ГЕРЫ́ЛЬЯ (ісп. guerilla ад guerra вайна),

назва партызанскай вайны ў Іспаніі і краінах Лац. Амерыкі. Найб. вядома ісп. герылья пач. 19 ст. (барацьба нар. мас супраць франц. акупантаў у час рэвалюцыі 1808—14).

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТО́ЛІ,

пасада ў ВКЛ. Вядома з сярэдзіны 15 ст. Намеснік стольніка, дапамагаў яму сервіраваць велікакняжацкі стол. З часам яго функцыі становяцца намінальнымі. З сярэдзіны 17 ст. вядомы павятовыя П.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ СКА́РБЫ.

1) Знойдзены ў Магілёўскай губ. каля 1822. Ухаваны ў канцы 820-х г. Вядома 1300 цэлых і некалькі соцень фрагментавых куфіцкіх дырхемаў дынастый Амеядаў, Ідрысідаў, Абасідаў. Манеты чаканілі манетныя двары Пірэнейскага п-ва, Паўн. Афрыкі, Азіі, Закаўказзя. Рас. АН набыла 250 манет, лёс астатніх невядомы.

2) Знойдзены ў Магілёве ў 1936. Ухаваны ў 1790-я г. У глінянай пасудзіне было 476 залатых манет, з якіх вядома 466 экз. У скарбе манеты 16—18 ст. чаканкі манетных двароў Нідэрландаў, Даніі, Аўстрыі, Чэхіі, Саксоніі, Трансільваніі, Венецыі, Савоі, вольных імперскіх гарадоў і інш. Адзін з найбуйнейшых скарбаў залатых манет на тэр. Беларусі. Зберагаецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЖА́ЛКАВЫЯ (Tremellales),

парадак гетэрабазідыяльных грыбоў. Вядома каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. На Беларусі 10 відаў з родаў дрыжалка, эксідыя, трэмеладон. Сапратрофы. Трапляюцца на ўсёй тэрыторыі на старых пнях, ламаччы.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́Г,

лёгкае збудаванне для захоўвання сена. Невялікая 4- ці 2-схільная рухомая стрэшка на 4 высокіх слупах, накрытая саломай або дранкай; пры патрэбе можа падымацца і апускацца. Здаўна вядома на Беларусі, паўн. Украіне, ПнЗ Расіі.

Абарог.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНА́НА, Інін,

Нінана («уладарка нябёс»),

у шумерскай міфалогіі гал. жаночае бажаство, багіня ўрадлівасці, цялеснага кахання і разладу. Пад імем Нінсіяны шанавалася таксама як астральнае бажаство — «зорка ранішняга ўсходу» (планета Венера). У акадскай міфалогіі вядома як Іштар.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫКІ,

бел. памінальная страва. Пяклі з прэснага мучнога цеста ў форме галушкі (звычайна тры). Кожны, хто прысутнічаў на памінках, адломліваў па кавалачку (адсюль праклён: «Каб па табе гарачыкі напяклі»). Елі з сытою, цёртым макам. Вядома на Усх. Палессі.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАЛІ́НА,

струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d​1—a​1—e​2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.​Бетховен, А.​Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

І.​Дз.​Назіна.

Неапалітанская мандаліна.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАВІ́РУСЫ,

група РНК-змяшчальных вірусаў пазваночных жывёл і чалавека, якія пераносяцца членістаногімі крывасмокамі (кляшчы, камары, маскіты, макрацы). Вядома больш за 300 арбавірусаў, з якіх патагенныя для чалавека каля 80. Выклікаюць арбавірусныя хваробы. На Беларусі вядомы зах. кляшчовы энцэфаліт, ліхаманка Зах. Ніла.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ «СЯЛЯ́НСКАЙ ГАЗЕ́ТЫ»,

орган Вілейскага падпольнага абкома КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выдаваўся ў паўн. раёнах вобласці, куды даставіць «Сялянскую газету» было складана. Вядома 29 нумароў за 6.1 — 28.91943 на рус. мове (асобныя нумары на бел. і рус. мовах).

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)