ВЕ́ЛДЭ (Velde) ван дэ, сям’я нідэрландскіх жывапісцаў 17 ст. Эсаяс (каля 1590—91, Амстэрдам — 18.11.1630). Вучыўся, верагодна, у Д.Вінкбонса. Працаваў у Харлеме (з 1610), Гаазе (з 1618). Пісаў пейзажы, батальныя і жанравыя карціны. У каларыстычных пошуках прыйшоў да танальнага жывапісу, які ўзнаўляе мяккую святлоценявую гульню паветра («Від на Зірыкзе», 1618, «Грамада ў парку», каля 1620, «Пераправа», 1622, «Нападзенне на фургон», 1626, «Дзюнны пейзаж», 1629, і інш.). Вілем Малодшы (хрышчаны 18.12.1633, г. Лейдэн, Нідэрланды — 6.4.1707). Пляменнік Эсаяса. Вучыўся ў свайго бацькі марыніста Вілема Старэйшага і С. дэ Влігера. Працаваў у Амстэрдаме, Лондане. Аўтар парадных па кампазіцыі, гучных па колеры марскіх пейзажаў: «Караблі ў штыль» (1657), «Залп салюта» (1666) і інш. Адрыян (хрышчаны 30.11.1636, Амстэрдам — 21.1.1672). Брат Вілема. Вучыўся ў Харлеме ў Я.Вейнантса. Працаваў у Амстэрдаме. Пісаў партрэты, жанравыя сцэны, рэліг. і алегарычныя кампазіцыі. Праславіўся пейзажамі з выявамі людзей і жывёл («Бераг у Схевенінгене», 1658, «Статак», 1663, «Ферма», 1666, «Паляванне», 1669, «Пейзаж са статкам кароў», 1671, і інш.). У яго творах рэалізм і дэмакратызм вобразаў, празрыстасць і свежасць колеравых спалучэнняў пакрысе саступаюць месца вытанчанай святочнасці і ідылічнасці адлюстравання.
т. 4, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОГ (Gogh) Вінсент Вілем ван
(30.3.1853, Грот-Зюндэрт, каля г. Брэда, Нідэрланды — 29.7.1890),
галандскі жывапісец, адзін з пачынальнікаў постімпрэсіянізму. З 1869 служыў камісіянерам маст. гандл. фірмы ў Гаазе, Бруселі, Лондане, Парыжы; з 1878 — прапаведнікам. Звярнуўшыся да мастацтва, наведваў АМ у Бруселі (1880—81) і Антверпене (1885—86), прыватную студыю ў Парыжы (1886—88); адначасова вывучаў жывапіс імпрэсіянізму і японскую гравюру. Раннія творы, прасякнутыя спагадай да цяжкага жыцця простых людзей Галандыі, напісаны ў змрочнай, стрыманай гаме («Едакі бульбы», «Сялянка», абедзве 1885). Пазней яго палітра стала больш светлай, з’явіўся характэрны для Гога дынамічны мазок. У 1888 Гог пераехаў у Арль, дзе маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыццялюбствам пейзажы. Жывапісная сістэма гэтых твораў пабудавана на спалучэннях яркіх колераў, выразным рытме малюнка і смелых, свабодных рашэннях («Начное кафэ», «Чырвоныя вінаграднікі ў Арлі», «Сланечнікі», «Спальня ван Гога ў Арлі», усе 1888; Аўтапартрэт з люлькай, 1888—89). Творчасць двух апошніх гадоў адметная абвостранай экспрэсіяй каляровых спалучэнняў, рэзкімі зменамі настрою ад змрочнага візіянерства («Дарога з кіпарысамі і зоркамі», 1890) да трапяткога пачуцця прасвятлення і прымірэння («Пейзаж у Аверы пасля дажджу», 1890). Напружаная праца ў апошнія гады жыцця суправаджалася прыступамі хваробы, якая прывяла Гога ў шпіталь для псіхічнахворых, дзе ён скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус. пер. — Письма. Л.; М., 1966.
Літ.:
Перрюшо А. Жизнь Ван Гога: Пер. с фр. М., 1973;
Дмитриева Н.А. В.Ван Гог: Человек и художник. М., 1982;
Стоун И. Жажда жизни: Повесть о В.Ван Гоге: Пер. с англ. М., 1992.
т. 5, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)