КАЛАРЫМЕ́ТРЫЯ (ад лац. calor цяпло + ...метрыя),

1) у тэхніцы — сукупнасць метадаў вымярэння цеплавых эфектаў (колькасці цеплаты) розных фіз., хім. і біял. працэсаў. Каларыметрычныя вымярэнні праводзяцца з дапамогай каларыметраў і выкарыстоўваюцца ў цеплатэхніцы, металургіі, хім. тэхналогіі і інш.

К. ўключае вымярэнні цеплаёмістасці цел, цеплаты фазавых пераходаў (плаўленне, кіпенне і інш.), цеплавых эфектаў намагнічвання, электрызацыі, растварэння, сорбцыі, хім. рэакцый, рэакцый абмену рэчываў у жывых арганізмах і інш. Вымярэнні пры т-рах, большых за 400 °C, наз. высокатэмпературнай К., у вобласці т-р, меншых за 77 К, — нізкатэмпературнай К. (выкарыстоўваецца пры вывучэнні магн. і эл. эфектаў у цвёрдых целах і вадкасцях, а таксама для разліку тэрмадынамічных функцый рэчываў).

У біялогіі — вымярэнне колькасці цеплыні, якая выдзяляецца жывым арганізмам за пэўны час. Прамая К. — цеплаабмен і цеплаўтварэнне — даследуюцца пры знаходжанні арганізма ў спец. камеры (каларыметры). Непрамая К. грунтуецца на падліку колькасці спажытага кіслароду і выдзялення вуглякіслага газу і вады. Выкарыстоўваецца для вывучэння цеплавых эфектаў абмену рэчываў, вызначэння агульнага ўзроўню энергет. затрат арганізма, для дыягностыкі ў медыцыне.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДУКІАМЕ́ТРЫЯ (ад англ. conductivity электраправоднасць + ...метрыя),

сукупнасць электрахім. метадаў колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні электраправоднасці раствораў электралітаў.

К. ўключае кантактныя і бескантактныя метады. Кантактныя метады — прамыя, ускосныя і кандуктаметрычнае цітраванне, заснаванае на змяненні электраправоднасці раствору пры хім. рэакцыях, праводзяць пры непасрэдным кантакце даследуемага раствору з электродамі. Бескантактныя метады дазваляюць праводзіць вымярэнні пры высокіх і нізкіх т-рах, у агрэсіўным асяроддзі і замкнёных аб’ёмах. Выкарыстоўваюць у хім. кінетыцы для вызначэння канстантаў дысацыяцыі электралітаў, асноўнасці кіслот, растваральнасці асадкаў і інш., пры кантролі рэгенерацыі іанітаў, ачысткі вады, якасці він, сокаў, для аналізу хім. рэактываў.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

адзін з двух асн. відаў скульптуры, які ў адрозненне ад рэльефу мае 3 вымярэнні, што дае магчымасць аглядаць яе з усіх бакоў. Як правіла, існуе ў выглядзе скульпт. групы, статуі, бюста.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬТ-АМПЕ́Р,

адзінка поўнай магутнасці эл. ланцуга пераменнага току пры вымярэнні эфектыўных значэнняў сілы току ў амперах і напружання ў вольтах. Абазначаецца ВА. Адзінка рэактыўнай магутнасці — вар (вольт-ампер рэактыўны; гл. таксама Ват).

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),

геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУУММЕ́ТРЫЯ,

сукупнасць метадаў вымярэння ціску разрэджаных газаў. Вымярэнні грунтуюцца на фіз. заканамернасцях, абумоўленых залежнасцю пэўнай фіз. велічыні (напр., цеплаправоднасці) ад ціску або шчыльнасці газаў. Поўны ціск газаў вымяраюць вакуумметрамі, парцыяльны ціск кампанентаў газавых сумесяў — мас-спектрометрамі.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕ́С,

груз, падвешаны на ніці; найпрасцейшае прыстасаванне для вызначэння вертыкалі. Пад дзеяннем сілы цяжару грузу нітка прымае верт. напрамак, адпаведны дадзенаму пункту зямной паверхні. Выкарыстоўваецца ў буд-ве, пры ўстаноўцы вымяральных прылад, вымярэнні глыбіняў і інш.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў хім. колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні аб’ёмаў раствораў, газаў, асадкаў для вызначэння колькасці (канцэнтрацыі) пэўнага рэчыва. Уключае метады тытрыметрычнага аналізу, газавага аналізу, ультрахімічнага аналізу, а таксама асаджэнне. Раней да аб’ёмнага аналізу адносілі толькі тытрыметрыю.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. qualis які, якой якасці + ...метрыя),

галіна эканам. навукі, якая вывучае метады колькаснай ацэнкі, што выкарыстоўваюцца пры вымярэнні якасці прадукцыі і пры стандартызацыі. Распрацоўвае метады комплексных і інтэгральных паказчыкаў якасці, адзінай колькаснай ацэнкі асобных уласцівасцей прадукцыі і інш.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІМЕ́ТР ВАДЗЯНО́ГА СЛУПА́,

устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа вады вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм вадз. сл. 1 мм вадз. сл. = 9,80665 Па = 7,3556 10​−2 мм рт. сл. Выкарыстоўвалася пры вымярэнні ціску вадзянымі манометрамі.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)