ПЛАДАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл. Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл. каля 20 млн. га.

На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс. га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс. т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш. Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл.), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.

Літ.:

Плодоводство. М., 1979;

Плоды и овощи в питании человека. Мн., 1983.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРА́РЫЙ (ад грэч. dendron дрэва), дэндралагічны сад,

калекцыі дрэвавых раслін адкрытага грунту, высаджаных паводле пэўнага прынцыпу (сістэматычнага, геаграфічнага, экалагічнага, дэкаратыўнага і інш.). Можа быць самастойным ці ўваходзіць у склад батанічнага сада. Займае пл. ад некалькіх да соцень га. Д. мае навуковае, вучэбнае, культ.-асветнае, доследна-вытв. значэнне: паказвае багацце і разнастайнасць дрэвавай сусв. ці рэгіянальнай флоры, з’яўляецца базай для н.-д. работы па інтрадукцыі, акліматызацыі і селекцыі дрэвава-кустовых раслін, спрыяе пашырэнню рэдкіх і гасп.-каштоўных відаў. Старэйшыя Д. на тэр. СНД у Грузіі ў Тбілісі (1625), у Расіі ў Маскве (1706) і Санкт-Пецярбургу (1714), на Украіне ва Умані (1714; «Сафіеўка»), Белай Царкве (1793—97; «Александрыя»), Харкаве (1804) і Ялце (1812; Нікіцкі батанічны сад), а таксама ў Эстоніі ў Тарту (1803) і інш. Буйны Д. — у Гал. бат. садзе АН Расіі (Масква). На Беларусі самы вял. Д. у Цэнтральным батанічным садзе Нац. АН Беларусі. Пл. 95,8 га. Закладзены ў 1932 паводле батаніка-геагр. прынцыпу: Беларусь, Д. Усход і Усх. Азія, Паўн. Амерыка, Еўропа і Сібір, Каўказ і Крым, Сярэдняя Азія. Складаецца з геагр. і лесапаркавай тэрыторый. У калекцыях каля 1500 відаў і форм дрэў, кустоў, павойных раслін. Другі па колькасці відаў Д. Бел. с.-г. акадэміі. Пл. каля 15 га. Закладзены ў 1884 як дрэвавы гадавальнік (з канца 1950-х г. дэндралагічны сад). У калекцыях каля 400 відаў дрэў і кустоў. Д. Жорнаўскай лясной доследнай станцыі (Асіповіцкі р-н) створаны ў пач. 20 ст. У калекцыі каля 200 відаў хвойных і лісцевых парод. Віцебскі Д. закладзены ў 1919 паводле геагр. прынцыпу. Збераглося каля 80 відаў. У калекцыях Д. Бел. ун-та (в. Шчомысліца Мінскага р-на), які закладзены ў 1933, каля 330 відаў і форм дрэвавых парод.

Д. Бел. тэхнал. ун-та (г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на) закладзены ў 1954 паводле геагр. прынцыпу. У калекцыях больш за 500 відаў і форм дрэвавых парод. Д. Глыбоцкага лясгаса закладзены ў 1968. Мае пл. 8,2 га і калекцыю з 530 відаў дрэвавых раслін. Школьныя Д. ў г.п. Ружаны Пружанскага і в. Валеўка Навагрудскага р-наў. У Д. вывучаецца відавы склад, біял. асаблівасці, развіццё, плоданашэнне, экалогія мясц. і інтрадукаваных парод, вызначаецца асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІНАВОДСТВА

Мэтанакіраваныя даследаванні па раслінаводстве на Беларусі пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (засн. ў 1840; з 1925 — БГСА). У ліку заснавальнікаў навук. раслінаводства А.​В.​Саветаў (першы доктар с.-г. навук, аўтар прац па вырошчванні кармавых траў і па сістэмах земляробства), І.​А.​Сцебут (чытаў першы ў Расіі курс па раслінаводстве, выдаў на яго аснове працу «Асновы палявой культуры і меры да яе паляпшэння ў Расіі», арганізаваў у Горках доследнае поле), М.​В.​Рытаў (арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур). У 1910 у Беняконах (Гродзенская вобл.) створана батанічна-сельскагаспадарчая доследная станцыя, на якой пад кіраўніцтвам В.​М.​Ластоўскага праводзіліся селекцыйная работа (створаны сорт азімага жыта Беняконскі, некалькі хуткаспелых сартоў лубіну) і выпрабаванні сартоў ячменю, аўса, бульбы. Даследаванні праводзіліся на Мінскай раслінаводчай і Горацкай (з 1920), Турскай, Віцебскай і Палескай (1921) с.-г. доследных станцыях, у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства (з 1925). У 1929 створана Бел. с.-г. доследная станцыя паляводства. У 1937 арганізаваны Ін-т сацыяліст. сельскай гаспадаркі (з 1956 — Бел. НДІ земляробства, з 2003 — НДІ земляробства і селекцыі). Да 1960-х г. насенняводчая і селекцыйная праца з с.-г. культурамі была накіравана на выяўленне і вывучэнне. мясц. і замежных сартоў, на ацэнку і ўдасканальванне асобных прыёмаў. У Бел. НДІ земляробства і селекцыі з 1960-х г. вядуцца комплексныя даследаванні па раслінаводстве, распрацоўваюцца тэхналогіі вытворчасці палявых культур і стратэгія інтэнсіўнага раслінаводства ў краіне (М.​А.​Кадыраў, І.​К.​Копцік, Л.В. і В.​П.​Кукраш, А.​І.​Лапо, М.​Дз.​Мухін, І.​Г.​Стралкоў, В.​С.​Шавялуха, М.​П.​Шкель, В.​М.​Шлапуноў, В.​І.​Шэмпель і інш.). У 1960-я г. створаны першыя бел. сарты: азімага жыта Белта (М.​Дз.​Мухін), ячменю Сувенір (М.​Дз.​Мухін, У.​А.​Сямёнаў) і Мінскі (М.​М.​Венядзіктаў), яравой пшаніцы Мінская (М.​Дз.​Мухін). З 1980-х г. вядзецца інтэнсіўны працэс стварэння і раянавання бел. сартоў: азімага жыта Пухаўчанка, Верасень, Ігуменскае, Сяброўка, Спадчына, Калінка, Радзіма, Зуброўка, Ясельда, Завея 2, Зарніца, Талісман; азімай пшаніцы Бярэзіна, Сузор’е, Капылянка, Быліна, Легенда, Шчара, Саната, Завея, Прэм’ера, Спектр, Гармонія, Каравай, Гродзенская 7; азімай трыцікале Дар Беларусі, Міхась, Мара, Ідэя, Модуль, Дубрава, Рунь, Марка, Сокал; яравой пшаніцы Інеса; яравога ячменю Заазерскі 85, Прыма Беларусі, Тутэйшы, Візіт, Верас, Гасцінец, Гонар, Сябар, Вежа, Сталы, Бурштын, Дзівосны, Талер, Атаман, Якуб; яравога аўса Буг, Асілак, Паланэз, Беларускі галазёрны, Стралец, Багач, Вандроўнік, Юбіляр; грэчкі Юбілейная 2, Чарнаплодная, Жалейка, Аніта, Беларуская, Жняярка, Смуглянка, Волма і інш. У ін-це выведзены сарты бабовых культур, якія адаптаваны да мясц. умоў: гароху Агат, Белус, Беларус, Палёт; яравой вікі Наталі; лубіну Данка, Гелена, Міртан, Першацвет, Ашчадны і інш.; распрацаваны безгербіцыдныя і энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі іх вырошчвання. Вядуцца шматпланавыя даследаванні тэхналогій вырошчвання кармавых траў і сіласных культур (канюшыны, рапсу, кукурузы і інш.), ствараюцца і раянуюцца іх сарты.

У БСГА значны ўклад у развіццё раслінаводства зрабілі А.​В.​Ключароў, І.​М.​Піўноўскі і інш. Распрацоўваліся пытанні тэорыі фарміравання высокіх ураджаяў (М.​С.​Савіцкі), перыядычнасці росту с.-г. раслін і яго рэгулявання (В.​С.​Шавялуха); удасканальваліся прыёмы і тэхналогіі вырошчвання палявых культур (В.​І.​Качурка, Ф.​І.​Лешчанка, Э.​М.​Мухаметаў, Л.​Б.​Наймарк, В.​Р.​Стралкоў, А.​А.​Шалюта), прапанаваны нетрадыцыйныя сістэмы вырошчвання грэчкі (М.​Я.​Мікалаеў), бульбы (П.​І.​Панасюга), зернебабовых сумесей (С.​С.​Камасін). Выкананы шэраг даследаванняў па ўдасканальванні прыёмаў вырошчвання палявых культур: ацэнка культур-папярэднікаў, распрацоўка лакальна-стужачнага спосабу ўнясення мінер. угнаенняў і інтэграванай сістэмы аховы пасеваў ва ўмовах радыяцыйнай нагрузкі (П.​К.​Александровіч, А.​М.​Брагін, І.Р. і Р.​Т.​Вільдфлуш, Г.​І.​Гарбылёва, С.​С.​Захараў, А.​А.​Калікінскі, С.​П.​Кукраш, А.​Р.​Цыганоў, П.​М.​Шарснёў і інш.), па селекцыі збожжавых і зернебабовых культур (А.​З.​Латыпаў, Р.​І.​Тарануха), бабовых кармавых траў (В.​З.​Шарапа). Выведзены сарты палявых культур: лубіну Акадэмічны 1, БСГА-382, Пружанскі, Бісер 347 (Р.​І.​Тарануха); фасолі Мотальская белая (П.​М.​Мінюк, В.​Н.​Кавалёў); канюшыны лугавой Мярэя (В.​І.​Бушуева); кукурузы Бема 172 СВ, Бема 210 СВ, Парумбель 212 СВ (В.​А.​Двайнішнікаў).

Па льнаводстве даследаванні вядуцца з 1950-х г. у НДІ земляробства і селекцыі, таксама на Магілёўскай абл. с.-г. доследнай станцыі. Праводзілася селекцыя лёну на ўраджайнасць і якасць валокнаў, на ўстойлівасць да палягання і фузарыёзу і інш. Распрацавана тэхналогія вырошчвання лёну, якая дазваляе атрымліваць 18 ц/га валокнаў і 9 ц/га насення. У 2000 на аснове эксперыментальнай базы «Устье» (Віцебская вобл.) створаны Бел. НДІ лёну, у якім выведзены сарты лёну Блакіт, Форт; распрацавана і рэкамендавана сартавая агратэхніка новых сартоў: Віта, Прамень, Пралеска, Васілёк, Блакіт (І.​А.​Голуб, В.​А.​Кажаноўскі, В.​А.​Пруднікаў, П.​І.​Шыбко).

Па буракаводстве работы вядуцца з 1928 на Ганусаўскай паляводчай доследнай станцыі (доследнай станцыі па цукр. бураках Нац. АН Беларусі). У розныя гады на станцыі распрацоўваліся тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў адпаведна з узроўнем развіцця і попытам вытворчасці. Створаны аднапарасткавыя трыплоідныя гібрыды Белдан, Данібел, Каўбел (Д.​С.​Бычкова, Т.​С.​Макарэвіч, І.​С.​Татур і інш.).

Па бульбаводстве даследаванні пачаты ў 1928 на Цэнтр. бульбяной доследнай станцыі. У 1956 створаны Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства. У 1990 вылучаны асобны БелНДІ бульбаводства. Уклад у селекцыю бульбы Зрабілі П.​І.​Альсмік, А.​Л.​Амбросаў, І.​І.​Бусько, М.​Дз.​Ганчароў, М.​А.​Дарожкін, А.​Я.​Зуйкоў, С.​М.​Купчына, З.​І.​Рамнёва, Л.​А.​Панцюхіна, А.​П.​Пузанкоў, М.​А.​Шыпількевіч і інш. У наш час найб. пашыраны сарты Ласунак, Явар, Аксаміт, Расінка, Скарб, Лазурыт, Выток, Сузор’е, Дэльфін, Альпініст, Архідэя, Ветразь, Здабытак. Комплексныя даследаванні агратэхнікі бульбы пачаты ў 1950-я г. Л.​І.​Гарэлкіным, працягваліся А.​Ф.​Багданоўскім, С.​А.​Банадысевым, І.​І.​Бусько, М.​В.​Кананучанкам, І.​С.​Малашанкам і інш. Пытанні ахоўных мерапрыемстваў вывучалі С.​І.​Бельская, М.​А.​Дарожкін, У.​Р.​Іванюк, Р.​Г.​Казак, Г.​М.​Крамнева, З.​І.​Рамнёва і інш.

У 2000 на базе Бел. НДІ земляробства і селекцыі створаны Нац. цэнтр генетычных рэсурсаў, які вывучае генетычны патэнцыял гаспадарча-карысных раслін з мэтай іх далейшага выкарыстання.

Літ.:

Шлапунов В.Н. Полевое кормопроизводство. Мн., 1985;

Семеноводство полевых культур. Мн., 1994;

Технология производства и качество продовольственного зерна. Мн., 1996;

Кадыров М.А. О земледелии: селекции и рациональном хозяйствовании. Мн., 2001;

Кормовой ячмень: генетика и селекция. Мн., 2003;

Банадысев С.А. Семеноводство картофеля: организация, методы, технологии. Мн., 2003;

Лен Беларуси. Мн., 2003.

Дз.​І.​Мельнічук, М.​М.​Старавойтаў.

т. 18, кн. 2, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)