МАКРАМЭ́ (араб. тасьма, карункі, махры),

вырабы, створаныя ў тэхніцы вузельчыкавага ручнога пляцення; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для М. выкарыстоўваюць тоўстыя суровыя ніткі, сінт. або шаўковы шнур і інш., іх часам дапаўняюць драўлянымі, керамічнымі пацеркамі, зашчэпкамі, скуранымі і інш. дэкар. дэталямі. Асновай для пляцення могуць служыць драўляныя, метал., пластмасавыя кольцы. Вырабляюць побытавыя і маст. рэчы: сумкі, кулоны, паясы, кашпо, абажуры, пано, абрусы, сурвэткі, кашалькі, футаралы і інш. Як від маст. творчасці М. пашырана з 15 ст. ў Італіі, Паўн. Еўропе, з 18 ст. ў Расіі. На Беларусі тэхнікай М. выраблялі ў 19 ст. карункі ручнікоў, паясы, галаўныя ўборы. Асаблівую папулярнасць М. набыло ў 1970—80-я г. ў творчасці самадзейных майстроў і майстроў ф-к маст. вырабаў.

Літ.:

Соколовская М.М. Макраме Мн., 1983.

Я.​М.​Сахута.

Макрамэ. Кулоны.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЭКВАНДО́, тэквандо, тхэквандо [англ. tack wondo ад кар. таэ (тэ) — літар. — удар нагой + кван — удар рукой + до — шлях], від спарт. барацьбы, адзін з відаў усх. адзінаборстваў. Сутнасць паядынку — адбіць атаку праціўніка пры дапамозе рук і ног; мэта — нанесці саперніку найб. колькасць заліковых удараў. Паядынак адбываецца на пляцоўцы 12 × 12 м, складаецца з 3 раундаў па 3 мін. Спартсмены падзяляюцца на 8 вагавых катэгорый.

Як від адзінаборстваў узнік у Карэі каля 2 тыс. г. назад, як від спорту склаўся ў 1950-х г.: тэрмін «Т.» з’явіўся ў 1955. Сусв. федэрацыя Т. засн. ў 1973, аб’ядноўвае 47 краін (2002). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1973; жанчыны ўдзельнічаюць з 1987. Найб. развіта ў краінах Еўропы, Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыкі.

На Беларусі секцыі Т. з’явіліся ў пач. 1980-х г. Федэрацыя Т. краіны прынята ў еўрап. федэрацыю ў 2000. Нац. зборная каманда Беларусі на XV чэмпіянаце свету (2002, Карэя) заняла 8-е агульнакаманднае месца; мужчынская каманда — бронз. прызёр IX чэмпіянату Еўропы (2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры чэмпіянатаў свету: М.​Жураўская і А.​Чарняўская (2001, 2002); Еўропы: М.​Зыгмантовіч, І.​Рамашкевіч (1994), Ю Сухавіцкая (1998), А.​Макараў, В.​Міхельсон, К.​Шуша (2000) і інш.

т. 15, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КА Рыгор Васілевіч (27.11.1823, в. Пакроўская Цвярской вобл., Расія — 22.4.1864),

расійскі жывапісец. У 1842—47 вучыўся ў А.​Венецыянава. Пісаў пейзажы, жанравыя сцэны, інтэр’еры, партрэты. Творы вызначаюцца сузіральнасцю, наіўным успрыняццем ідэі жыццёвай гармоніі, тонкай узгодненасцю тонаў залаціста-карычневай гамы, замкнёнасцю і статычнасцю кампазіцыі, абагульненасцю трактоўкі форм у спалучэнні з дакладным адлюстраваннем дэталей навакольнага асяроддзя: «Рыбакі. Від на возера Молдзіна», «Від на плаціну ў маёнтку Спаскае», «Адлюстраванне ў люстэрку» (усе 1840-я г.), «Гумно», «Кабінет у Астраўках» (абодва 1844), партрэт Венецыянава і інш.

Літ.:

Григорий Сорока: [Альбом]. М., 1970.

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,

расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙГРА́С,

кармавыя травяністыя расліны сям. метлюжковых. Акультураны 1 від Р. высокі, або французскі (Arrhenatherum elatius), і 2 віды з роду жыціку. Р. пашавы, або англійскі, ці жыцік шматгадовы (Lolium perenne), і Р. шматукосны, або італьянскі, ці жыцік шматкветкавы (Lolium multiflonim). На Беларусі 1 дзікарослы від Р. высокі. Трапляецца на лугах.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—180 см. Сцёблы прамыя, тонкія, гладкія, полыя. Лісце плоскае, вузкалінейнае. Каласкі двух- і шматкветкавыя, суквецце — колас або мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Райграс: 1 — высокі; 2 — пашавы; 3 — шматукосны.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕДЫ́ЧЫЯ (Gleditsia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 12 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Усх. Азіі і трапічнай Афрыцы. У Талышскіх гарах (Усх. Закаўказзе) расце вельмі рэдкі рэліктавы від — гледычыя каспійская (G. caspia). На Беларусі ў паўд. і цэнтр. раёнах у культуры зрэдку трапляецца паўн.-амер. від гледычыя звычайная, або трохкалючкавая (G.triacanthos), інтрадукаваная ў канцы 19 ст.

Лістападныя дрэвы выш. да 28 м, на радзіме — да 45 м, дыям. ствала да 1 м, з ажурнай кронай. Ствол і галінкі ўкрыты доўгімі разгалінаванымі калючкамі. Лісце парнаперыстаскладанае даўж. 15—30 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронкападобных суквеццях. Плады — цёмна-карычневыя струкі; пераважна шматнасенныя. Цвіце ў чэрвені. Доўга жыве (у Высокаўскім парку ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Гледычыя звычайная мае ўзрост больш за 100 гадоў). Размнажаюць насеннем і каранёвымі атожылкамі. Дэкар. і тэхн. расліны, меданосы, маюць каштоўную драўніну.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХО́МЫ ТРАТУА́Р, пасажырскі канвеер,

дапаможны від гар. транспарту для пазавулічнага перамяшчэння пешаходаў. Уяўляе сабой канвеер у выглядзе гібкай стужкі ці пласцін (звёнаў). Прымацоўваецца да цягавага ланцуга, які рухаецца на роліках са скорасцю да 6 м/с (даўж. да 100 м, шыр. стужкі да 2,6 м). Выкарыстоўваецца ў метро, грамадскіх будынках, вакзалах, аэрапортах, магазінах, стадыёнах і інш.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАЗУ́Б (Rutilus frisii),

рыба сям. карпавых падатр. карпападобных. Пашыраны ў бас. Чорнага і Азоўскага мораў, у Каспійскім м. (пераважна паўд. ч.) жыве падвід выразуба — кутум (Rutilus frisii kutum). Паўпрахадны від. На Беларусі трапляўся ў Дняпры і буйных яго прытоках да 1940-х г.

Даўж. цела да 75 см, маса да 8 кг. Будовай цела падобны на плотку, адрозніваецца большымі памерамі, хваставым плаўніком, дробнай луской. Спіна цёмная з зеленаватым адценнем, бакі светла-серабрыстыя, бруха белае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія шараватыя. Пасля нерасту ў рэках вяртаецца ў мора, маляўкі жывуць у рацэ да восені. Моладзь корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, дарослыя — пераважна малюскамі. Прамысл. від.

Выразуб.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́НІКАВАЯ ПА́ЛЬМА, фенікс (Phoenix),

род кветкавых раслін сям. пальмаў. 17 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Афрыкі і Азіі. Растуць па берагах рэк, у аазісах, на балотах, утвараюць мангравыя лясы, напр., Ф.п. мангравая (P. paludosa). Від уласна Ф.п. (P. dactylifera) — стараж. культ. расліна, вядомая з 4-га тыс. да н.э. ў Шумеры, Асірыі, Вавілоне, Егіпце. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.

Від уласна Ф.п. — дрэвападобная двухдомная расліна выш. 15—20 м, дыям. ствала 80 см. Каранёвая сістэма глыбокая. Ствалы ўкрыты рэшткамі лісцевых чаранкоў, на верхавінцы — густая крона перыстага лісця даўж. 4—6 м. Дробныя кветкі сядзячыя, белыя, сабраныя (да 12 тыс. шт.) у мяцёлчатыя суквецці. Плод (фінік) — ягада з цвёрдым семем, мае да 70% цукру, 2,5% алею. З Ф.п. вырабляюць віно, цукар, цыноўкі і інш. З Ф.п. стала магчымым аазіснае земляробства (дае цень інш. культурам). Харч., тэхн., дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Фінікавая пальма канарская.

т. 16, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАТЫ́ПІЯ,

від друкаванай графікі, у якім алейныя фарбы ад рукі наносяцца на ідэальна гладкую паверхню метал. друкарскай формы. Друкаванне робіцца па ўвільготненай паперы, атрыманы адбітак адзін (унікальны). Творам уласцівы прыгожая фактура, багацце колеравых спалучэнняў. Існуе таксама аднаколеравая М., пераважна чорная. Тэхніка М. вядома з 17 ст., пашырана з канца 19 ст.

Да арт. Манатыпія. Р.​Кудрэвіч. Волагда. Сафія. 1960.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)