устаноўлены ў Канадзе, Аргенціне, Бельгіі, Коста-Рыцы і інш. Найчасцей абмежаванні датычаць павышанага ўзроставага цэнзу. На выбарах у верхнія палаты парламентаў гэты цэнз асабліва высокі, напр., у ЗША, Японіі, Індыі П.в.п. валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 30 гадоў (у ніжнюю — 25 гадоў), у Італіі адпаведна 40 і 25 гадоў. На Беларусі членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражываў на тэр. адпаведнай вобласці, г. Мінска не менш як 5 гадоў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата) можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ ВО́ЛІ,

адзін з відаў крымінальнага пакарання, які заключаецца ў ізаляцыі асуджанага ад грамадства шляхам накіравання яго ў папраўчую калонію з адпаведным рэжымам утрымання. У праве Рэспублікі Беларусь П.в. ўстанаўліваецца на тэрмін ад 6 месяцаў да 25 гадоў. За злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях, і за інш. асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца пажыццёвае зняволенне. Пры назначэнні пакарання асобе, якая не дасягнула 18 гадоў, тэрмін П.в. не павінен перавышаць 10 гадоў, а адбыванне пакарання назначаецца ў выхаваўчай калоніі.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕЛА́НАВЫ ВО́БЛАКІ (Вялікае і Малое),

дзве карлікавыя галактыкі, спадарожнікі Млечнага Шляху, самыя яркія ў Паўд. паўшар’і неба, найбольш блізкія да нашай Галактыкі. Названыя па імю Ф.Магелана, каманда якога выявіла іх у час першага кругасветнага падарожжа (1519).

М.В. відаць на паўд. небе простым вокам як туманныя плямы няправільнай формы (Вял. М.В. — у сузор’і Залатой Рыбы, Малое — у Тукане). Памеры М.В. каля некалькіх дзесяткаў тыс. св. гадоў. Адлегласць ад Зямлі да Вял. М.В. 150 тыс. св. гадоў, да Малога — 200 тыс. св. гадоў. М.В. сфарміраваліся на некалькі млрд. гадоў пазней за нашу Галактыку і маюць шмат маладых зорак і газапылавых комплексаў, дзе ідзе актыўны працэс зоркаўтварэння. У Вял. М.В. ў лютым 1987 успыхнула звышновая зорка, якую можна было бачыць з Зямлі простым вокам. Іл. гл. да арт. Галактыкі.

А.А.Шымбалёў.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ВЕСТЬ ВРЕМЕННЫ́Х ЛЕТ,

гл. «Аповесць мінулых гадоў».

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

ваенныя навучальныя ўстановы ніжэйшага разраду ў 1805—58 у Рас. імперыі для кантаністаў. У іх вучыліся дзеці з 7 (з 1824 — з 10) да 15 гадоў, пасля чаго асн. частка навучэнцаў залічвалася салдатамі ў войска тэрмінам на 20 гадоў. астатнія працягвалі навучанне да 18 гадоў і атрымлівалі чын унтэр-афіцэра. Асн. мэта К.ш. — падрыхтоўка добра абучаных і «адданых прастолу» салдат. Праграма навучання была вельмі абмежаваная (Закон Божы, чытанне, пісьмо, лік), унутр. распарадак вызначаўся празмернай жорсткасцю, пераважала ваен. муштра. У сувязі з ліквідацыяй ваен. пасяленняў К.ш. часткова расфарміраваны, некат. пераўтвораны ў вучылішчы ваен. ведамства.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́ЙСТВА,

наўмыснае або неасцярожнае пазбаўленне жыцця чалавека. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь адказнасць за З. настае з 14 гадоў. За наўмыснае З. пры абцяжваючых акалічнасцях (з карыслівымі матывамі, пры выкананні пацярпелым службовага або грамадскага абавязку, цяжарнай жанчыны, учыненае асабліва небяспечным рэцыдывістам ці асобай, якая раней была асуджана за наўмыснае З., і інш.) закон прадугледжвае доўгатэрміновае або пажыццёвае пазбаўленне волі або пакаранне смерцю. Законам прадугледжана крымін. адказнасць за З., учыненае ў стане моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі паводзінамі пацярпелага, пры перавышэнні межаў неабходнай абароны і па неасцярожнасці, пазбаўленнем волі да 5 гадоў або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)