ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,

від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КАМБІНА́Т БУДМАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1950 на базе цагельнага, кафляна-плітачнага і вапнавага прадпрыемстваў. З 1958 буйное механізаванае прадпрыемства па выпуску будматэрыялаў. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і вонкавая каляровая, арміраваныя панэлі з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону, ячэістыя блокі, вапна будаўнічая, плітка аддзелачная каляровая сілікатабетонная, уцяпляльнік газасілікатны, чарапіца палімерпясчаная. Гасп. сувязі з Літвой і Расіяй.

т. 5, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРААПАРАТУ́РА».

Пачаў сваю дзейнасць ў 1946 з завода прамысл. кааперацыі «Штамп» па выпуску гасп. посуду і электрапрыбораў. З 1956 — з-д металабытавых вырабаў. З 1958 — сучасная назва. Асн. прадукцыя: нізкавольтная апаратура (пускальнікі электрамагнітныя, прылады ахоўнага адключэння, кантактары, цеплавыя рэле) і быт. тэхніка (разеткі, выключальнікі, падаўжальнікі, электрапрасы, электрапліткі; смажыльныя шафы, электраміксеры, электрабігудзі і інш.).

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ ФА́БРЫКА СУВЕНІ́РАЎ.

Створана ў 1952 у г. Брэст як цэх па выкарыстанні адходаў Брэсцкай мэблевай ф-кі. З 1960 ф-ка цацак, з 1965 Брэсцкая фабрыка сувеніраў. У 1993 пабудаваны цэх па выпуску маст. мэблі. Асн. прадукцыя (1995); лялькі-матрошкі, шкатулкі інкруставаныя і размаляваныя, кантэйнеры для хлеба, сальніцы, апрацоўчыя дошкі, шахматы, шашкі, саламяныя латкі, цукерніцы, кошыкі.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),

правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д ГАНДЛЁВАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ.

Засн. ў 1961 для выпуску пасудамыйных машын для прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Гал. вытв. цэхі ўведзены ў дзеянне ў 1963—73. З 1987 Гродзенскае вытворчае аб’яднанне гандл. машынабудавання, з 1.4.1995 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): пасудамыйныя машыны для прадпрыемстваў грамадскага харчавання, быт. і прамысл. электраводанагравальнікі, вырабы мед. і с.-г. тэхнікі, тавары культ.-быт. прызначэння.

т. 5, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Утвораны ў 1965. Да 1968 называўся суперфасфатны завод. У 1970 уведзены магутнасці па выпуску складаназмяшаных мін. угнаенняў; у 1974 — пушчаны цэхі 2-й чаргі з-да (грануляванага амафосу, фосфарнай кіслаты і фторыстых солей); у 1978 — цэх тэхн. сульфатанатрыю; у 1980 — новы цэх сернай кіслаты. У 1986 асвоена азотна-кіслародная ўстаноўка. Выпускае больш за 20 відаў прадукцыі.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1917 на базе кузні для пуцявых майстэрняў Гомельскай дыстанцыі чыгункі. З 1938 эл.-мех. з-д па серыйным выпуску гарнітур для стрэлак эл. цэнтралізацыі. У 1941 эвакуіраваны, у 1944 вернуты ў Гомель. У 1975—84 рэканструяваны. Вырабляе 11 відаў прадукцыі для чыгунак (гарнітуры стрэлачныя, сігнальна-асвятляльныя ліхтары, перамычкі дросельныя і інш.).

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «КІНАДЭТА́ЛЬ».

Засн. ў 1951 у Мінску. Спецыялізаваўся па выпуску фільматары і абсталявання для кінакапіравальных фабрык і кінапракату. Выпускаў фільмастаты для ўвільгатнення фільмакопій, бабіны для кіналент кінастужак*, супрацьпажарныя засланкі, склеечныя прэсы. Выконваў мантаж, наладку, рамонт і тэхн. абслугоўванне кінаабсталявання. У 1995—96 з-д перапрафіляваны, наз. «Светакон». Выпускае асвятляльную і светарэгулявальную апаратуру для тэатральна-канцэртных устаноў і клубаў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1900 у Оршы як слясарныя майстэрні. З 1915 мех. і жалезаліцейныя майстэрні, з 1928 чыгуна- і медналіцейны з-д (выпускаў вентылятары і запчасткі да с.-г. машын). З 1960 спецыялізуецца на выпуску плоскашліфавальных станкоў. Асвоіў вытв-сць высокапрадукцыйных плоскашліфавальных станкоў высокай дакладнасці для хуткага шліфавання і станкоў для эл.-хім. шліфавання. Прадукцыя адзначана залатымі медалямі на міжнар. выстаўках.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)